23 красавiка 2024, aўторак, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкія навукоўцы адкрылі новую ўласцівасць піва

15
Нямецкія навукоўцы адкрылі новую ўласцівасць піва

Навукоўцы з Баварыі правялі даследаванне і прыйшлі да незвычайных вынікаў.

Ну, проста як на замову: да 184-га Актобэрфэсту, які штогод праводзіцца ў Мюнхене з сярэдзіны верасня да пачатку кастрычніка, найбуйнейшага фестывалю піва ў свеце, апублікаваныя вынікі даследавання навукоўцаў-хімікаў Універсітэта Эрланген-Нюрнберга. А яны дазваляюць меркаваць, што піва робіць чалавека шчаслівым, паведамляе Нямецкая хваля.

Прычым рэч тут зусім не толькі ў алкаголі, які ўтрымліваецца ў гэтым пенным напоі. Як высветлілася ў ходзе даследавання, апроч яго, прыемныя адчуванні выклікае і рэчыва хардэін, якое ўваходзіць у склад піва, – алкалоід, які ўздзейнічае на мозг чалавека аналагічна "гармону радасці" дафаміну – нейрамедыятару, што выпрацоўваецца нашым арганізмам.

Нечаканае адкрыццё

Як адзначыла ў інтэрв'ю журналістам кіраўніца даследчай групы, навукоўца-хімік Моніка Пішэтсрыдэр (Monika Pischetsrieder), такія вынікі сталі для яе і ейных супрацоўнікаў нечаканасцю. Рэч у тым, што адмыслова ў складзе танізавальных напояў баварскія навукоўцы не разбіраліся.

Апублікаваныя звесткі атрыманыя ў выніку вывучэння ўласцівасцяў 13 тысячаў рэчываў, якія ўваходзяць у склад прадуктаў харчавання – на прадмет таго, ці ўплываюць яны на рэцэптар дафаміну D2, то-бок ці актывізуюць цэнтр узнагароджання мозгу і тым самым спрыяюць павышэнню настрою спажыўца. Вось і высветлілася, што першае месца ў гэтым своеасаблівым рэйтынгу займае хардэін, які ўтрымліваецца ў піве і ячменным соладзе.

Увогуле сярод рэчываў, якія апынуліся пад лупай баварскіх навукоўцаў, выявілася толькі сямнаццаць, якія ў прынцыпе здольныя стымуляваць у чалавечым мозгу цэнтр асалоды. Хардэін, як і дафамін, актывуе рэцэптары цэнтраў узнагароджання, выбіраючы іншы сігнальны шлях. У выніку ён можа зрабіць яшчэ больш доўгае ўздзеянне, чым нейрамедыятар дафамін, выпрацаваны арганізмам чалавека.

Як мяркуюць навукоўцы, асаблівы эфект павышэння настрою дае камбінацыя хардэіну і алкаголю, што і тлумачыць таямніцу папулярнасці піва сярод насельніцтва. Паводле словаў Монікі Пішэтсрыдэр, паводле свайго ўздзеяння на мозг чалавека хардэін нагадвае сальсалінол, які выклікае адчуванне радасці і ўтрымліваецца ў шакаладзе, а таксама плесневыя грыбы, некаторыя віды якіх выкарыстоўваюцца ў харчовай прамысловасці для вырабу асобных кісламалочных прадуктаў і спецыяльных гатункаў сыру з вострым і незвычайным пахам.

У цяперашні час вядуцца даследаванні, падчас якіх навукоўцы хочуць высветліць, колькі ўвогуле хардэіну ўтрымліваецца ў піве і якая яго колькасць у канчатковым выніку трапляе ў мозг.

Між іншым, пакуль ні ў адным з прадуктаў харчавання не выяўленае рэчыва, здольнае самастойна выклікаць эфект павышэння настрою. Згодна з меркаваннямі навукоўцаў, звычайна гэта спалучэнне інгрэдыентаў. Скажам, асаблівае пачуццё задавальнення ў чалавека з'яўляецца падчас ужывання такіх прадуктаў, як чыпсы, пры вытворчасці якіх выкарыстоўваюцца вугляводы і тлушчы, прыводзіць прыклад Моніка Пішэтсрыдэр.

Акрамя таго, што піва дапамагае на некаторы час расслабіцца і настроіцца на весялосць, у яго маса і іншых станоўчых якасцяў. Так, аналагічна чырвонаму віну і зялёнай гарбаце, яно мае супрацьзапаленчае дзеянне. А яшчэ піва спрыяе выпрацоўцы пратэіну, добра стымулявальнага імунную сістэму. І гэта далёка не поўны спіс. Так што калі піва піць у меру, то яно пойдзе толькі на карысць.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках