19 красавiка 2024, Пятніца, 23:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: Чаму беларусы ўцякаюць у сталіцу

25
«Нямецкая хваля»: Чаму беларусы ўцякаюць у сталіцу

Жыхары нашай краіны думаюць, што Менск усё ж «гумовы».

Узровень урбанізацыі ў Беларусі адзін з самых высокіх у Еўропе. Паводле звестак Белстату, блізу 78 адсоткаў жыхароў краіны пражываюць у гарадах, а кожны пяты беларус жыве ў сталіцы - Менску. Карэспандэнт DW пабываў у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці і пацікавіўся ў мясцовых жыхароў, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца і чаму імкнуцца ў сталіцу з самага паспяховага раёна вобласці.

Падманлівы дабрабыт беларускай правінцыі

Магілёвец Дзмітрый Антончык чатыры гады таму карэнным чынам змяніў сваё жыццё. З 380-тысячнага роднага горада ён наважыў пераехаць у правінцыйны Шклоў за 25 кіламетраў ад абласнога цэнтра. "Рэч у тым, - тлумачыць Зміцер, - што ў мяне з'явілася сям'я, а для пяці чалавек - мяне, жонкі і траіх дзяцей, жыллёвых варункаў не ставала". Шклоў прыцягваў тым, што коштам магілёўскай «аднапакаёўкі» там можна было купіць добрую трохпакаёвую кватэру. Рамонт Дзмітрый рабіў сам, уклаўшы ў яго ўвесь ашчадак падчас працы ў Расеі, і першы год быў вельмі задаволены.

Аднак рэаліі жыцця ў райцэнтры неўзабаве далі пра сябе ведаць. У такіх мястэчках няма цеплацэнтраляў, іх абслугоўваюць кацельні, таму ў шматпавярховых дамах гарачая вада падаецца толькі раніцай і ўвечары.

Таксама не ўсе шматкватэрныя дамы падлучаныя да цэнтральнай каналізацыі, а на вуліцах няма дрэнажнай-ліўневай сістэмы і ў дождж іх залівае. Бедным выглядае і асартымент тавараў у крамах, кажа Зміцер. Напрыклад, каб цалкам сабраць дзіця ў школу давялося ехаць у Магілёў - мясцовы гандаль не змог задаволіць патрабаванні адукацыйнай установы.

Адсутнасць працы ў глыбінцы

Але самая галоўная праблема - гэта адсутнасць працы. У Шклове вельмі добры заробак 300-400 беларускіх рублёў (у пераліку 131-175 еўраў). І такія вакансіі перадаюцца тут у даслоўным сэнсе ў спадчыну або знаёмым і сваякам. Дзмітрыю Антончыку, як чужынцу, такога месца не знайшлося. Давялося працаўладкавацца ў Магілёве і кожны дзень ездзіць туды на працу, што ў прынцыпе, кажа Зміцер, для Шклова ўжо стала нормай.

Сёння Дзмітрый Антончык ужо не хоча жыць у Шклове. Вярнуцца ў абласны цэнтр ён не можа, бо там не засталося жылля, а эканамічная сітуацыя ў рэгіёне такая, што нават і там добры заробак не знайсці. За апошні месяц ён, кваліфікаваны электрык, зарабіў толькі 250 беларускіх рублёў. Можна зарабіць і ўдвая больш, кажа Зміцер, але гэта будзе такі рэжым працы, за які ў суседніх краінах плацяць да 1 000 еўраў. Мужчына ўжо знайшоў сабе працоўнае месца за межамі Беларусі і марыць забраць туды сям'ю.

На што могуць разлічваць вясковыя жыхары

Сітуацыя ў вёсцы выглядае яшчэ горш, кажа жыхар аграгарадка Дабрэйка Шклоўскага раёна, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі. У мінулыя выходныя ў Дабрэйцы прайшло раённае свята ўраджаю "Дажынкі", на якое навуковец запрасіў карэспандэнта DW.

"Дажынкі" - гэта максімум, на што можа разлічваць сельскі жыхар, распавядае Мігурскі. Да свята ў аграгарадку паклалі новы асфальт, пафарбавалі фасады дамоў, выставілі блізу сотні гандлёвых павільёнаў і кампазіцый з гародніны, і вядома, традыцыйныя святочныя пачастункі.

Але іх бедны асартымент і дарагоўля - першае, што кінулася ў вочы. Традыцыйныя шашлыкі, піражкі і стравы грамадскага харчавання хоць і нязначна, але каштавалі даражэй, чым у горадзе. Пры гэтым, адзначае Мігурскі, заробкі ў вёсцы на 20-30 адсоткаў ніжэйшыя, чым у Шклове і стартуюць ад 170 рублёў. "Мясцовыя жыхары эканомяць на ежы і нават бяруць прадукты харчавання ў пазыку", - кажа Пётр Мігурскі.

Райспажыўкаператыў не вытрымае канкурэнцыі

З савецкіх часоў, тлумачыць эканаміст, вёску абслугоўваюць раённыя спажывецкія таварыствы, якія ўваходзяць у "Белкаапсаюз". Гэтая арганізацыя возіць у сельскія крамы гарадскі тавар, але з коштам, павялічаным на кошт дастаўкі. Як прыклад можна падаць сітуацыю з цукрам, кошт якога рэгулюецца дзяржавай. У крамах вялікіх гарадоў кілаграм каштуе 1,69 рубля, а ў Дабрэйцы на цэнніку ўжо 1,81 руб. І так на ўсе прадукты.

Змяніць становішча закліканая праведзеная тыдзень таму сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з адным з набліжаных бізнэсоўцаў, уладальнікам сеткі супермаркетаў "Карона" Паўлам Тапузідзісам.

У Шклоўскім раёне праводзяць экспэрымент: у райцэнтры ўжо будуецца супермаркет, а ў аграгарадках раёна павінны з'явіцца крамы гэтай сеткі. Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што замена белкаапсаюзаўскага гандлю не патрэбная, а патрэбна канкурэнцыя.

Але менавіта канкурэнцыя і знішчыць "Белкаапсаюз", упэўнены Пётр Мігурскі. Сістэма райпо, кажа ён, працуе паводле заяўнага прынцыпу. Гэта значыць, прадаўцу можна даць заяўку на тавар і яго прывязуць, таму будаваць другі магазін у Дабрэйцы не трэба. Праблема ў стратнасці старой савецкай сістэмы, якая выконвае яшчэ і сацыяльную функцыю: ёй належыць блізу 10 тысяч сельскіх крамаў, дзе працуе да 100 тысяч чалавек. Раней дзяржава кампенсавала страты, тлумачыць Мігурскі, а цяпер гэтую праблему пастанавілі перакласці на плечы прыватніка.

Дэградацыя беларускай вёскі

Пенсіянерка Людміла Мінько зрабіла кар'еру ў горадзе. З вёскі ў Гарадзенскай вобласці яна з'ехала, калі ёй было ўсяго 14 гадоў, а закончыла працоўны шлях чыноўнікам Магілёўскага аблвыканкама. Людміла ўспамінае словы сваёй маці: "Каб не таптаць ўсё жыццё гной, вучыся". Пашпарты, распавядае яна, выдавалі не ўсім - трэба было паступіць у ВНУ ці запісацца на камсамольскую будоўлю. З тых часоў ідэя з'ехаць з вёскі стала для многіх сэнсам жыцця. Хто гэтага не зрабіў, апынуўся ў аўтсайдарах, мяркуе Людміла Мінько.

44-гадовы эканаміст Андрэй Юркоў нарадзіўся і вырас у вёсцы, скончыў сталічны ўніверсітэт і вярнуўся працаваць на радзіму - у Дрыбінскі раён, што на мяжы з Расеяй. З прызнання Юркова, у яго была магчымасць застацца ў Менску, аднак на той момант ён хацеў быць карысным роднай гаспадарцы. Але сёння ён ужо не адчувае ранейшага энтузіязму. "Я адчуваю, што тут больш не развіваюся", - кажа Андрэй Юркоў.

Вёска, прадаўжае Андрэй, цалкам дэградавала. Тут ужо няма прыстойных школ і бібліятэк, няма традыцый і культурнага жыцця. Больш за тое, кажа ён, калі раней з вёскі імкнуліся з'ехаць у абласныя гарады, то сёння ўсё накіраваныя на сталіцу. Усе разумеюць, што нават у Магілёве ўжо няма чаго рабіць. Андрэй Юркоў, з ягонага прызнанні, і сам падумвае аб пераездзе, стрымліваюць яго толькі паджылыя бацькі, якія маюць патрэбу ў дапамозе і клопаце.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках