28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сольны канцэрт Вольскага: Героі вяртаюцца

4
Сольны канцэрт Вольскага: Героі вяртаюцца
ФОТА: EURORADIO.FM

Выступ легендарнага музыкі ў Менску прайшоў энэргічна, з драйвам, з лозунгамі «Жыве Беларусь!».

Пасля доўгай аблогі і падпольных канцэртаў культавы музыка Лявон Вольскі зладзіў вялікі дазволены канцэрт з двума гуртамі на сталічнай пляцоўцы Prime Hall. Энэргічна, з драйвам, з лозунгамі «Жыве Беларусь!», піша belaruspartisan.org.

Арганізатары канцэрту «Белая яблыня грому» прасілі гледачоў прыйсці раней, каб роўна а 19.00 пачаць. У праграме - 30 песень.

Праўда, без затрымак не абышлося. Чарга ў клуб расцягнулася доўгая. Публіка розная: для немаўляці на руках мамы - гэта першы ў жыцці канцэрт, для кампаніі ў вышымайках - далёка не першы.

- Мы ездзілі ўвесь час у Вільню. Ура, цяпер і дома дачакаліся! - дзеляцца чаканнямі ад будучай сустрэчы з кумірам хлопцы.

Для Яўгена, які ўжо больш за 20 гадоў жыве ў Вільні, канцэрт Вольскага ў Менску таксама знакавая падзея.

- Я ўзяў адгулы на працы і прыехаў з Вільні. Раней усе ехалі ў Літву. Рады, што ўпершыню «Псіхасаматыка» прагучыць у Менску. У мяне з Вольскім аднолькавы светапогляд. Ведаеце, на ягоную музыку мяне падсадзіла дачка гадоў 15 таму. Выканала пару песень на гітары. І я прасякнуўся, пачуў родныя матывы. У Літве ёсць мясцовы Вольскі - Андрус Мамантавас. Так на ягонае 50-годдзе быў артыкул у часопісе на чатыры развароты. А што на юбілей Вольскага? Ён пайшоў граць у падземны пераход. Вось і ўсе ўшанаванні.

- Ён цёплы, ён разумны, ён родны, - дадае Вольга. - Шчыры і адкрыты, як слімак без ракавінкі.

Публіка паступова запаўняе танцпол і рассаджваецца за столікамі. Хтосьці з куфлем шампанскага, хтосьці з півам. Фонам гучаць «Простыя словы».

- А памятаеш прэм'еру ў Купалаўскім 7 гадоў таму «Белай яблыні грому»? - кажа хлопец свайму прыяцелю ў чарзе па піва. - 7 гадоў таму...

«Лявон, Лявон, Лявон!» - выклікаюць прыхільнікі на сцэну артыста. 19.40. Гучаць першыя акорды.

Вольскі напярэдадні Дня нараджэння кардынальна змяніў прычоску - цяпер ён з дрэдамі. Для музыкі эксперыменты са знешнасцю - звыклая справа. Так што шакаваць асабліва фанатаў не атрымалася.

- Віншую ўсіх з вяртаннем «Белай яблыні грому». Пачынаем першае канцэптуальнае аддзяленне - Музычна-паэтычнае», - вітае гледачоў Вольскі са сцэны.

«Белая яблыня грому» - другі сольны альбом музыкі пасля распаду культавага НРМ. На кружэлцы сабраныя песні на вершы беларускіх паэтаў: Купалы, Танка, Міцкевіча, Панчанкі, Барадуліна.

- А пазнаеце аўтара гэтай кампазіцыі? - задаваў пытанні зале Лявон. Падказкай на вялікім экране былі партрэты аўтараў слоў.

Першае аддзяленне не абышлося без сюрпрызаў. Дуэтам з Вольскім праспявалі Аляксандр Памідораў і Ігар Варашкевіч.

15 хвілін перакуру і адпачынку. І загучалі the best хіты перыяду НРМ і сольнай кар'еры Лявона Вольскага.

- Дзяўчаты выглядаюць як прастытуткі, хлопцы выглядаюць як міліцыянты, - разам з артыстам спяваў зала.

На вялікім экране беларускай лацінкай бягуць словы песень.

- Ламай сцэнар, ламай сістэму!

Энэргіі ў Лявона не займаць. Нешматслоўны, затое некалькі гітар і дзікія танцы на сцэне з калегамі. Дрэды спатрэбіліся: з мікрафонам у руках музыка адрываўся, як той казаў, на поўную.

Гучалі і «Партызанская», і «Лёгкія», І «Маё каханне». Зала спявала і скандавала то «Вольскі», то «Жыве Беларусь!».

- Жыве! - адказваў музыка.

- Жыве вечна! - крычаў Павел Аракелян, які да канца вечара так разагрэўся, што нават зняў цішотку.

На танцпляцы перыядычна лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Праўда, ахова клуба была на чэку.

Так, Вольскі цяпер патрапіў у «белы спіс». Музыка абяцае сюрпрызы. Будзем чакаць і жыць «адначасова ў двух гарадах».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках