19 красавiка 2024, Пятніца, 1:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра «ілжэпалкоўнка» міліцыі, якая зарабіла $ 360 000

21
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра «ілжэпалкоўнка» міліцыі, якая зарабіла $ 360 000

«Пераадзетая палкоўніца» карысталася выключным даверам у чыноўнікаў і простых грамадзян.

Следчай управай УСК Магілёўскай вобласці скончанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 43-гадовай жыхаркі Магілёва, якая абвінавачваецца ў шэрагу злачынстваў, піша сайт 6tv.by.

Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца УСК Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, пацярпелым жанчына прадстаўлялася кіраўніцай аднаго з органа ўнутраных спраў, прызначала сустрэчы каля адміністрацыйных будынкаў РАУС і органаў мытні. Туды яна прыходзіла ў форменным абмундзіраванні супрацоўніцы міліцыі са знакамі адрознення і з адмысловым званнем «палкоўнік міліцыі». З чэрвеня 2014 года да красавіка 2017 гг абвінавачаная падманным шляхам пераконвала грамадзян, што мае доступ да розных канфіскаваных кватэр, аўтамабіляў, бытавой тэхнікі і іншай маёмасці, якія мае права прадаць адпаведна са сваімі паўнамоцтвамі. Кошт маёмасці наўмысна прыніжалі ў дзясяткі разоў.

- Напрыклад, толькі ад аднаго пацярпелага абвінавачаная атрымала блізу 200 тысяч даляраў ЗША на набыццё канфіскаваных кватэр у Магілёве і ў Менску, аўтамабіляў элітных марак і іншай маёмасці, - распавяла Аксана Салянюк. - 5 000 даляраў ЗША яна атрымала ад іншага пацярпелага - нібыта для аплаты лячэння агнястрэльнага ранення, атрыманага ёю пры затрыманні ўзброеных злачынцаў.

За незаконныя ўгоды абвінавачаная атрымлівала грошы ў далярах ЗША і ў беларускіх рублях і абяцала, што найбліжэйшым часам людзі атрымаюць жаданую маёмасць, а перададзеныя ёй грашовыя сродкі яна занясе ў даход дзяржавы. Усяго за час сваёй злачыннай дзейнасці яна «зарабіла» звыш 720 000 рублёў.

- Акрамя таго, абвінавачаная брала грошы нібыта для арганізацыі пахавання блізкіх сваякоў высокапастаўленых чыноўнікаў. Не аднаразова схіляла пацярпелых да дачы хабараў службовым асобам УДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама за спрыяльнае развязанне пытання аб выдачы пасведчання кіроўцы, працаўладкавання на работу ва ўправу Дзяржаўтаінспекцыі. Пры гэтым яна ўводзіла ў зман хабарадавальнікаў аб сваіх магчымасцях паўплываць на прыняцце спрыяльнай пастановы і загадзя не мела намер выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы, - адзначыла Аксана Салянюк.

Абвінавачваную затрымалі ў красавіку 2017 года супрацоўнікі УУС аблвыканкама ў момант атрымання блізу 10 000 даляраў ЗША, прызначаных нібыта суддзі за спрыяльнае развязанне пытання аб набыцці канфіскаванай маёмасці. Яе дзеянні следствам кваліфікаваныя як махлярства, учыненае ў асабліва значнай суме, падбухторванне да дачы хабару і самавольнае прысваенне звання службовай асобы. Раней жанчына была неаднаразова судзімая за аналагічныя злачынствы.

Як удакладнілі ў УСК, абвінавачаная хадзіла па горадзе ў форменным абмундзіраванні супрацоўніцы АУС з адмысловым званнем «палкоўнік міліцыі». У ім наведвала розныя ўстановы, у тым ліку і забаўляльныя ўстановы.

Абвінавачаная знаходзіцца пад вартай. Крымінальная справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках