28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкі палітолаг: Чацвёрты тэрмін Мэркель і Пуціна - гэта не адно і тое ж

3
Нямецкі палітолаг: Чацвёрты тэрмін Мэркель і Пуціна - гэта не адно і тое ж
ФОТА: AFP

Чым адрозніваюцца выбары ў Расеі і Нямеччыне?

У нядзелю, 24 верасня, у Нямеччыне праходзяць выбары ў бундэстаг. Кіраўнік маскоўскага прадстаўніцтва Фонду імя Фрыдрыха Наўмана, блізкага да ліберальнай Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП), Юліус фон Фрайтаг-Лорынгховен патлумачыў у інтэрв'ю «Нямецкай хвалі», як працуе выбарчы працэс у краіне і ў чым розніца паміж магчымым выбраннем на чацвёрты тэрмін канцлеркі ФРГ Ангелы Мэркель і расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

- Шмат каму, у тым ліку ў Расеі, перадвыбарчая кампанія ў Нямеччыне здавалася вельмі сумнай. Ці так гэта напраўду?

- Такое ўражанне збольшага магло скласціся таму, што мы ўсе ведаем, што канцлеркай зноў стане Мэркель. З іншага боку, выбарчая кампанія была зусім не сумнай, бо не выключана, што трэцяй па велічыні фракцыяй у парламенце стане правапапулісцкая партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (АДН). Калі гэта адбудзецца, гэта кардынальна зменіць бундэстаг. Магчымы і такі варыянт, што гэтай трэцяй сілай стануць свабодныя дэмакраты. Гэта таксама зменіць атмасферу ў бундэстагу і палітыку на наступныя чатыры гады.

- Вы згадалі, што Мэркель з вялікай доляй імавернасці зноў стане федэральнай канцлеркай. У такім выпадку гэта будзе яе чацвёрты тэрмін на пасадзе кіраўніка ўрада. Пры гэтым многія падтрымліваюць чацвёрты тэрмін Мэркель, але пярэчаць супраць чацвёртага тэрміну расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Чым чацвёрты тэрмін Пуціна адрозніваецца ад чацвёртага тэрміну Мэркель?

- Тут ёсць вялікая розніца. Пры перамозе на выбарах партыі Мэркель (маецца на ўвазе блок партый ХДС/ХСС, кандыдаткай у канцлеры ад якога выступае Ангела Мэркель - Рэд.) Яна зможа сфармаваць урад толькі пры наяўнасці кааліцыі - а значыць, ёй давядзецца ісці на кампрамісы. Пуціну ж няма неабходнасці ісці на кампрамісы, бо дэпутаты ў Дзярждуме заўсёды падтрымліваюць усе ідэі прэзідэнцкай адміністрацыі. Зразумела, што ў Расеі фактычна няма апазіцыі, а ў Мэркель яна ёсць.

- Чатыры гады таму СвДП не патрапіла ў бундэстаг, а цяпер, мяркуючы з вынікаў апытанняў, у партыі нядрэнныя шанцы. У Расеі лібералы таксама саступілі ў 2003 годзе, і з таго часу ў Дзярждуму не прайшла ніводная ліберальная партыя. У Расеі саступілая партыя, як правіла, становіцца аўтсайдэрам і ёй складана трапіць у парламент. Чаму ў Нямеччыне па-іншаму?

- Па-першае, у Нямеччыне СМІ не ігнаруюць апазіцыйныя партыі. У Расеі апазіцыянерам вельмі складана атрымаць доступ да тэлевізійнага эфіру, бо ўся тэлевізія за рэдкім выключэннем знаходзіцца пад кантролем уладаў. Таму апазіцыя ніколі не будзе ўдзельнічаць у дыскусіі. Але лібералам у Нямеччыне ў гэтым плане таксама даводзіцца няпроста. Да прыкладу, на гэты раз іх мала запрашалі ў эфір, бо меркавалі, што яны ўсё адно не пройдуць у бундэстаг. Зрэшты, для лібералаў самае галоўнае тое, што ў партыі цалкам змянілася кіраўніцтва. Цяпер у прэзідыуме партыі няма былых міністраў, а ёсць людзі, якія не ўваходзілі ў апошні склад урада.

- Дзе СвДП бярэ грошы? Хто фінансуе партыю?

- У партыі засталося дзяржаўнае фінансаванне партыі, хоць гэта малая частка яе агульнага бюджэту. Ёсць яшчэ чальцы партыі, якія даюць грошы, а таксама ахвяраванні - да прыкладу, ад буйных карпарацый. Пры гэтым я бачыў, колькі грошай было ў кожнай партыі на выбарчую кампанію. У лібералаў было значна менш сродкаў, чым у іншых. Таму яны зрабілі стаўку на цікавыя і смешныя ідэі. У іх была вельмі крэатыўная выбарчая кампанія, у тым ліку ў сацыяльных сетках.

- У Расеі перад выбарамі існуе так званы «дзень цішыні», калі забаронена весці агітацыю. Ці дзейнічае гэтае правіла ў Нямеччыне?

- У прынцыпе ў апошні дзень перад выбарамі ў Нямеччыне агітацыя ўжо не такая актыўная, але яна не забароненая.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках