24 красавiка 2024, Серада, 14:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Яраш: Перамога над расейскім монстрам магчымая толькі ў адным выпадку

17
Дзмітрый Яраш: Перамога над расейскім монстрам магчымая толькі ў адным выпадку
Дзмітрый Яраш

І гэтую стратэгію неабходна зацвердзіць у выглядзе закона.

Дабрабаты паводле ўсеагульнага прызнання зрабілі важкі ўнёсак у барацьбу з расейска-тэрарыстычнымі войскамі на Усходзе Украіны. Пра важнасць добраахвотніцкага руху і прычыны, чаму марудзяць з прыняццем закона пра добраахвотніцкую арміі, у інтэрв'ю "Апострафу" апавёў народны дэпутат Украіны, намеснік кіраўніка камітэта ў пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны, камандзір УДА, былы лідар "Правага сектару" Дзмітрый Яраш:

– Якая ні была б армія, але перамога над такім монстрам, як расейская імперыя, магчымая толькі ў адным выпадку – калі будуць мабілізаваныя рэсурсы ўсяго ўкраінскага народа, а не толькі ягонай часткі, якая знаходзіцца ва Узброеных сілах Украіны.

Тым больш мы ж прапаноўвалі – і прапануем далей – законапраект пра добраахвотніцкі рух, які можна было б пабудаваць на найлепшых еўрапейскіх традыцыях. Пабудаваць – і ўвесці ў сістэму абароны і бяспекі дзяржавы. Мы ж не выступаем за поўную анархію і разумеем, што пасля той самай вайны не будзе ўжо патрэбы ў гэтых падраздзяленнях. Але патрэба ў такіх людзях усё ж будзе. Расея ж пакуль нікуды не дзенецца. Калі яна яшчэ разваліцца. А ў тым, што яна разваліцца, я не сумняваюся. Пытанне толькі ў тым, калі гэта адбудзецца... І пакуль будзе існаваць Расея, нам стратэгічна важна мець Добраахвотніцкі рух, добраахвотніцкую тэрытарыяльную абарону, якая магла б у выпадку шырокамаштабнай агрэсіі – што дагэтуль вельмі магчыма – стаць надзейным памочнікам і апорай для Узброеных сілаў Украіны.

Я неаднаразова казаў, што, без сумневу, сітуацыя ў ВСУ ў забеспячэнні, ва ўзроўні баяздольнасці, у іншых паказніках нашмат лепшая, чым была ў 2014 годзе. Але да гэтага войска знішчалі ў прамым сэнсе гэтага слова.

Але разам з тым я бачу і негатывы. І гэтыя негатывы выяўляюцца як на перадавой, так і ў тыле. Гэта і недастатковая падрыхтоўка асабовага складу. Гэта і бюракратыя – саўковая бюракратыя, якая знішчае ВСУ. Гэта і падбор афіцэраў. Бо афіцэр – гэта чалавек гонару перш за ўсё. Яны пераважна цяпер не людзей гонару падбіраюць, для якіх самае галоўнае – вызваленне зямлі (бо перад любым вайскоўцам менавіта такая задача павінна была стаяць). На першы план выходзяць ужо чыноўнікі ў пагонах – так магу апісаць стан гэтых афіцэраў. І такія афіцэры выканаюць любое распараджэнне.

Вось нядаўна адзін афіцэр высокага рангу сказаў аднаму з маіх камандзіраў: "А дзе я на грамадзянцы такі заробак знайду?" Людзі думаюць ужо зусім не так, як павінны думаць на самай справе. І такія працэсы могуць знішчыць армію. І тыя зрухі, якія адбыліся з дапамогай народа ў першую чаргу (той самы валанцёрскі рух арганізоўваў армію перш за ўсё, а не дзяржава; гэта ўжо потым трошкі змянілася сітуацыя), усе папярэднія дасягненні могуць быць цяпер ліквідаваныя. І нічога добрага з гэтага ўсяго тады не атрымаецца. Толькі апора на сілы народа – гэта адзіная магчымасць супрацьстаяць тым пагрозам, якія ідуць ад Расейскай Федэрацыі. Вось чаму гэта вельмі і вельмі неабходна.

Тым больш украінскія мужчыны (ды і жанчыны часта) – гэта ж казакі. Гэта казацкі дух. Пераемнасць пакаленняў, пераемнасць духу казацкага ёсць. І я, напрыклад, сабе жыццё без зброі ўжо не ўяўляю. Без карабіна, які стаяў бы ў сейфе, неабходнай колькасці боекамплекту, пісталета і гэтак далей. А стварэнне такіх добраахвотніцкіх структураў кшталту "Украінскай добраахвотніцкай арміі" (не важна, як яна будзе называцца, які будзе брэнд усяго гэтага) – якраз гэта ўсё прадугледжвае. І там ужо апрыёры будуць задзейнічаныя людзі не крымінальныя, псіхічна ўраўнаважаныя, без усялякіх недахопаў. Людзі, якія пастаянна будуць праходзіць баявое зладжванне, стрэльбы і гэтак далей. ВСУ ж не будзе цягнуць на сабе ўсе гэтыя рэчы. А такая структура якраз дазваляе ўсё гэта рабіць.

У той самай Эстоніі, у іхняй сістэме "Кайтсэлійт", напрыклад, ёсць жаночыя нейкія арганізацыі, дзіцячыя і гэтак далей... І нават стары дзядуля, калі ён у "Кайтсэлійце", выразна ведае, што калі будзе наступаць Расея, то яму трэба пайсці і зняць шыльду на ўездзе ў сяло, каб увесці ворага ў зман. Нават у такіх дэталях там усё прадумана – як народ можна задзейнічаць.

Мы цяпер бачым, што робіць наш заходні сусед – Польшча. У іх у ваяводствах выстройваюцца цэлыя тэрытарыяльныя добраахвотніцкія брыгады.

Але гэта, зноў жа, адзін з аспектаў. Таму мілітарызацыю грамадства мы павінны праводзіць. Паколькі, я ж кажу, ёсць пастаянныя пагрозы. І пачынаецца мілітарызацыя яшчэ з дзяцей і моладзі. У той самай Польшчы спачатку ідуць парамілітарныя і моладзевыя арганізацыі, потым ідзе гэтая Добраахвотніцкая тэрытарыяльная абарона, а потым ужо – узброеныя сілы.

Тая самая швэйцарская мадэль абароны – мірная, нейтральная дзяржава за тыдзень можа правесці мабілізацыю і выставіць некалькі мільёнаў чалавек.

Нацыянальная бяспека і абарона – гэта такая шматслаёвая, структураваная рэч. І можна браць ад палякаў іхні досвед і пераносіць на нас. Ніхто ў Еўропе гэтага не баіцца. І гэта якраз не парушае манаполію дзяржавы на гвалт, пра што так часта кажа і прэзідэнт, і міністр абароны, і іншыя службовыя асобы. Бяда толькі ў тым, што наша ўлада часта свайго ж народа баіцца больш, чым вонкавага ворага. Я думаю, менавіта таму і адбываюцца такія затрымкі, як з маім законапраектам пра добраахвотніцкую арміі. Падчас вайны адбываюцца! Хоць зрабіць гэта можна было б за пару тыдняў. Прэзідэнт уносіць законапраект як першачарговы, за яго галасуюць – ён уступае ў сілу і пачынае працаваць.

Да таго ж, я не раз ужо казаў: я гатовы ўдзельнічаць у фармаванні гэтай арміі, але не прэтэндую на тое, каб ёю кіраваць. Я сабе пайду – і хай яны далей сабе робяць. Галоўнае – правільна наладзіць сістэму і зрабіць так, каб не чыноўнікі пастанаўлялі, якой яна будзе. Таму што калі чыноўнік залазіць, то ўсё нішчыцца ўрэшце. А каб гэта была народная ініцыятыва. Толькі на народнай ініцыятыве такія праекты можна будаваць. І не інакш.

Я яшчэ ў студзені гаварыў з прэзідэнтам – ён сказаў: "Я падумаю". І, вось, думае і сёння. Да гэтага часу няма канкрэтыкі. Хоць падчас вайны так доўга думаць пра такія пытанні якраз і нельга.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках