24 красавiка 2024, Серада, 14:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Латвіі на спяшаюцца працаваць за сярэдні заробак вышэйшы за $ 1000

3
Жыхары Латвіі на спяшаюцца працаваць за сярэдні заробак вышэйшы за $ 1000

Прыбыткі грамадзянаў паўночнай суседкі Беларусі дэманструюць сталы рост.

Сярэдні памер заробку ў Латвіі ўжо перавысіў 1000 USD за месяц і, мяркуючы з усяго, гэтая тэндэнцыя ў найбліжэйшыя гады захаваецца, паведамляе neg.by.

Так, у другім квартале 2017 года сярэдні заробак да выліку падаткаў дасягнуў роўню 927 EUR. Пры гэтым у сталіцы краіны і ў некаторых галінах гэтыя лічбы яшчэ вышэйшыя. Сярэднестатыстычны рыжанін зарабляе на 13–15% больш, а жыхар самага беднага рэгіёну Латвіі – памежнай з Беларуссю Латгаліі – на 35–40% менш.

У галіновым разрэзе сітуацыя дзіўна нагадвае беларускую. Тры самыя высокааплатныя прафесійныя сферы на сёння: банкаўскі і страхавы бізнэс (сярэдні заробак – 1989 EUR), IT і тэлекамунікацыі (1446 EUR), энэргетыка (1291 EUR).

Яшчэ ў Латвіі добра аплачваецца праца чыноўнікаў, паліцыянтаў і вайскоўцаў. Гэтыя людзі, якія працуюць на дзяржаву, у сярэднім атрымліваюць 1133 EUR.

Свайго Салігорска ў балтыйскай краіне няма, але працаваць у здабыўной прамысловасці таксама выгодна і прэстыжна. Узровень заробкаў дасягнуў там 1014 EUR.

Параўнальна горш, але ўсё ж больш, чым у Беларусі, зарабляюць латвійцы ў сферы мастацтва і забаваў (у сярэднім 803 EUR за месяц), адукацыі (780 EUR), побытавага абслугоўвання (726 EUR), грамадскага харчавання (638 EUR).

Паводле словаў экспертаў, рост прыбыткаў будзе доўжыцца, ёсць прагнозы пра дасягненне сярэдняга роўню заробкаў у Латвіі 1500 EUR за месяц. Уласна такую суму ўжо плацяць кваліфікаваным спецыялістам на прамысловых прадпрыемствах не толькі ў сталіцы, але нават у сельскай мясцовасці.

Упэўнены эканамічны рост дасягае 4–5% за год. Станоўчую дынаміку развіцця нацыянальнай гаспадаркі падганяюць спрыяльная кан'юнктура на вонкавых рынках і абумоўлены ёю рост экспарту, шматмільярдныя ўліванні ў краіну з інфраструктурных фондаў Еўразвяза, паспяховая праца ў Латвіі падраздзяленняў буйных транснацыянальных карпарацыяў. Дзякуючы гэтаму прыкметна палепшылася і сітуацыя з унутраным спажываннем. Ажыў рынак нерухомасці, адраджаюцца іпатэчныя праграмы, якія ўпалі падчас мінулага крызісу. Найбуйнейшыя аператары камерцыйнай нерухомасці, IKEA і Akropolis, узводзяць у Рызе вялікія гандлёвыя цэнтры, што не зусім звычайна для горада з насельніцтвам істотна меншым за мільён чалавек.

Эканоміка краіны набірае звароты, а працоўнай сілы больш не становіцца. У большасці краінаў Еўразвяза (акрамя Літвы, Румыніі і Балгарыі) узровень прыбыткаў яшчэ вышэйшы, так што прытоку працоўнай сілы адтуль чакаць не варта. На літоўцаў таксама надзеі мала, пры супастаўным з Латвіяй сярэднім заробку (838,7 EUR) жыццё ў іх на радзіме таннейшае. І калі нехта хоча з'ехаць на заробкі, ён выпраўляецца ў дзяржавы Скандынавіі і іншыя больш багатыя краіны Еўразвяза, дзе пагадзінная стаўка супрацоўніка ў 5–7 разоў вышэйшая, чым у Балтыі. Для вонкавых мігрантаў з-за межаў ЕЗ Латвія застаецца закрытай краінай. Так што масаваму прытоку працоўнай сілы няма адкуль узяцца. А значыць, узровень заробкаў тут будзе і далей расці.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках