28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Іракскім Курдыстане праходзіць рэферэндум аб незалежнасці

У Іракскім Курдыстане праходзіць рэферэндум аб незалежнасці

Усяго на ўдзел у галасаванні зарэгістравалася больш за 5 мільёнаў чалавек.

На тэрыторыі курдскай аўтаноміі Ірака пачаўся рэферэндум аб незалежнасці іракскага Курдыстана. Пра гэта паведамляе мясцовы тэлеканал Rudaw (пераклад – rbc.ru).

Участкі адчыніліся а 7-й (супадае з менскім часам), зачыняцца а 18-й. Вынікі будуць падведзеныя праз суткі пасля заканчэння працы ўчасткаў. Усяго на ўдзел у рэферэндуме зарэгістравалася больш за 5 млн чалавек, ім трэба будзе адказаць «так» або «не» на пытанне: «Ці хочаце вы, каб рэгіён Курдыстан і курдскія тэрыторыі за яго межамі сталі незалежнай дзяржавай?»

Пастанову наконт правядзення рэферэндуму 7 чэрвеня прыняла рада палітычных партыяў Курдыстана. Усяго ў Іраку курды складаюць да 20% усяго насельніцтва. Новая іракская канстытуцыя, якая ўступіла ў сілу ў 2005 годзе, прызнала Курдыстан федэральным рэгіёнам з уласным заканадаўчым органам.

Як падкрэслівае Rudaw, курды сутыкаліся з шматлікімі пераследамі, дыскрымінацыяй і генацыдам. «Няма іншага шляху, які змог бы гарантаваць, што генацыд не паўторыцца», – заяўляў Reuters кіраўнік блока Дэмакратычнай партыі Курдыстана Амед Хашнау.

Пры гэтым ідэя правядзення рэферэндуму сустрэла асуджэнне ад прадстаўнікоў многіх краінаў і палітычных арганізацыяў. Так, Белы Дом заклікаў Іракскі Курдыстан адмовіцца ад правядзення рэферэндуму аб незалежнасці ў гэтым месяцы, убачыўшы ў рэферэндуме пагрозу барацьбе з забароненай у Расеі тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава». Генеральны сакратар ААН раскрытыкаваў рэферэндум, выступіўшы за захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці Ірака.

Супраць рэферэндуму выступаюць таксама Турцыя і Іран, зыходзячы з таго, што рэферэндум узмоцніць сепаратысцкія настроі сярод іх курдскага насельніцтва. Як заявілі 25 верасня ў турэцкім МЗС, Анкара не прызнае любыя вынікі галасавання. «Вынікі рэферэндуму не будуць мець законнай сілы як з гледзішча міжнароднага права, так і з гледзішча Канстытуцыі Ірака», – сказана ў паведамленні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках