25 красавiка 2024, Чацвер, 18:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-міністр працы: Трэба змяніць некампетэнтную ўладу

41
Экс-міністр працы: Трэба змяніць некампетэнтную ўладу
ФОТА: SVABODA.ORG

Як залатаць дзірку ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва?

У Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі (ФСАН) па-ранейшаму назіраецца дэфіцыт сродкаў. Паводле звестак Мінфіна, у студзені-ліпені паступленні ў фонд склалі 6,764 мільярда рублёў, а выдаткі – на 260,5 мільёна рублёў больш. Нагадаем, у пачатку года ў ФСАН утварылася прыстойная дзірка – больш за 150 млн даляраў. Эксперты «Заўтра тваёй краіны» прапаноўваюць шляхі развязання праблемы.

– Эканомікай кіруюць людзі, якія не ўмеюць гэтага рабіць, але атрымліваюць добрыя заробкі і будуюць сабе катэджы ў цэнтры горада, – мяркуе былы міністр працы Аляксандр Сасноў.

На ягоную думку, для развязання ўзніклай праблемы з дэфіцытам сродкаў у ФСАН неабходна змяніць кіраўніцтва краіны.

У якасці прыкладу некампетэнтнасці высокапастаўленых чыноўнікаў экс-міністр прыводзіць словы аднаго з віцэ-прэм'ераў урада, які заявіў пра тое, што ўклалі грошы ў дрэваапрацоўку, але да канца ўсё не пралічылі і не змаглі атрымаць патрэбны вынік.

– У пачатку мінулага стагоддзя камерсанты страляліся пасля такіх пралікаў. А у нас віцэ-прэм'ера нават не пазбавілі прэміі, не кажучы ўжо пра пасаду. У гэтым уся праблема беларускай эканомікі: распарадчыкі чужога ні за што не адказваюць, – падкрэслівае эксперт.

Ён упэўнены, што ні павелічэнне пенсійнага ўзросту, ні памяншэнне памераў пенсій не дапаможа ліквідаваць дэфіцыт сродкаў у ФСАН.

– Гэта адтэрмінуе праблему, але не развяжа яе. У першую чаргу, трэба прыбраць дзяржаўны бот, які стаіць на горле ўсёй эканомікі, – адзначае Аляксандр Сасноў.

Дзе дзяржаве сёння знайсці грошы на пенсіі?

Перагледзець пенсійныя льготы сілавікам

Эканаміст, кіраўнік праекта «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін прапануе перагледзець пенсійныя льготы супрацоўнікам праваахоўных органаў і вайскоўцам.

Паводле ягоных словаў, сілавікі выходзяць на пенсіі ў 45–47 гадоў. Гэта велізарная армія здаровых маладых людзей, якія здольныя працаваць, але атрымліваюць пенсіі. Прычым у 2-4 разы вышэйшыя, чым астатнія пенсіянеры.

– Абсалютна незразумела, чаму, да прыкладу, прэс-сакратар МУС мае афіцэрскае званне і выходзіць на пенсію значна раней, чым ягоны калега з грамадзянскай міністэрства. – здзіўляецца эканаміст.

Ён мяркуе, што палову супрацоўнікаў сілавых структураў можна зрабіць звычайнымі наёмнымі супрацоўнікамі і выпраўляць на пенсію на 10 гадоў пазней, чым цяпер.

Перайсці на назапашвальную сістэму пенсій

Уладзімір Кавалкін нагадвае, што ўлады вымушаныя былі павялічыць пенсійны ўзрост, паколькі ў ФСАН бракавала грошай.

Аднак, паводле словаў эксперта, гэта была не рэформа пенсійнай сістэмы, а адтэрміноўка праблемы.

– Павелічэнне пенсійнага ўзросту на два гады дало адтэрміноўку на гэты тэрмін. Цяпер фонд зноў стаў дэфіцытным, – кажа эканаміст.

Паводле ягоных словаў, праблема пагаршаецца яшчэ і павелічэннем дэбіторска-крэдыторскай запазычанасці прадпрыемстваў і банкруцтвам бізнэсу.

Эканаміст мяркуе, што яшчэ 20 гадоў таму трэба было пераходзіць на назапашвальны варыянт пенсій.

– На той момант праблема так востра не стаяла, але ўрад і Лукашэнка пра гэта не думалі. Спадзяваліся, можа, само рассмокчацца, – кажа эксперт.

Цяпер, паводле ягоных словаў, неабходна тэрмінова пераходзіць на назапашвальную сістэму пенсій.

Зраўнаваць пенсійны ўзрост мужчынаў і жанчынаў

Акрамя таго, Уладзімір Кавалкін мяркуе мэтазгодным зраўнаваць пенсійны ўзрост мужчынаў і жанчынаў.

– Гэта трэба рабіць разам з пераходам на назапашвальную сістэму пенсій. Калі займацца толькі пераразмеркаваннем, гэта ўсё роўна, што збіваць тэмпературу аспірынам – праблема не развяжацца, – упэўнены эканаміст.

Паводле прагнозаў эксперта, дэфіцыт ФСАН будзе яшчэ расці як мінімум 10 гадоў.

– Дзяржава павінна будзе закрываць гэтую дзірку бюджэтнымі сродкамі. Гэта значыць, менш грошай будзе заставацца на школы, на дарогі, на медыцыну. Адпаведна, людзі будуць альбо мець меншыя пенсіі, альбо мець менш якасных паслуг, – адзначае кіраўнік праекта «Кошт ураду».

Паводле прагнозаў эканаміста, працоўныя людзі пачнуць актыўна сыходзіць ад падаткаабкладання, паколькі ўбачаць, што нічога не атрымліваюць ад дзяржавы.

– Гэты вузел трэба рассякаць. Іншых развязанняў, акрамя як пераходзіць на назапашвальную сістэму пенсій, у свеце не прыдумалі, – заключае Уладзімір Кавалкін.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках