28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі каштуе лякарня для набліжаных Лукашэнкі пад Ждановічамі

26
Колькі каштуе лякарня для набліжаных Лукашэнкі пад Ждановічамі
ФОТА: TUT.BY

Міністэрства аховы здароўя шукае грошы на лякарню ў Гомелі, а чыноўнікі атрымаюць шыкоўную клініку пад Менскам.

Паведамленне аб накіраванні дадатковых сродкаў у будоўлю з'явілася на сайце БелТА. Прычым паведамлялася гэта як бы між іншым. У ліку аб'ектаў аховы здароўя, якія атрымаюць дадатковае фінансаванне, сціпла значыўся «медыцынскі клінічны цэнтр у Ждановічах», піша «Салiдарнасць».

Але ўсе зразумелі і без лішніх слоў. Таму што вельмі ўжо дорага абыходзіцца нам гэты цуд.

Інфармацыя пра тое, што для чыноўнікаў вышэйшага рангу з'явіцца новая лякарня, была апублікаваная яшчэ ў верасні 2013 года. Арыенціровачны кошт аб'екта называўся блізу 100 мільёнаў еўраў.

Аляксандр Лукашэнка тады супакойваў грамадзян, якія яшчэ не паспелі ачуняць ад будаўніцтва Палаца незалежнасці: маўляў, няма чаго турбавацца, мы сабе пабудуем нешта сціплае, а народу аддамо сваю лекарскую камісію (лякарня, якая знаходзілася ў падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі).

- Гэта было б нашмат танней для краіны: мы аддаём Ладуцьку (тагачасны «мэр» Менска - аўт.) гэтую лякарню, а замест яе, каб горад не выдаткоўваў там 500 млн даляраў на будаўніцтва новай лякарні, маглі б у пяць разоў танней пабудаваць невялікі, кампактны цэнтр.

Зрэшты, наколькі гэта выйшла танней, судзіце самі. У лістападзе 2014 года ўжо паведамлялася, што будаўнікоў клінікі на Менскім моры дадаткова прастымулююць. Як вынікае з указу, у 2014 годзе работы будуць фінансавацца за кошт сродкаў бюджэту Менска; у 2015-2017 гадах штогод сумай: 25% - са сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў рамках дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы; 75% - са сродкаў бюджэту сталіцы. Быў таксама прадугледжаны шэраг ільгот у частцы выплаты падаткаў і збораў.

Але так ужо бывае са «сціплымі» лякарнямі ды іншымі «эканомнымі» будоўлямі, што грошы на іх неўзабаве заканчваюцца. А найлепшага спосабу фінансавання сваіх аб'ектаў, акрамя як з кішэняў беларусаў, улады не прыдумалі.

А ў гэты час на сайце Міністэрства аховы здароўя вісіць паведамленне пра «зборы сродкаў для дзіцячай лякарні» ў Гомелі. Пастанова аб будаўніцтве новага комплексу лякарні была прынятая шмат гадоў таму, толькі вось грошай на яе ўсё не знаходзілася.

Лукашэнка нават заклікаў насельніцтва скінуцца.

- Я гатовы свой заробак аддаваць. Трэба збіраць патроху, каб гэта была агульнанародная будоўля, а не спадзявацца толькі на рэспубліканскі бюджэт, - заявіў Лукашэнка ў чэрвені 2016 года.

Але, мяркуючы з усяго, ні заробку Лукашэнкі, ні рэспубліканскага бюджэту на лякарню ў Гомелі не выстарчыла. А вось на cваю клініку грошы ёсць. І можна не сумнявацца, што гэта будзе ультрасучасная ўстанова з найноўшым абсталяваннем, дзе нашы клапатлівыя чыноўнікі змогуць паправіць сваё здароўе.

Здавалася б, за столькі гадоў беларусаў складана здзівіць цынічным стаўленнем да іх улады, але раз за разам ёй зноў гэта ўдаецца.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках