28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як змянілася працягласць жыцця ў Беларусі і ў іншых краінах?

5
Як змянілася працягласць жыцця ў Беларусі і ў іншых краінах?

Амаль ва ўсіх краінах-суседках чаканая працягласць жыцця павялічылася больш істотна, чым у Беларусі.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні ў Беларусі з 1995 да 2015 года ўзрасла з 68,6 да 73,9 гадоў (на 5,3 года). Павелічэнне працягласці жыцця можа сведчыць аб паляпшэнні якасці жыцця, медыцынскага абслугоўвання, больш дбайнай дыягностыцы захворванняў, змене звычак грамадства і іншых прычынах, піша nn.by.

Цікава параўнаць гэтыя лічбы з сусветнымі: як цягам 20 гадоў мянялася працягласць жыцця ў свеце, у тым ліку ў краінах-лідарах і краінах-аўтсайдэрах. Для параўнання мы скарысталіся звесткамі Сусветнага банка (ВБ).

Чаканая працягласць жыцця ва ўсім свеце

Паводле звестак СБ, чаканая працягласць жыцця ва ўсім свеце з 1995 да 2015 павялічылася з 66,3 да 71,9 года (на 5,6 года). Амаль ва ўсіх краінах свету гэты важны паказчык узрос, акрамя такіх краін, як Лесота і Сірыя, якія сталі ахвярамі сур'ёзных ваенных канфліктаў або эпідэміі СНІД.

Сусветны банк займаецца падлікам чаканай працягласці жыцця не толькі ў асобных краінах, але і ў геаграфічных зонах, эканамічных саюзах і групах краін у залежнасці ад узроўню іх дабрабыту.

Відавочна, што краіны з самым высокім узроўнем даходу маюць і самую высокую працягласць жыцця.

Цікава тое, што ў бедных краінах працягласць жыцця ўзрасла больш значна, чым у багатых. Гэта не дзіўна, бо працягласць жыцця ў бедных краінах была нізкай ў першую чаргу праз высокую дзіцячую смяротнасць і праблемы з доступам да чыстай пітной вады. Нават частковае развязанне гэтых праблем дазволіла істотна павялічыць працягласць жыцця ў самых бедных краінах.

КРЫНІЦА: NN.BY

Хто ў аўтсайдэрах?

Як у 1995, так і ў 2015 гадах сярод аўтсайдэраў у чаканай працягласці жыцця — краіны «чорнай» Афрыкі.

Топ-5 аўтсайдэраў на 1995 год выглядаў так:

1. Руанда: 1995 г — 32; 2015 г — 66,6.

2. С’ера-Леонэ: 1995 г — 35,7; 2015 г — 51,4.

3. Ангола: 1995 г — 43,1; 2015 г — 61,2.

4. Замбія: 1995 г — 43,2; 2015 г — 61,3.

5. Уганда: 1995 г — 44,3; 2015 г — 59,5.

Для ўсіх гэтых краін характэрныя падобныя праблемы: беднасць, разбураная войнамі і пераваротамі эканоміка, палітычная нестабільнасць, праблемы з доступам да чыстай пітной вады, дэфіцыт вакцын і іншых медыкаментаў.

За 2015 год топ аўтсайдэраў выглядаў інакш, але ўсё адно ў яго ўваходзілі толькі краіны «чорнай» Афрыкі.

1. Цэнтральна-Афрыканская рэспубліка (51,4)

2. С’ера-Леонэ (51,4)

3. Чад (52,6)

4. Нігерыя (53)

5. Кот-Д'івуар (53,1)

А хто ў лідарах?

Сярод краін-лідараў істотных зменаў за 20 гадоў амаль не адбылося.

У 1995 годзе першая пяцёрка выглядала так:

1. Японія (79,5)

2. Макаа (78,8)

3. Швэцыя (78,7)

4. Ганконг (78,8)

5. Швэйцарыя (78,4)

А так выглядае топ-5 2015 года:

1. Ганконг (84,3)

2. Японія (83,8)

3. Макаа (83,6)

4. Італія (83,5)

5. Гішпанія (83,4)

Усе гэтыя краіны аб'ядноўвае высокі ўзровень эканамічнага развіцця, медыцыны, яны знаходзяцца ва ўмераных і субтрапічных кліматычных паясах і ўсе (акрамя Швэйцарыі) маюць выхад да мора. Нягледзячы на высокую працягласць жыцця ў гэтых краінах ужо ў 1995 годзе, за 20 гадоў гэтым краінам удалося павялічыць чаканую працягласць жыцця на 4-5 гадоў.

Як змянялася чаканая працягласць жыцця ў краінах-суседках?

КРЫНІЦА: NN.BY

Ва ўсіх краінах-суседках (за выключэннем Украіны) чаканая працягласць жыцця павялічылася больш істотна, чым у Беларусі. Сярод краін-суседак самы вялікі рост паказала Латвія, дзе чаканая працягласць жыцця павялічылася на 7,7 года, а больш за ўсё адстала Украіна, дзе працягласць жыцця ўзрасла толькі на 4,1 года.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках