25 красавiка 2024, Чацвер, 19:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскія актывісты бароняць у ААН права на мірны пратэст

Гомельскія актывісты бароняць у ААН права на мірны пратэст

Прафзвяз РЭП дамагаецца магчымасці праводзіць вулічныя акцыі ў рэгіёне.

Як распавёў "Гомельскай Вясне" прадстаўнік незалежнага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у Гомельскім рэгіёне Віктар Казлоў, ён разам з іншымі актывістамі прафзвязу, абараняючы сваё права на выказванне думкі з выкарыстаннем мірнага сходу, падалі калектыўную скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН.

Масавае мерапрыемства Казлоў і ягоныя калегі мелі намер правесці з мэтай выказвання прафзвязнага пратэсту супраць працоўных кантрактаў у Сусветны дзень дзеянняў за годную працу - 7 кастрычніка 2016 года, але Гомельскі гарвыканкам забараніў пікетаванне нават на афіцыйна дазволеным для сходаў месцы. Суд першай інстанцыі, а следам за ім і вышэйшыя суды, уключаючы Вярхоўны суд і Генеральную пракуратуру сталі на бок чыноўнікаў.

Віктар Казлоў мяркуе, што дзяржава ў асобе Гомельскага гарвыканкама, парушае сваёй пастановай права аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў фундаментальныя правы грамадзян - на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў, прадугледжаныя артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Ён таксама паказвае, што ў 500-тысячным Гомелі ўлады вызначылі толькі два месцы для правядзення пікетаў і мітынгаў, а за правядзенне мірных сходаў грамадзяне, згодна з пастановай гарвыканкама, павінны яшчэ і заплаціць - хуткай дапамозе і камунальным службам.

"Беларусь не выконвае свае міжнародныя абавязанні, бо нацыянальны закон "Аб масавых мерапрыемствах" змяшчае двухсэнсоўныя і расплывістыя нормы, якія могуць трактавацца і тлумачацца па-рознаму. Таму ў скарзе ў КПЧ ААН мы просім не толькі ўстанавіць факт парушэння нашых правоў, але і рэкамендаваць беларускаму ўраду прывесці нацыянальны закон "Аб масавых мерапрыемствах" і практыку яго выкарыстання ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязаннямі краіны", - пракаментаваў сітуацыю прававы інспектар прафзвязу Леанід Судаленка.

Паводле ягоныя слоў, Камітэт правоў чалавека ААН раней неаднаразова крытыкаваў не толькі беларускі закон аб масавых мерапрыемствах і практыку яго выкарыстання, але і мясцовую пастанову чыноўнікаў аб парадку правядзення сходаў у Гомелі, аднак сітуацыя далей застаецца ранейшай.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках