29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Луканоміка «топчацца» па адных і тых жа граблях

1
Луканоміка «топчацца» па адных і тых жа граблях

Залежнасць беларускай прамысловасці ад РФ стала адным з найважнейшых чыннікаў стагнацыі.

Беларуская прамысловасць пакуль так і не знайшла альтэрнатывы расейскаму рынку і ў найбліжэйшы час рызыкуе зноў страціць у тэмпах росту, піша для belmarket.by акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.

Азначаны «рост» у беларускай эканоміцы генеруе ў першую чаргу апрацоўчая прамысловасць, сярод іншага вытворчасць калійных угнаенняў, машынаў і абсталявання, а таксама дрэваапрацоўка. Узнікае заканамернае пытанне: «Адкуль узяўся рост у галіне, якая вось ужо два гады з'яўляецца чэмпіёнам у падзенні?» На мой погляд, адказ відавочны: у гэтым выпадку рост прамысловасці цалкам абумоўлены ростам экспарту. Павялічваюцца пастаўкі калійных угнаенняў, абсталявання, прадукцыі дрэваапрацоўкі на вонкавыя рынкі. Небяспека хаваецца ў тым, што калі не браць пад увагу геаграфію паставак калійных угнаенняў, то астатні экспарт павялічваецца ў асноўным за кошт росту паставак у Расейскую Федэрацыю.

Расея заўсёды была традыцыйным рынкам збыту для нашай прамысловасці. Аналіз звестак вонкавага гандлю паказвае, што нават апошні крызіс не пахіснуў дынаміку: дыверсіфікаваць рынкі збыту мы так і не здолелі, мы ўсё яшчэ вельмі моцна залежым ад сітуацыі на рынку РФ.

Нягледзячы на тое, што наша краіна вядзе актыўныя перамовы з Індыяй і Кітаем пра ўмацаванне гандлёвых сувязяў, асноўны пункт экспарту ў гэтыя дзяржавы – калійныя ўгнаенні. Як мы ведаем, рынак калію ў значнай ступені залежыць ад сусветнай кан'юнктуры коштаў, такім чынам, і ў гэтым выпадку пазіцыі Беларусі ўразлівыя.

Экспарт астатніх тавараў па-ранейшаму трывала звязаны з пастаўкамі на расейскі рынак і залежыць ад сітуацыі ў эканоміцы ўсходняй суседкі. За апошні год яна аднаўлялася, як вынік, беларускі экспарт пачаў актыўна нарошчваць абароты. Цяпер тэмп росту прамысловасці ў РФ запаволіўся, і, хутчэй за ўсё, мы не зможам спадзявацца на бурны рост паставак айчынных тавараў. Наўрад ці нават зможам захаваць яго на цяперашнім узроўні.

Трывожны сігнал: за два сур'ёзныя крызісы і падзенні аб'ёмаў экспарту ў Расейскую Федэрацыю мы так і не змаглі знайсці альтэрнатыўныя рынкі збыту прадукцыі, выпушчанай прадпрыемствамі апрацоўчай прамысловасці. Яшчэ раз падкрэслю: залежнасць ад РФ захоўваецца, што ставіць беларускую эканоміку ў вельмі невыгоднае становішча, бо, як вядома, сама расейская эканоміка адчувае моцны ўплыў нафтавых катыровак і з'яўляецца няўстойлівай. Да таго ж у нашай усходняй суседцы стала ўзрастае роля палітычных рызыкаў. Выходзіць, мы прывязаныя да вялізнай крыніцы эканамічных ваганняў і пакуль не можам змяніць сітуацыю.

«Рост» эканомікі, заснаваны на вонкавых чынніках, заўсёды не дужа стабільны, – заканчвае аўтар артыкула.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках