19 красавiка 2024, Пятніца, 13:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грыбнік з Ліды пратрымаўся чатыры дні ў балоце

10
Грыбнік з Ліды пратрымаўся чатыры дні ў балоце

Пенсіянер збіраў грыбы ў лесе каля вёскі Старая Вергань Лідскага раёна.

З пачатку верасня колькасць заблукалых у лясах людзей расце як грыбы, па якія яны ідуць, піша kp.by.

Напярэдадні выходных ратавальнікі шукалі няўдачлівых грыбнікоў 13 разоў. А за мінулыя суботу і нядзелю - 17 разоў. Найбольш выклікаў паступае з Віцебскай і Магілёўскай абласцей.

Ратавальнікаў чуе, а выйсці не можа

- З пачатку гэтага года ў лес на пошукі людзей мы выязджалі 46 разоў, - паведамляюць у Віцебскай абласной управе МНС. - Часцей за ўсё знікаюць пенсіянеры, але часам і моладзь.

Працу выратавальнікам істотна палягчае наяўнасць тэлефонаў. Многія самастойна паведамляюць у МНС, што заблукалі, а затым падтрымліваюць з імі сувязь. Так было 14 верасня з пажылой жыхаркай Бялыніцкага раёна. Яна адправілася ў лес, а ўвечары патэлефанавала родным і паведаміла, што не можа знайсці дарогу. Пошукава-выратавальныя атрады прачасалі лесапаласу. Да поўначы жанчына заставалася на сувязі і казала, што чуе ратавальнікаў, але выйсці не можа праз стому. Яе знайшлі толькі 15 верасня зранку без прытомнасці, але жывую.

Дзякуючы мабільным тэлефонам змаглі падтрымліваць сувязь з выратавальнікамі кампаніі маладых жыхароў Віцебска, якія заблукалі ў лесе каля в. Казлова Гарадоцкага раёна. Але некаторыя паходы па грыбы сканчаюцца сумна.

- 14 верасня ў Кобрынскі РАУС патэлефанавала жанчына і паведаміла аб знікненні свайго пажылога бацькі - той з'ехаў у лес па грыбы на ўласным трактары, - распавядае прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка. - Трактар знайшлі на наступны дзень, а самога дзядулю толькі праз два дні. Выпадковы грыбнік знайшоў яго амаль без прытомнасці, вывеў на дарогу і паведаміў у міліцыю. Цяпер мужчына ў лякарні.

На чацвёрты дзень пенсіянера знайшлі ў балоце. Жывым

Дагэтуль ідуць пошукі некалькіх грыбнікоў. 11 верасня ў Кобрынскі РАУС жанчына паведаміла аб знікненні свёкра. Міліцыі ўдалося знайсці толькі ровар у раёне балота. Са слоў Сяргея Дучэнкі, тэрыторыю прачэсвалі з квадракоптэрам, але вынікаў гэта не прынесла. Дагэтуль не знойдзены і пенсіянер, які прапаў 14 верасня ў лесе Магілёўскага раёна. Раней паход у лес скончыўся трагічна для яшчэ аднаго састарэлага чалавека з Магілёўскай вобласці - ён памёр ад спынення сэрца. Зрэшты, некаторых атрымоўваецца выратаваць нават праз некалькі дзён. 14 верасня паспяхова скончыліся чатырохдзённыя пошукі пенсіянера, які прапаў у лесе каля в. Старая Вергань Лідскага раёна. Яго знайшлі ў чароце ў балоце. У той жа дзень у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці знік яшчэ адзін пажылы мужчына. Яго, моцна саслабелага, знайшлі праз дзень і даставілі ў лякарню.

Самае страшнае - калі ў лесе губляюцца дзеці.

- 16 верасня а 20.00 у Свіслацкім раёне ў лес пайшоў хлопчык 10 гадоў, - паведаміў супрацоўнік аддзялення інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю УУС Гарадзенскага аблвыканкама Максім Базыленка. - Яны з мамай шпацыравалі каля лесу, ён адышоў сабраць грыбыі знік. Цяпер дзіця шукаюць больш за 500 чалавек, сярод якіх супрацоўнікі МНС, міліцыі, кінолагі з сабакамі, валанцёры, проста неабыякавыя грамадзяне. Тэрыторыю лесу праглядаюць зверху квадракоптэрамі, працуе верталёт.

Што трэба памятаць, каб не заблукаць у лесе

1. Не хадзіце ў лес у пахмурнае надвор'е.

2. Адзенне для лесу павінна быць шчыльным і яркім - так будзе лягчэй знайсці чалавека з верталёта або квадракоптэра.

3. Перад паходам у грыбы вывучыце мапу мясцовасці, зарадзіце мабільны тэлефон. Вазьміце з сабой запалкі, ваду, нож і лекі. Лепш за ўсё адпраўляцца ў лес кампаніяй.

4. Калі вы заблукалі ў лесе, зарыентуецца на мясцовасці, дзе можна схавацца ад дажджу і ветру, а таксама арганізаваць начлег.

5. Ноч лепш перачакаць у лесе. Яма ад апалага дрэва падыдзе для начлегу, з галінак можна зрабіць сховішча. Каб было цяплей, можна напхаць пад вопратку лістоту або газету. Пакіньце побач з начлегам кепку або хустку, каб вас можна было знайсці.

Перад паходам у лес ратавальнікі рэкамендуюць загрузіць на тэлефон дадатак «МНС Беларусі. Дапамога побач». Тут можна знайсці рэкамендацыі аб тым, што рабіць, калі вы заблукалі ў лесе. Дадатак працуе без інтэрнэту.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках