24 красавiка 2024, Серада, 5:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Людзі абурыліся - і ўлады адступілі»

7
«Людзі абурыліся - і ўлады адступілі»

Уладальнікі аграсядзібаў атрымалі сваю першую перамогу.

Учора Лукашэнка вымушаны быў падтрымаць наданне суб'ектам аграэкатурызму права ажыццяўляць дадатковыя паслугі, у тым ліку праводзіць вяселлі, банкеты, юбілеі.

Пра гэта ён заявіў 19 верасня, прымаючы з дакладам міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага ў пытаннях удасканалення аграэкатурызму.

Аб магчымай забароне на правядзенне вяселляў і іншых урачыстасцяў у аграсядзібах загаварылі ў кастрычніку 2016 года. Для надання такіх паслуг уладальнікам сядзіб хацелі прапанаваць афармляць ІП, што, на думку многіх з іх, магло загубіць індустрыю.

- Гэта вельмі важная пастанова для аграсядзібаў. Так ужо склалася, што ў асноўным на гэтым яны і зарабляюць. Як высветлілася, зарабіць на этнатурызме, фальклоры, на агратурызме ў класічным выглядзе, як ён і задумваўся, у Беларусі надта цяжка, - кажа галоўная рэдактарка парталу «Турызм і адпачынак» Лілія Кобзік.

ЛІЛІЯ КОБЗІК

Паводле яе слоў, у перспектыве такія паслугі, магчыма, і будуць акупляцца, але «цяпер чакаць ніхто не хоча». Карпаратыўныя мерапрыемствы прыносяць хуткі і большы даход, чым абслугоўванне двух-трох чалавек, якім трэба прыгатаваць стравы нацыянальнай кухні і забаўляльную праграму.

Акрамя таго, кажа экспэрт, многія ўладальнікі сядзіб прыехалі ў вёску рабіць бізнэс з горада, маючы дастаткова павярхоўныя веды аб сельскім побыце і культуры.

Суразмоўніца «Завтра твоей страны» тлумачыць папулярнасць аграсядзібаў як бізнэсу лаяльным стаўленнем уладаў да гэтай сферы.

- Так склалася, што ў Беларусі гэты бізнэс мае не гістарычную або культурную аснову, а хутчэй эканамічную. Людзі хочуць проста зарабляць. А ў нас бізнэс - то здушаць, то нешта дадуць. А вось да аграсядзібаў ва ўладаў лаяльнае стаўленне, - адзначае Лілія Кобзік. - І тая пастанова аб забароне правядзення вяселляў больш падобная на спантанны наезд. Відаць, хацелі ўвесці усё гэта ў нейкае рэчышча, але не атрымалася. Людзі забілі трывогу, сталі папракаць улады ў тым, што яны паабяцала асаблівыя ўмовы і не выканалі абяцанае. І ўлады адступілі.

За важны момант экспэрт уважае тое, што ўладам агратурызм падабаецца сам па сабе. Гэтую сімпатыю можна параўнаць са стаўленнем да ІТ-сферы, якая таксама атрымала ад урада беспрэцэдэнтныя для Беларусі ўмовы і льготы.

Пры гэтым Лілія Кобзік падкрэслівае, што многія ўладальнікі сядзіб хацелі б займацца не толькі вяселлямі.

- Я ведаю шмат такіх людзей: адказных, адукаваных. Яны хочуць прадаваць і іншы прадукт, але зарабляць ўсё адно трэба. Вось яны і зарабляюць на вяселлях, паралельна распрацоўваючы праграмы, экскурсіі, - кажа экспэрт.

Кіраўніца Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова таксама мяркуе, што правядзенне масавых урачыстасцяў з'яўляецца для ўладальнікаў аграсядзібаў ключавой крыніцай даходаў.

- Гэта не проста важная пастанова. Гэта пытанне жыцця ці смерці для гэтага бізнэсу. Бо дзякуючы правядзенню ўрачыстасцяў яны і зарабляюць асноўныя грошы. Трэба ўлічваць, дзе размешчаныя сядзібы: у глыбінцы, у вёсцы, дзе няма ніякай плыні турыстаў. І калі людзей пазбавіць гэтага дадатковага даходу, то бізнэс закрыецца адразу, - упэўненая суразмоўца. - Вы бачылі калі-небудзь сеткавы гатэль ці вялікую рэстарацыю ў вёсцы? Не, бо гэта немагчыма.

ВАЛЕРЫЯ КЛІЦУНОВА

Са слоў Валерыі Кліцуновай, гэтай пастановы людзі чакалі даўно, перажываючы за ўкладзеныя грошы.

- Калі паглядзець, то дынаміка росту колькасці сядзіб праз гэтыя незразумелыя ініцыятывы ў заканадаўстве прыпынілася. І цяпер, калі ўсё складзецца, як было агучана, гэта будзе добрым крокам для развіцця вёскі, - рэзюмуе суразмоўца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках