19 красавiка 2024, Пятніца, 14:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыж просіць у пазыку ў беларусаў $1,5 мільёна

13
Чыж просіць у пазыку ў беларусаў $1,5 мільёна
ФОТА: BLIZKO.BY

Крамы апальнага алігарха выпусцілі новыя аблігацыі.

Кампанія «Прастормаркет» (сетка гіпермаркетаў ProStore) пачала продаж двух новых выпускаў карпаратыўных аблігацый на 3 млн рублёў. Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце кампаніі, піша tut.by.

Трэці выпуск аблігацый ProStore будзе прадавацца пад фіксаваную стаўку 12% гадавых, што на гэты момант на 0,5% вышэй за стаўку рэфінансавання. Аб'ём эмісіі гэтага выпуску складае 1 мільён рублёў.

Стаўка даходу з аблігацый чацвёртага выпуску - плаваючая і роўная стаўцы рэфінансавання, або 11,5% гадавых на гэты момант. Аб'ём эмісіі - 2 млн рублёў.

Намінал адной аблігацыі - 100 рублёў. Тэрмін абарачэння - 2 гады.

Аблігацыі могуць набыць у аддзяленнях «Белгазпрамбанка» як фізічныя, так і юрыдычныя асобы. Кожныя тры месяцы па аблігацыях выплачваецца купонны даход, а іх трымальнікі ў выпадку неабходнасці могуць заявіць пра датэрміновы выкуп. Згодна з беларускім заканадаўствам, даход, атрыманы ад карпаратыўных аблігацый, не абкладаецца падаткам на прыбытак для юрыдычных асоб і падаходным падаткам для фізічных асоб.

«Стаўкі па рублёвых дэпазітах ледзь перавышаюць узровень інфляцыі. А аблігацыі ProStore дазваляюць зарабіць», - мяркуе фінансавы дырэктар рытэйлера Дзмітрый Сінюк.

Нагадаем, сетка ProStore дэбютавала на пазыковым рынку ў траўні 2017 года - за рэкордны тэрмін размясціла першыя два выпускі рублёвых аблігацый на суму 3 млн рублёў.

«Па выпуску бездакументарных аблігацый наступіў перыяд выплаты купоннага даходу, і абавязацельствы перад трымальнікамі былі выкананыя напоўніцу і ў тэрмін. Таксама прайшоў першы тэрмін падачы заявак на зваротны выкуп папер, але ніводзін з трымальнікаў не скарыстаўся такой магчымасцю», гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

На сёння ў Менску сетка прадстаўленая 5 гіпермаркетамі (у мікрараёнах Малінаўка, Чыжоўка, Шабаны, Каменная горка, Вяснянка).

Як вынікае з праспекта эмісіі, 50,01% акцый «Прастормаркета» належыць «Трайплу», 45,9% - кіпрскай «Эвалеска Холдзінгз Лімітэд». За апошні год кампанія ажыццявіла некалькі ўгодаў (большасць з іх - дамовы пазыкі), афіляванай асобай у якіх значыцца Сяргей Чыж, сын асноўнага ўладальніка «Трайпла» Юрыя Чыжа.

Паводле звестак кампаніі, прыбытак 5 гіпермаркетаў «Прастор» за 2017 год складзе 284,1 млн руб. У 2016 годзе абарачэнне было 207,7 млн руб. «За 8 месяцаў 2017 года раздробнае тавараабарачэнне сеткі вырасла на 40% у дачыненні да аналагічнага перыяду мінулага года», - канстатаваў Дзмітрый Сінюк.

У найбліжэйшыя 3 гады прыбытак можа павялічыцца да 317 млн рублёў. Пры гэтым чысты прыбытак кампаніі за гэты год павінен скласці 914 тысячы рублёў. Уладальнікі кампаніі спадзяюцца, што цягам трох наступных гадоў гэты паказчык будзе вышэйшы - ад за 1,3 млн да 5,1 млн рублёў.

Асноўнай рызыкай у сваёй працы мэнэджмэнт рытэйлера бачыць негатыўнае змяненне макраэканамічных умоў і зніжэнне спажывецкага попыту ў Беларусі, якое можа негатыўна адбіцца на прыбытку «Прастормаркета».

Істотныя рызыкі звязаныя «з недахопам прафесійных будаўнічых падрадчыкаў» і выкананнем кампаніяй уласных падатковых абавязацельстваў, бо падатковыя рызыкі ў Беларусі «істотна перавышаюць рызыкі, характэрныя для краін з больш развітай падатковай сістэмай», гаворыцца ў праспекце эмісіі.

Аб'яднанне работнікаў сеткі «Прастор» у прафзвязы таксама можа паўплываць на фінансавае становішча і аперацыйныя вынікі кампаніі. Цяпер большасць з 1,5 тысяч супрацоўнікаў рытэйлера не ўваходзяць ні ў якія прафзвязы. «Калі значная частка супрацоўнікаў «Прастормаркета» стане чальцамі прафзвязаў, гэта можа значна паўплываць на затраты эмітэнта на заробак і развязанне працоўных канфліктаў, што зробіць істотны негатыўны ўплыў на фінансавае становішча і аперацыйныя вынікі», гаворыцца ў дакументах.

Асноўныя планы развіцця кампаніі на 2017-2019 гады звязаныя з адкрыццём гіпермаркета «Усходні», агульная плошча якога складзе 10,7 тыс. кв. м. Павысіць маржынальнасць сетка хоча за кошт пераходу ад закупаў у пасрэднікаў да непасрэдных вытворцаў. «Дыверсіфікацыя крыніц фінансавання накіраваная на зніжэнне інвестыцыйных і іншых рызык рэалізацыі праектаў», гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, у 2016 годзе рытэйлер сутыкнуўся з шэрагам складанасцяў, на якія наклалася шасцімесячнае затрыманне Юрыя Чыжа. Аднак у выніку сітуацыя развязалася. Гіпермаркеты «Прастор» былі прададзеныя банкам і затым узятыя ў лізінг па дамове фiнансавай арэнды. Праз гэтую аперацыю былі рэструктурыраваныя фінансавыя запазычанасці сеткі і атрыманыя грошы для зніжэння ўтворанай пратэрміноўкі перад пастаўшчыкамі і нармалізацыі паставак.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках