25 красавiка 2024, Чацвер, 10:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхарка Гародні загінула на курорце ў Турцыі

13
Жыхарка Гародні загінула на курорце ў Турцыі

У апошні дзень лета стала вядома пра трагедыю, якая адбылася на турэцкім курорце Сідэ.

Загінула 23-гадовая гарадзенка, а ейная сяброўка можа апынуцца за кратамі. Дарэчы, цяпер і зусім няма ніякай інфармацыі пра месцазнаходжанне 26-гадовай жыхаркі Гародні. Ключавы сведка, турак, пасля выпіскі з лякарні ўцёк, піша Блог Гародні.

Паводле словаў маладога чалавека загінулай Кацярыны, яна з сяброўкай упершыню паехала на мора: «Хвалявання не было, я чакаў, калі скончыцца гэтая дзесяцідзённая паездка. Каця павінна была прыляцець 31 жніўня ў Львоў, а потым праз Берасце прыехаць у Гародню. Але ўчора прыйшла жудасная навіна – яна загінула, а сяброўка, якую забрала мясцовая паліцыя, – прапала».

Як стала вядома, у ноч з 30 на 31 жніўня ў Сідэ адбылося ДТЗ. Вядома, што ў пабітай машыне знаходзіліся дзве гарадзенкі і два грамадзяніны Турцыі. Пры гэтым 26-гадовая дзяўчына знаходзілася за рулём.

Мясцовыя СМІ пра гэтае здарэнне захоўваюць маўчанне. Паводле словаў Вольгі, сяброўкі загінулай, яна з сябрамі «перакапала» ўвесь Інтэрнэт у пошуках хоць бы згадкі пра аварыю, але нічога не знайшлі: «Мы нават знайшлі знаёмых у Турцыі, якія таксама не змаглі нічога раскапаць. Там у Сідэ калі і гавораць пра здарэнне, то толькі пра перакулены аўтобус з расейскімі турыстамі».

– Учора я размаўляла з консулам. Вельмі супярэчлівая інфармацыя. Ёсць інфармацыя, што было ДТЗ. У лякарні паведамілі, што загінулая дзяўчына сядзела ззаду, але консул нам паведаміў, што яна была на пярэднім сядзенні. У лякарні паведамілі, што другі турак знаходзіцца ў коме, а консул кажа, што ён загінуў. Як я разумею, у любым выпадку моцна пацярпеў правы бок аўтамабіля, бо Каця і другі турак абышліся толькі невялікімі драпінамі і ўдарамі. Пазней я даведалася, што консулу пра грамадзянку Беларусі паведамілі рана ранкам, ён перадаў даручэнне Гарадзенскаму РАУС знайсці сваякоў пацярпелых і паведаміць ім пра гэта, але з міліцыі бацькам так ніхто і не патэлефанаваў. Ужо ўвечары сам консул выйшаў на іх праз турфірму.

– Беларускі консул у курсе сітуацыі, паводле ягоных словаў, ён сочыць за сітуацыяй, ідзе следства. Наколькі мне вядома, калі турак загіне, то Каця можа адбываць пакаранне ў турэцкай турме, дадому яе не вернуць, – кажа Віталь, малады чалавек загінулай дзяўчыны.

Да гэтага часу невядома, што адбылося на самай справе. Консул знаходзіцца ў Анкары за 1000 кіламетраў ад месца здарэння і спрабуе развязваць пытанне праз тэлефоне.

– Вядома, што другі турак адразу пасля выпіскі з лякарні ўцёк, яго не могуць знайсці, каб апытаць. У той самы час Кацю з лякарні забрала паліцыя. У гатэлі яна з'явілася ў суправаджэнні паліцыянтаў, адкуль забрала свае рэчы. З гэтага моманту інфармацыі пра яе месцазнаходжанне няма. Консул прадаўжае шукаць яе праз тэлефон, спасылаючыся на тое, што цяпер у Турцыі рэлігійнае свята і да панядзелка ўсё роўна нічога не будзе вядома. У любым выпадку ёсць парушэнне міжнародных нормаў права, бо турэцкая паліцыя павінна была паведаміць консульству пра затрыманне беларускі. Самае страшнае, што нібыта ў пятніцу ўжо адбылося нейкае закрытае судовае паседжанне, дзе пра Кацю вынеслі нейкую пастанову, – кажа Вольга.

Паводле папярэдняй інфармацыі, алкаголю ў крыві гарадзенак не выяўлена. Застаецца невядомым, як яны апынуліся ў гэтай машыне, каму яна належала і чаму ўцёк турак.

– 1 верасня дзяўчаты павінны былі вярнуцца ў Гародню, цяпер бацькі ў сераду чакаюць цынкавую труну з целам Каці, а другая – увогуле не зразумела, калі вернецца ў Беларусь, – кажа Вольга. – Сяброўкі набывалі тур у кампаніі з вуліцы Падольнай. Наколькі я ведаю, яны з'яўляюцца рэсэлерамі, бо сама турфірма размяшчаецца ў Берасці. Адтуль у іх быў трансфер у Львоў, а потым на самалёце ў Аланію і ў гатэль.

– Паводзіны консула таксама трохі дзіўныя. Спачатку ён прапанаваў бацькам загінулай ляцець на апазнанне, а потым, калі справа дайшла да выбару даты і рэйса, раптам пачаў адгаворваць іх, маўляў, гэта страшнае відовішча, забераце сваю дачку ўжо ў Менску, але на сваёй машыне. Хоць паводле беларускага заканадаўства дзяржава бярэ на сябе выдаткі на вяртанне цела дадому.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках