20 красавiка 2024, Субота, 2:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаго варты Чыж?

16
Чаго варты Чыж?

Складваецца ўражанне, за гэтыя гады з Чыжом здарылася незваротная трансфармацыя.

З'яўленне Юрыя Чыжа на прыёме з нагоды 20-годдзя хакейнай каманды Лукашэнкі асабліва сімптаматычнае, піша gazetaby.com.

Уладальнік «Трайпла» доўгі час уваходзіў у блізкае кола беларускага дыктатара. Але вясной 2016 гады Чыж апынуўся за кратамі паводле абвінавачання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. На волю ён выйшаў праз паўгода, заплаціўшы выкуп.

Здавалася б, на стасунках паміж Лукашэнкам і Чыжом пастаўлены крыж. Бо беларускі дыктатар асабіста назваў суму шкоды ў гэтай крымінальнай справе - 11-12 мільёнаў даляраў - і дадаў: «Ён падазраваны. Калі б ён не пабег у свой час і яго не лавілі б на хуткасці 200 км/г, напэўна, ён быў бы пад падпіскай аб нявыездзе або пад хатнім арыштам і хадзіў бы да следчых на допыт. Але ён сам захацеў гэтай долі...»

Аднак, апальны алігарх спрабуе вярнуцца ў каманду дыктатара. Прыём у Палацы Незалежнасці - гэта ўжо трэці выпадак, калі Лукашэнка і Чыж траплялі ў адну кампанію, сцвярджае крыніца партала. Таксама ён раіць звярнуць увагу на тое, што з нядаўніх часоў сетка «Прастора» (уваходзіць у групу «Трайпл») з'яўляецца адным з фундатараў хакейнага «Дынама».

Цікава тут наступнае. Чыж даўно стварыў сабе рэпутацыю паспяховага прадпрымальніка, які зрабіў сябе сам. Яшчэ ў 2003-м ён распавядаў «Прессболу», як пачаў бізнэс: «зарэгістраваў гандлёвай фірму «Трайпл». Арандаваў пакойчык у раёне кінатэатра «Мір». Прызначыў сябе дырэктарам, бухгалтара ўзяў. Першы досвед быў паспяховым - зарабіў паўтары тысячы даляраў на перапродажы машыны гарэлкі. Стартавы капітал здабыў, затым пачалі берасцейскія дываны прадаваць у Расею. І так пайшло-паехала...»

Увогуле, капітал Чыж здабыў яшчэ да лёсавызначальнай ва ўсіх сэнсах сустрэчы з Лукашэнкам. А потым ужо пачаў выкарыстоўваць становішча прыдворнага бізнэсоўца.

Але, складваецца ўражанне, за гэтыя гады з Чыжом здарылася незваротная трансфармацыя. Навошта пасля ўсяго таго, што здарылася яму ізноў рвацца ў каманду Лукашэнкі? Некалі таленавіты камерсант ужо не можа (ці не жадае) зарабляць грошы сам, як рабіў гэта на пачатку сваёй прадпрымальніцкай кар'еры?

Калі гэта так, то фінал Чыжа выглядае сумным незалежна ад таго, прыгрэе яго Лукашэнка зноў або адштурхне - у кожным выпадку, відавочна, што чалавек, які ў 1992 годзе сыходзіў з дзяржпрадпрыемства ў бізнэс дзеля свабоды і самастойнасці, апісаў поўнае кола і цяпер вяртаецца ў поўную залежнасць, сам рвецца ў «залатую клетку». Ці ён ўсё ж па-ранейшаму чагосьці варты і без падачак зверху?

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках