25 красавiка 2024, Чацвер, 10:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-5 самых беларускіх алкагольных напояў ад Кухмістра Верашчакі

16
Топ-5 самых беларускіх алкагольных напояў ад Кухмістра Верашчакі

Самая «хмельная» тэма ў беларускай культуры дагэтуль была абсалютна не даследаваная.

Пітны мёд, наліўкі, старкі, дубнякі, зуброўкі, крупнік… У чытачоў кнігі «Сакатала бочачка», сліна пачынае цячы з рота нават у тых, хто стрымана ставіцца да алкагольных напояў. Нават самых заядлых абстынентаў ужо першая старонка адправіць у падарожжа па прахалодных піўніцах беларускіх палацаў, на кухні беларускіх гаспадыняў, піша «Белсат».

Кухмістр Верашчака (сапр. імя Аляксандр Белы) пісаў сваю кнігу цэлых 18 гадоў. Самая «хмяльная» тэма ў беларускай культуры дагэтуль была абсалютна не даследаваная і, бясспрэчна, патрабавала досыць дасціпнага паглыблення ў матэрыял вывучэння.

Гарэзлівая назва кнігі «Сакатала бочачка» – гэта радок са старадаўняй беларускай вясельнай песні, у якой маладую дзяўчыну параўноўваюць з бочкай піва. Дзяўчына нудзіцца ў піўніцы, імкнучыся «разліцца» і задаволіць смагу таго, каму прызначаная, – тлумачыць аўтар. Дарэчы, вясельны эратычны сімвалізм вельмі глыбокі ў фальклоры. Як распавядае аўтар, шлюб можна параўнаць і з самой тэхналогіяй варэння піва. Для стварэння піва патрэбныя два палярныя элементы: «піўны інь і янь».

«Слодыч соладу, але каб кандэнсаваць яго, ураўнаважыць, патрэбны таксама і горыч хмелю. Дык вось, слодыч – гэта канешне, жаночы пачатак, а горыч – мужчынскі. Хмель – гэта выразна мужчынская метафара. Гэты сімвалізм абыгрываецца і ў народных песнях і ў загадках, прыказках. Да прыкладу: «Паненачка сік-сік, а панічок тык-тык». Што гэта? А гэта бочка і шпунт! «Сакатала бочачка» – гэта самы вытанчаны і ап’яняльны шлях да разумення сімвалаў і міфаў нашай гісторыі. І не толькі алкагольных напояў. Дык што, будзьма?» – інтрыгуе аўтар кнігі.

1. Піва. Равеснік чалавечай цывілізацыі

Сваю кнігу аўтар распачынае з вельмі звыклага для нас алкагольнага напою. Аднак мала хто задумваўся, што менавіта піва пляскалася ў куфлях старажытных славянаў, ліцвінаў, а яшчэ пазней свядомых і несвядомых беларусаў цягам усёй гісторыі нашай нацыі. І не толькі нашай, бо піва згадваецца нават у старажытнаегіпецкай «Кнізе мёртвых», а яго вынаходніцтва прыпісвалі Ізідзе ці Асірысу.

У славянаў жа, між іншым, існаваў свой «піўны каляндар» і калі мы сёння можам набыць піва ў любой краме і ў любую пару году, то нашыя продкі строга адсочвалі найлепшыя тэрміны для піваварства, сцісла звязаныя з гадавым сельскагаспадарчым цыклам. Пік спажывання прыпадаў на кастрычнік – пачатак лістапада, час Актобэрфестаў і час нашых Дзядоў. А па вясне з першай талай вады варылі вядомае ва ўсёй Еўропе «марцовае» піва. Што цікава, найлепшым гатункам піва ў нашых продкаў лічылася піва «пшанічнае». Паколькі пшаніца на нашых землях з’явілася досыць позна і сабе дазволіць яе магла далёка не кожная сям’я, гэта прыдавала піву з пшаніцы асаблівай павагі.

2. Ліпец – нескажоная нацыянальная годнасць

Незаслужана забыты беларусамі пітны мёд таксама побач з півам займае месца «старца» ў алкагольным царстве. Цалкам магчыма, што гэты напой яшчэ старэйшы за піва. Для нашых продкаў гэта быў самы святочны і сакральны напой. Ёсць легенда, што менавіта гэтым напоем «дзікіх і варварскіх» ліцвінаў Ягайла пачаставаў у Кракаве каралеву Ядвігу, ад чаго тая прыйшла ў непрыхаванае захапленне і ўсклікнула: «Якое ж Вы піва маеце!». «А гэта не піва, гэта – ковенскі ліпец», – задаволена адказаў кароль.

З пітным мёдам звязаны яшчэ адзін легендарны напой сармацкіх часоў, які клічуць дубняком. Гэта і ёсць той самы пітны мёд, але вытрыманы ў дубовай бочцы, што надавала трунку асаблівы смак і водар дубовага дрэва.

3. Крупнік – напой братэрскай згоды

Пунш, змяшаны алкагольны напой, які зарадзіўся ў Паўднёвай Азіі і распаўсюдзіўся ў Еўропе з пачатку ХVІІ ст, дзякуючы ангельцам і галандцам. Напой стаў вельмі папулярным на шляхецкіх дварах. Аднак заморскаму фанабэрыстаму «эмігранту» ні ў чым не ўступаў наш традыцыйны крупнік, які бессаромна казытаў насы сваім цёплым зёлкавым пахам. Аўтар называе яго самым «дэмакратычным» беларускім напоем. Менавіта яго лічылі «напоем братэрскай згоды».

«Самы дэмакратычны, самы распаўсюджаны і самы насычаны ўсялякімі метафарамі. І які пакінуў найбольшы след у нашай літаратурнай традыцыі. Гаспадыні дзьмулі дружна на полымя, якое гарэла над вадкасцю, а пасля са смакам паленага цукру разлівалі яго па шклянках і пілі. Яго рабілі ў печы пад накрыўкай з цеста. Ёсць літоўскі, жамойцкі, караімскі крупнік. І пры тым, што лічыцца іхным нацыянальным напоем. Хоць назва яго цалкам беларуская. Гэта быў напой які не класіфікаваў сваіх гаспадароў. Яго маглі піць і звычайныя сяляне, прыхапіўшы чарачку разам закускай у касцёл на царкоўныя святы. Для беларусаў – гэта сапраўды трагічная страта», – з жалем распавядае спадар Кухмістр.

4. Старка – беларускае віскі

Так. Продкі сучасных беларусаў мелі свой жытнёвы віскі. Нічым не горшы за замежны. На гістарычную арэну напой выходзіць пасля студзеньскага паўстання 1863-га года. Відаць, падаўлены дэпрэсіўны настрой праваленых амбіцыяў патрабаваў больш моцнага і сур’ёзнага напою.

У нашых продкаў існавала вельмі прыгожая традыцыя рабіць старку з нагоды нараджэння дзіцяці. Закапаную бочку з трункам выкопвалі на паўналецце або на вяселле. На жаль, гэты яшчэ адзін сапраўдны традыцыйны беларускі напой быў прыўлашчаны віна-гарэлкавымі магнатамі яшчэ ў СССР, які пачаў выпускаць імітаваную настойку на лісцях яблыні і грушы з горкім пякучым смакам. І сёння ліцэнзіяй на вытворчасць старкі «па-савецку» гандлюе дзяржаўная арганізацыя «Саюзплодоимпорт».

«Улічваючы заблытаную прававую сітуацыю, якая склалася пасля стварэння Мытнага саюзу, цяжка прадказаць, што здарылася б, калі б нейкі беларускі вытворца пажадаў аднавіць гэты забыты прадукт са шматвекавой гісторыяй», – піша аўтар у кнізе.

5. Зуброўка, якой «лячыўся» Брэжнеў

Яшчэ адзін традыцыйны беларускі напой, які прысабечыў «Саюзплодоимпорт» – зуброўка. Хоць на тое, каб лічыцца яе радзімай прэтэндуюць некалькі краінаў, якія паспяхова прасоўваюць брэнд на Захадзе.

Настойваецца напой на траве зуброўцы, якая, паводле паданняў, з’яўляецца ўлюбёнаю травой белавежскіх зуброў, што канешне ж гарантуе спажыўцу небывалае здароўе і моц. Як піша аўтар, «па мужчынскай часты» таксама! Дарэчы аматарам зуброўкі быў Леанід Брэжнеў. І нават у начальніка аховы генсека была спецыяльная функцыя – сачыць, каб круглыя содні ў правадыра савецкага народу заўсёды быў кілішак духмянага напою. Нават перажыўшы інфаркт і інсульт Брэжнеў не кінуў запіваць лекі зуброўкаю – маўляў, каб лепш засвойвалася.

Пяць выбраных у гэтым артыкуле напояў – гэта мізэрная частка тых захапляльных гісторый, якія знаходзяцца ў кнізе «Сакатала бочачка». Аўтар аналізуе, чаму мы страцілі неверагодна багатую частку нашай культуры, традыцыйныя напоі, якія сагравалі беларускія душы ў часы ліхалеццяў і цешылі на святы, хто прывучыў нас да гарэлкі, якую «чысцяком» беларусы ніколі не спажывалі, адкуль сёння ў нас (!) «Савецкае шампанскае Радзівіл». І шмат іншых цікавінак разам з рэцэптамі традыцыйных беларускіх алкагольных напояў, надрукаваных з вялікім спадзяваннем, што нашае пакаленне зможа іх вярнуць і адрадзіць.

Адметна, што насуперак прынятаму ў Беларусі стэрэатыпу «Крамбамбуля» – зусім не беларускі напой. Увогуле гэта трунак нямецкіх студэнтаў, які масава вырабляўся ў Гданьску. А назва сярод спажыўцоў была сінонімам «бырла» і «выпівона». Але болей чытайце ў кнізе Аляксандра Белага, вядомага як Кухмістр Верашчака.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках