19 красавiка 2024, Пятніца, 5:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як чыноўнікі забараняюць канцэрты ў Беларусі

22
Як чыноўнікі забараняюць канцэрты ў Беларусі
Алесь Денисов

Сталі вядомыя прозвішчы людзей, якія ўваходзяць у мастацкі савет пры Мінгарвыканкаме.

Чыноўнікі забаранілі выступ гродзенскага музыкі Алеся Дзянісава, які планаваў прэзентаваць у Мінску свой сольны праект на вершы паэта Алеся Чобата. Усяго ў групу цэнзараў уваходзіць сем чалавек: кіраўнік шоу-балета “Феерыя”, кіраўнікі дзяржаўнай установы “Мінскканцэрт”, “Тэатра эстрады” і “Моладзевага тэатра” ды тры чыноўнікі Мінгарвыканкама, паведамляе euroradio.fm.

“Рэкамендаваць Галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама адмовіць у выдачы пасведчання на арганізацыю канцэртна-відовішчнага мерапрыемства — канцэрта Алеся Дзянісава у сувязі з нізкім мастацкім узроўнем выканання выканаўцы”, — напісана ў рашэнні мастацкага савета па выніках вывучэння творчасці лідара Dzieciuki.

Гэты дакумент публікуе Сяргей Будкін, які аспрэчваў рашэнне “сакрэтнага савета” праз суд.

Дык што ж так не спадабалася экспертам у песнях альбома “Кароткая гісторыя Беларусі”, які і збіраўся прэзентаваць лідар “Дзецюкоў”?

Намесніца кіраўніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая за пяціхвілінную размову так і не ўзгадала, хто такі Алесь Дзянісаў і ці слухала яна яго песні.

“Матэрыялы паступаюць, набіраецца пэўная колькасць, і нам паведамляюць, што трэба склікаць мастацкі савет, — прыадкрывае працэсуальную таямніцу пасяджэнняў Надзея Вялікая. — І вось тады мы збіраемся, вывучаем матэрыялы па кожным, і вырашаем. Але ж я не магу ўсіх памятаць. Вы ведаеце, колькі людзей праходзіць. Што, я толькі пра Алеся вашага думаць мушу? Паразмаўляйце са старшынёй мастацкага савета ці яго намеснікам, калі яны мне скажуць, то я дастану матэрыялы і пракаментую. У мяне, як і ў вас, ёсць кіраўніцтва. Калі яны скажуць пракаментаваць, я пракаментую”.

- Пры чым тут кіраўніцтва, нам цікавае ваша меркаванне. Але гледзячы па ўсім, калі кіраўніцтва скажа вам, што гэты музыка нізкага мастацкага ўзроўню, вы з гэтым пагодзіцеся…

- Не! І мяне ў горадзе, напэўна, ведаюць праз тое, што я на ўсё маю ўласнае меркаванне. У мяне за плячыма тэатральная ВНУ. Таму я ведаю, пра што я кажу і ў рэжысуры, і ў майстэрстве, і ў вакале. Тым больш, што ў мяне да гэтага ёсць яшчэ і музычная адукацыя.

Няўжо сапраўды так шмат выканаўцаў праходзіць праз мастацкі савет, што немагчыма ўзгадаць ні іх імёны, ні тое, што не спадабалася ў песнях? Можа, справа ў тым, што песень Алеся Дзянісава спадарыня Надзея Вялікая проста не слухала? У пратаколе пасяджэння савета напісана, што на разгляд былі вынесеныя “рэпертуар і тэксты песень”.

Сяргей Будкін раней паведамляў, што на запыт Мінгарвыканкама ён заносіў ідэолагам выключна тэксты. Але ніякіх аўдыёзапісаў у яго не прасілі, ды і ў пратаколе яны не фігуруюць. А адпаведна, сваё рашэнне мастацкі савет выносіў выключна на падставе рэпертуару (пералік песень, якія плануецца выканаць на канцэрце), ды тэкстаў.

Згодна з пратаколам пасяджэння, сакратар мастацкага савета, а ў вольны час намеснік кіраўніка ўпраўлення ідэалогіі Мінгарвыканкама, Аляксандр Шастакоў, выступіў перад калегамі з дакладам пра творчасць Алеся Дзянісава. Але на пытанне пра тое, як праходзіць само пасяджэнне і праслухоўванне аўдыёзапісаў, чыноўнік адказваць адмовіўся.

- Я некампетэнтны ў гэтых пытаннях, можаце звяртацца ў наша галоўнае ўпраўленне па ідэалогіі.

- Калі вы былі ў камісіі, то вы можаце сказаць, як гэта адбываецца. Напрыклад, вы сядаеце ў кола і слухаеце выканаўцу…

- Паводле маіх службовых абавязкаў, я некампетэнтны даваць каментарыі.

- Добра, ці слухалі вы альбом выканаўцы, ці рашэнне прымалі выключна па тэкстах?

- Натуральна, што слухалі! Крытэрыі ж ёсць. Усё гэта ў кодэксе прапісана. Таму усё слухаецца.

Ну, сакратар мастацкага савета, рыхтуючы прамову пра якасць выканання, мог і сапраўды пашукаць у інтэрнэце альбом “Кароткая гісторыя Беларусі” ды паслухаць яго. А што адкажуць сябры савета, якія не працуюць у Мінгарвыканкаме?

“Пішыце на гэты конт пісьмовы зварот у Мінгарвыканкам”, — пачуўшы тэму размовы, адказвае кіраўнік шоу-балета “Феерыя” Аляксей Кісялёў.

- Але прычым тут Мінгарвыканкам, нас жа ваша меркаванне цікавіць!

- Я цяпер па праграме пытанні вырашаю і не буду вось гэта вось высвятляць. Таму пішыце ў Мінгарвыканкам усё, што вас цікавіць, яны вам усё адкажуць.

- Адкажыце хаця б, ці слухалі вы альбом выканаўцы, ці рашэнне прымалі выключна па тэкстах?

- Па тэкстах!

Але тэксты да песень альбома “Кароткая гісторыя Беларусі” Алеся Дзянісава напісаныя сябрам “Саюза беларускіх пісьменнікаў” і Міжнароднага ПЭН-клуба Алесем Чобатам. То бок балетмайстар, некалькі чыноўнікаў і галоўныя менеджары двух тэатраў палічылі творчасць прызнанага паэта “нізкім мастацкім ўзроўнем”. Што праўда, сам Алесь Чобат на гэты конт не пераймаецца і ўспрымае ўсю сітуацыю з гумарам.

“Ведаеце, гэта як у Маякоўскага “мелкая философия на глубоких местах”, — кажа паэт. — Вось уявіце сабе, як кажуць, мінскую наменклатуру. У іх існуе нейкі свой парадак. Той таго не любіць, той іншага не любіць. І тут раптам увальваецца нейкі Дзянісаў з Гродна з нейкім Чобатам, якіх ніхто ведаць не ведае, і аргументуюць тым, што яны па нейкім інтэрнэце набылі нейкі рэйтынг. І ламаюць усе нашы планы. Ну, якая можа быць рэакцыя? Адмовіць! А што там напісаць… ідэйны змест, не тое выкананне, не той тэмбр голасу ці інструмент не той сістэмы — розніцы няма. У чыноўніка такая работа — забараняць, калі ён не будзе забараняць, то што ж ён за чыноўнік!? Яго ж проста выпруць са службы!”

Старшыня мастацкага савета, кіраўнік ідэалагічнага аддзела Павал Скалабан, якому Еўрарадыё рэгулярна і безвынікова тэлефануе, нечакана зняў мабільны. Але, пачуўшы прывітальныя словы ад Еўрарадыё, хуценька паклаў трубку. Усе астатнія спробы дазваніцца да Паўла Вітальевіча поспеху не прынеслі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках