18 красавiка 2024, Чацвер, 14:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нашую гарэлку і піва расейскія жаўнеры размятаюць імкліва»

82
«Нашую гарэлку і піва расейскія жаўнеры размятаюць імкліва»

Як паводзяць сябе ў нашай краіне «няпрошаныя госці» на вучэннях «Захад-2017».

Калі расейскія танкісты напраўду пакінуць Беларусь? З якімі абмежаваннямі падчас вучэнняў сутыкаюцца жыхары дамоў ля Барысаўскага палігона? Як афіцэры бавяць вольны час і чаму на здымачную групу дзяржаўнага тэлеканала выклікалі контрвыведку? Адказы на пытанні — у спецыяльным рэпартажы «Белсату».

17 верасня стартаваў другі этап беларуска-расейскіх стратэгічных манеўраў «Захад-2017». На палігоне «Барысаўскі» пачалася актыўная фаза вучэнняў. Паводле зводак Мінабароны, тут беларускія вайскоўцы сумесна з расейскімі з 1-й танкавай арміі адпрацавалі вядзенне артылерыйскай выведкі, адбіццё ўдараў праціўніка з паветра, а таксама правялі агульныя мерапрыемствы па захаванні баяздольнасці.

Расейскія жаўнеры – без апазнавальных знакаў

Як сведчаць мясцовыя, выгрузка тэхнікі з рампы на чыгуначнай станцыі пачалася яшчэ ў жніўні. Цяпер жа на вуліцах Барысава часцяком бачаць то вайсковую аўтаінспекцыю з Маскоўскай вобласці, то машыны патрулю, то расейскіх жаўнераў паасобку.

«Ходзяць па горадзе яны чамусьці з залепленымі шаўронамі, без адмысловых апазнавальных знакаў, таму часам не ведаеш – расеец пайшоў ці наш», – распавядае касірка ў краме ля вакзалу.

Тут жа сустракаем двух жаўнераў тэрміновай службы. Хлопцы служаць у частцы ў Пячах і ў вучэннях удзелу не бяруць.

«Расейцы жывуць проста на палігоне, у намётах. Мы іх, шчыра кажучы, не бачылі. Яны там сабе, а мы сабе, – распавядае хлопец, – Але ведаю, што па горадзе ездзяць патрулі расейскай вайсковай паліцыі. Нам казалі, што яны могуць у нас ваенныя білеты правяраць. Вучэнні будуць доўжыцца да 25 верасня, а потым тры дні на зборы і 28-га яны вяртаюцца дадому», – кажа жаўнер.

Іншую інфармацыю мы атрымалі ад кіроўцы таксі, які ледзь не штодня падвозіць расейцаў з цэнтру горада да палігону.

«Адзін з іх сказаў, нібыта на 25-е і 26-е прыйдуцца найбольш актыўныя дзеянні вучэнняў, а пакуль ідзе «прыстрэлка», – дзеліцца кіроўца, – А яшчэ афіцэры кажуць, што быццам бы да нас сюды Пуцін прыедзе…

Нагадаем, «Захад-2017» афіцыйна мусіць скончыцца 20 верасня і прадстаўнікі Мінабароны Беларусі неаднаразова падкрэслівалі: расейскія падраздзяленні цалкам пакінуць тэрыторыю краіны да 30 верасня. Што тычацца візіту Уладзіміра Пуціна, то Масква заяўляе, што ён будзе інспектаваць вучэнні толькі ў Ленінградскай вобласці.

«Прыехала контрвыведка са зброяй…»

Пакуль што жыхары дамоў праз дарогу ад палігона, сцвярджаюць: за дзень яны рэдка бачаць самалёты, а вось стрэлы чуваць добра ў любой кропцы гораду, у некаторых кватэрах ажно вокны дрыжаць. Нават падлеткі на пляцоўцы ля пад’езду абмяркоўваць, «як моцна стралялі».

Барысаўскі палігон шчыльна прымыкае да горада: з аднаго боку шашы стаяць шматпавярховікі, з супрацьлеглага – таблічкі «Стой, страляюць». Там жа знаходзіцца цэнтральны КПП. Ахова на гэтым КПП змешаная – разам з прадстаўнікамі беларускай камендатуры нясуць варту супрацоўнікі расейскай вайсковай аўтаінспекцыі ў зялёных камізэльках з адпаведнымі нашыўкамі.

Калі мы падыходзім бліжэй, яны ўпарта тлумачаць жанчыне сталага веку, якая з сяброўкай вырашыла прагуляцца па лесе, што шпацыр забаронены. Найбольш мясцовыя жыхары скардзяцца на тое, што ў лесе ля палігону ім цяпер забараняюць збіраць грыбы. Праўда, многіх забарона не спыняе.

«Мы рэгулярна грыбнікоў ловім, затрымліваем, – распавядае нам прадстаўнік камендатуры, – Бывае, прыходзяць наўпрост на КПП, а мы па паўгадзіны тлумачым людзям. Ну нельга туды хадзіць! Там жа расцяжкі, там страляюць – куды вы лезеце, бл…?.. Тут наогул нідзе нельга хадзіць, нідзе нельга здымаць. Нават з супрацьлеглага боку. Нядаўна прыязджала «ВоенТВ» (тэлеканал Мінабароны РБ), з таго боку дарогі здымалі – і тое, за імі прыехала нашая контрвыведка са зброяй і затрымала.

Пра далейшы лёс здымачнай групы «ВоенТВ» даведацца не паспяваем. Супрацоўнік камендатуры паводзіць сябе з намі даволі адкрыта, без падазрэнняў, але, калі падыходзіць ягоны напарнік з расейскай вайсковай паліцыі, то адразу закрываецца – больш ніякіх адказаў на пытанні, усё сурова. Карэспандэнтку просяць паказаць тэлефон на выпадак дыктафоннага запісу размовы. «Дзяўчына зараз пройдзе роўненька ў машыну міліцыі», – кажа афіцэр. На шчасце, ніякага запісу мы не вялі, таму спакойна пакідаем КПП.

«Мы столькі выпілі і не атруціліся!»

Акрамя КПП з боку Барысава ёсць яшчэ і КПП на ўездзе ў горад, па менскім напрамку. А побач з ім – невялічкая сцежка, праз якую ў самаволку ходзяць расейскія вайскоўцы. Сцежку нам паказвае таксіст – ён неаднойчы забіраў адтуль такія кампаніі.

«Афіцэры пад вечар часцяком пераадзяваюцца ў цывільнае ды едуць у стары горад у рэстарацыі або клубы. Ну і проста за гарэлкай ездзяць рэгулярна, – распавядае кіроўца таксоўкі, – Кажуць, ім нават прыйшлося ўзмацняць кантынгент вайсковай паліцыі, бо расейскія афіцэры адразу па саўнах пайшлі, лавілі іх потым».

Як распавядаюць нам у крамах ля палігону, пасля прыезду расейскіх вайскоўцаў продажы гарэлкі і піва выраслі проста неверагодна.

«Гарэлку, піва, тушонку – размятаюць са свістам! – кажа адзін з супрацоўнікаў крамы, – Пад канец працоўнага дня ў нас паліцы з алкаголем пустыя стаяць. А на заўтра расейцы зноў прыходзяць і ўсё здзіўляюцца: маўляў, мы столькі выпілі і не атруціліся! Як гэта ў вас такая танная і такая якасная гарэлка?.. Ну вядома: у Расеі за такія грошы хіба толькі настойку глогу купіш!»

Мясцовыя жыхары з расейцамі стараюцца без патрэбы не размаўляць: баяцца, што калі пачнуць задаваць шмат пытанняў іх «пацягнуць у КДБ». Але звычайна пытанняў у іх і няма: барысаўцы нічога супраць расейскіх вайскоўцаў не маюць і да вучэнняў ставяцца з разуменнем.

«Ну гэта ж трэба рабіць, гэта ж, як кажуць, нашыя браты», – гаворыць адзін з нашых суразмоўцаў у Барысаве. А потым з усмешкай дадае: «Праўда, Лукашэнка кажа, што і кітайцы нам браты, і індусы, і сірыйцы… Ды хто яго ведае!»

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках