29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Герасім з Драздоў і «эканоміка-муму»

4
Герасім з Драздоў і «эканоміка-муму»

Пазыкі Лукашэнкі - галоўная перашкода ў развіцці краіны.

Цяперашняе так званае «аднаўленне» беларускай эканомікі абумоўленае збольшага вонкавымі чыннікамі. Далейшы рост немагчымы без структурных рэформаў, якіх так баіцца ўлада.

«Можна адзначыць тры асноўныя чыннікі, дзякуючы якім у беларускай эканоміцы назіраецца «рост». Гэта павелічэнне даходаў Беларусі ад продажу калійных угнаенняў, нарошчванне экспарту ў Расею ў выніку аднаўлення расейскай эканомікі пасля крызісу, а таксама аднаўленне паставак расейскай нафты пасля развязання чарговага двухстаронняга энэргетычнага канфлікту», - сказала ў інтэрв'ю Thinktanks.by экспэртка Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Пры гэтым яна адзначыла, што пакуль няма падстаў казаць пра сапраўдны эканамічны рост - на гэты момант гаворка ідзе толькі аб частковым аднаўленні эканомікі пасля працяглага спаду: «сёлета не будзе кампенсаванае падзенне УБП за 2016 год, не кажучы ўжо пра падзенне 2015 года» .

Трывожным фактам з'яўляецца тое, што ўсе чыннікі цяперашняга «павелічэння» УБП абумоўленыя збольшага вонкавымі прычынамі. «Усе тры чыннікі моцна залежаць ад таго, што адбываецца за межамі краіны. Беларусь не можа ўздзейнічаць ні на сусветны кошт калійных угнаенняў, ні на аднаўленне расейскай эканомікі, і толькі часткова ўплывае на перамовы аб умовах паставак расейскай нафты. Усе гэтыя чыннікі знаходзяцца па-за зонай уплыву ўрада, а гэта значыць, што рызыкі досыць высокія», - мяркуе экспэртка.

Нягледзячы на станоўчы ўплыў на эканоміку росту ўнутранага попыту, вельмі небяспечна зноў вярнуцца да яго стымулявання. Адной з найважнейшых умоў працягу эканамічнага росту з'яўляецца зніжэнне інфляцыі і як вынік - змяншэнне ставак крэдытаў.

Эканамістка прагназуе, што найбліжэйшым часам можна спадзявацца толькі на рост унутраных інвестыцый, а залучэнне фінансавання з-за мяжы па-ранейшаму выглядае праблематычным. Асноўнай перашкодай для прыходу замежных інвестыцый застаецца дрэнны інвестыцыйны вобраз краіны, звязаны, сярод іншага, з недасканалай абаронай правоў інвестараў. «Беларусь змагла размясціць свае аблігацыі на сусветных рынках пад высокую таксу: прыбытковасць пяцігадовай раты была ўстаноўленая на ўзроўні 7,125% гадавых, 10-гадовага - на ўзроўні 7,625% гадавых. Прыкладна пад такі ж адсотак разлічвае размясціць свае пазыкі Украіна, дзе ўжо некалькі гадоў ідзе вайна», - сказала экспэртка.

Сур'ёзную пагрозу для перспектыў эканомікі Беларусі нясе працяг росту замежных і ўнутраных пазыковых абавязанняў. Для таго, каб разлічвацца са старымі пазыкамі, ураду даводзіцца браць новыя.

«Абладзіць сітуацыю з пазыкамі дапамог бы прыток замежных інвестыцый. Калі яго не будзе, дзяржава будзе вымушаная адбіраць грошы з унутранага рынку, каб выплаціць пазыку - як замежную, так і ўнутраную. І гэта будзе негатыўна адбівацца на перспектывах росту. Наўрад Беларусь здалее пачаць зніжэнне запазычанасці сёлета або налета» - уважае Кацярына Барнукова.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках