19 красавiка 2024, Пятніца, 18:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Партыя БНФ: Афіцыйны Менск патурае авантурам Масквы

1
Партыя БНФ: Афіцыйны Менск патурае авантурам Масквы

Вучэнні «Захад-2017» - адпрацоўка новых захопніцкіх аперацый Крамля з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі.

У суботу, 16 верасня, сойм Партыі Беларускі Народны Фронт прыняў адмысловую заяву аб расейска-беларускіх вайсковых вучэннях «Захад-2017», якія праходзяць на тэрыторыі Беларусі, паведамляе narodny.org.

Нягледзячы на афіцыйна абвешчаны «антытэрарыстычны» і «абарончы характар» вучэнняў, «рэальны сцэнар і беспрэцэдэнтны маштаб перасоўвання ў Беларусь расейскіх войскаў і тэхнікі сведчаць аб іх неадпаведнасці нацыянальным інтарэсам Беларусі і мэтам захавання бяспекі ў нашым рэгіёне Еўропы», гаворыцца ў заяве.

У дакуменце падкрэсліваецца, што «правядзенне вучэнняў ў варунках агрэсіі Расеі супраць суседніх дзяржаў, анэксіі Крыма, падтрымкі сэпаратысцкіх утварэнняў на ўсходзе Украіны, асобных тэрыторыях Грузіі і Малдовы надае Беларусі статус дзяржавы - хаўруніка агрэсіўных памкненняў Крамля ў парушэнні прынцыпу непарушнасці меж у Еўропе. Такім чынам, афіцыйны Менск не толькі патурае небяспечным авантурам Масквы, але і ставіць пад пагрозу незалежнасць уласна беларускай дзяржавы».

Партыя БНФ мяркуе, што вайсковыя вучэнні «Захад-2017» «спараджаюць насцярожанасць з боку суседніх дзяржаў, выклікаюць напружанасць у рэгіёне, прычыняюць шкоду навакольнаму асяроддзю Беларусі і не спрыяюць маральна-патрыятычнаму выхаванню беларускіх вайскоўцаў як надзейных абаронцаў Айчыны».

«Абвешчаны сцэнар вучэнняў і яго рэалізацыя на практыцы сведчаць, што праз гэтыя вучэнні адбываецца адпрацоўка не абарончых стратэгій, а новых захопніцкіх аперацый Крамля, у тым ліку супраць Беларусі і з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі як плацдарма для ўварвання ў суседнія краіны» - уважаюць у арганізацыі .

Партыя БНФ «цвёрда асуджае» вучэнні «Захад-2017» як «выяўленне ўцягвання беларускага войска ў небяспечную падрыхтоўку расейскіх рэваншыстаў, накіраваную на тэрытарыяльныя захопы і на аднаўленне імперыі гвалтоўным шляхам». Партыя патрабуе ад урада Беларусі апублікавання «поўнай і дакладнай інфармацыі аб тэрмінах вываду з Беларусі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі», а таксама аб выдаткаваных на правядзенне вучэнняў сродкаў.

Партыя заяўляе, што «пабудова незалежнай, па-еўрапейску заможнай і стабільнай Беларусі магчымая толькі пры ўмове выхаду дзяржавы з усіх нераўнапраўных інтэграцыйных звязаў з імперскай Расеяй, у тым ліку з так званай «саюзнай дзяржавы» і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы».

Партыя мяркуе, што «незалежная і самастойнае развіццё суверэннай беларускай дзяржавы магчыма толькі ў сям'і раўнапраўных еўрапейскіх нацый, бяспека якой гарантаваная механізмамі Паўночнаатлантычнага партнёрства і новай архітэктурай еўрапейскай бяспекі, якая ствараецца краінамі Еўрапейскага звязу».

Партыя БНФ адзначае недапушчальнасць размяшчэння ў Беларусі расейскіх вайсковых баз і неабходнасць вываду з яе тэрыторыі ўсіх вайсковых аб'ектаў РФ, у тым ліку 43-га вузла сувязі ВМФ Расеі «Вілейка» (радыёстанцыя «Антэй») і радыёлакацыйнай станцыі "Волга", якія размешчаныя ў Беларусі на падставе беларуска-расейскіх пагадненняў 1995 года. Тэрмін іх дзеяння, падкрэсліваюць у арганізацыі, заканчваецца ў 2020 годзе і не павінен быць падоўжаны.

Нагадаем, 14 верасня афіцыйна пачаліся расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі. Для перакідання расейскага кантынгенту задзейнічаная рэкордная колькасць чыгуначных вагонаў - больш за 4 тысячы. Шмат якія палітыкі і вайсковыя экспэрты мяркуюць, што расейскія войскі пасля вучэнняў застануцца ў Беларусі.

У вучэннях задзейнічана шэсць вайсковых палігонаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама дзялянкі мясцовасці Глыбокае і Дрэтунь у Віцебскай вобласці.

8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску прайшла Акцыя папярэджання з патрабаваннем скасавання вучэнняў «Захад-2017».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках