26 красавiка 2024, Пятніца, 0:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У луканомікі «села батарэйка»

7
У луканомікі «села батарэйка»

Патэнцыял для «аднаўлення» скончыўся.

Улады заявілі пра тое, што Беларусь нібыта «выходзіць з рэцэсіі», але эканамічны «рост» нават паводле афіцыйных звестак застаецца на ўзроўні хібнасці - 1,1%.

Для параўнання, у перыяд з 2004 да 2008 года тэмпы росту складалі ў сярэднім 9,9% у год, знізіўшыся да - 0,5% у перыяд паміж 2012 і 2016 гадамі. Такі рост у мінулым быў абумоўлены галоўным чынам прамой або ўскоснай дзяржаўнай падтрымкай. Знешнія дысбалансы фінансаваліся за кошт знешніх запазычанняў, што прывяло да назапашвання запазычанасці і росту выдаткаў на яе абслугоўванне: у мінулым годзе ўрад Беларусі выдаткаваў на гэта блізу 7% ВУП. Пра гэта гаворыцца ў 7-м дакладзе паводле вынікаў Belarus Reality Check, апублікаваным Ostro.by.

Як гаворыцца ў дакладзе, ключавымі фактарамі гэтага аднаўлення з'яўляецца экспарт, не звязаны з энэргетыкай, павелічаны на 10-20% у рэальным выразе праз абясцэньванне беларускага рубля, аднаўленне эканомікі Расеі і паступовага аднаўлення ўнутранага спажывання і інвестыцый. Экспарт калійных угнаенняў расце, а экспарт нафтаперапрацоўчых заводаў таксама павінен аднавіцца дзякуючы развязанню нядаўняга энэргетычнага канфлікту паміж Беларуссю і Расеяй.

Аднак патэнцыял існага аднаўлення абмежаваны, бо эканамічная мадэль Беларусі, якая працавала за кошт расейскіх энэргетычных субсідый і назапашвання запазычанасці, вычарпала свае магчымасці. Урад, мякка кажучы, вельмі асцярожна ставіцца да рэфармавання цяперашняй эканамічнай мадэлі. Менск выйшаў з перамоваў з МВФ, абвясціўшы пра далейшую «мадэрнізацыю» сваіх ключавых прадпрыемстваў і імкненне «ператварыць Беларусь у ІТ-краіну».

У дакладзе падкрэсліваецца, што паколькі ўнутраныя ашчаджанні гістарычна былі меншыя за інвестыцыі, знешняе фінансаванне мае для краіны ключавое значэнне. Аб'ём ПЗІ складаў 1,3-1,5 млрд. даляраў ЗША ў год (галоўным чынам у форме рэінвеставаных даходаў) без істотных змен у апошнія гады, тады як для эканамічнага развіцця патрабуецца прынамсі ўтрая больш.

«МВФ можа лёгка дасягнуць агульнай пазіцыі ў дачыненні да эканамічных рэформаў з урадам, але дасягнуць канчатковага пагаднення з Лукашэнкам цяжка. Асноўнымі патрабаваннямі МВФ з'яўляюцца рэструктурызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў і павелічэнне кошту камунальных паслуг. Патрабаванне Еўразійскага банка развіцця рэфармаваць дзяржаўны сектар, уключаючы прыватызацыю, у Беларусі паслядоўна не рэалізуецца», - гаворыцца ў дакладзе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках