20 красавiка 2024, Субота, 15:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Захад-2017» запомніцца небывалымі продажамі гарэлкі каля расейскіх лагераў

20
«Захад-2017» запомніцца небывалымі продажамі гарэлкі каля расейскіх лагераў

Будзь гэта вайна сапраўднай, перамогу Вяйшнорыі забяспечылі б самагоншчыкі-дыверсанты.

«Саюзная дзяржава» Расеі і Беларусі паспяхова адбівае вераломную агрэсію Вяйшнорыі, якую падтрымліваюць Весбарыя і Лубэн. Так праходзіць другі этап вучэнняў «Захад-2017» у заходняй Беларусі і Балтыйскім рэгіёне Расеі, паведамляе «Белсат».

Прадстаўнікі двух міністэрстваў абароны дакладваюць аб паспяховым узаемадзеянні саюзных войскаў. А жыхары беларускіх гарадоў, напрыклад, Барысава, кажуць аб небывалых продажах алкаголю ў крамах ля расейскіх паходных лагераў.

Калі распавядаць не на вайсковай канцыляршчыне, задача вучэнняў «Захад-2017» - падагнаць войскі Беларусі яшчэ бліжэй да войскаў Расеі, апрабаваць новыя дакументы статутаў і праверыць новую баявую тэхніку і мадэрнізаваную старую. І, вядома, запалохаць. Учора пачаўся другі этап гэтых маштабных вучэнняў, паводле легенды - антытэрарыстычных.

«Падчас другога этапу будуць адпрацаваныя пытанні кіравання войскамі і сіламі пры вядзенні ваенных дзеянняў для адбіцця агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы», - заявіў прэс-сакратар Мінабароны Беларусі Уладзімір Макараў.

Паводле легенды манеўраў, у Беларусь і Калінінградскую вобласць праніклі незаконныя ўзброеныя фармаванні, ці то партызаны, ці то тэрарысты. Але расейская авіяцыя чамусьці бамбуе на беларускіх палігонах не толькі калоны аўтамабіляў, але і масты, радары і аэрадромы. Вельмі ўжо моцныя банды напалі з Вяйшнорыі. Дарэчы, апранутыя вяйшнорцы ў камуфляж «Мульцікі», які выкарыстоўваецца брытанцамі, ЗША і ўкраінскімі добраахвотнікамі.

«У канцы самалёт СУ-24МР Расейскай Федэрацыі зробіць фотаздымку вынікаў удараў авіяцыі», - распавядае намеснік камандуючага ВПС і СПА Беларусі Андрэй Гурцэвіч.

У Балтыйскім моры расейскі флот таксама супрацьстаіць рэгулярнаму флоту, абстрэльваючы - паводле легенды - буйныя баявыя караблі.

«Далёкасць стральбы была 110 км, мэты групавыя ў складзе трох фрэгатаў умоўнага праціўніка», - кажа старпам камандзіра карабля, ВМІ Расеі Уладзімір Паўлі.

Са спецыяльных пляцовак за паказальнымі выступленнямі беларускіх і расейскіх вайскоўцаў здалёку сочаць назіральнікі і прэса. Як «Белсат» даведаўся з неафіцыйных крыніц, Мінабароны Беларусі паставіла замежных журналістаў у значна больш нязручныя ўмовы, чым расейцаў і беларусаў. Назіральнікі асцярожныя ў каментарах.

«Тут 14 назіральнікаў з 7 краін АБСЕ, у тым ліку з краін NATO. Нас прынялі добра», - канстатуе вайсковы назіральнік ад Швэцыі Томас Мелер.

Гэта толькі малая частка вучэнняў. Афіцыйна ў вучэннях «Захад-2017» бяруць удзел да 12 700 вайскоўцаў з Беларусі і Расеі. Аднак у міністэрствах абароны краін NATO кажуць аб непразрыстасці манеўраў і ста тысячах іх расейскіх удзельнікаў. Сёння прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ праінфармавала пра пагрозу «Захаду-2017» непасрэдна Генеральнага сакратара ААН.

«Пра агрэсіўны і наступальны характар вучэнняў «Захад» сведчаць мадэляванне рэальнага канфлікту з краінамі - чальцамі NATO, утойванне звестак пра маштабы і сцэнары вучэнняў, дыслакацыю вайскоўцаў і тактычнага ўзбраення, неканвенцыянальныя дзеянні. Сканцэнтраваныя ў Калінінградскай вобласці ядзерную зброю, артылерыя і ракеты здольныя дасягнуць нават Лісабона», - сказала Даля Грыбаўскайтэ.

У актыўнай фазе вучэнняў заўтра возьме ўдзел і Лукашэнка. Ён жа запрасіў на беларускую частку манеўраў Уладзіміра Пуціна. Аднак прэзідэнт Расеі застаўся дома, і назіраў толькі за вучэннямі ў Ленінградскай вобласці.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках