29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NaviBand запісалі беларускую версію песні Стынга «Fields Of Gold»

4
NaviBand запісалі беларускую версію песні Стынга «Fields Of Gold»
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Музыкі даўно марылі праспяваць разам з праслаўленым брытанцам.

Напярэдадні канцэрту Стынга ў Менску, які адбудзецца 8 кастрычніка на сцэне «Мінск-Арэны», беларускія ўдзельнікі «Еўравізіі-2017» NaviBand запісалі беларускую версію песні «Fields Of Gold» і выклалі сёння на свой канал у Youtube.

- Стынг - наш сапраўдны кумір і праспяваць з ім, напраўду, наша мара. Перад конкурсам Еўравізіі на пытанні пра нязбытнае жаданне казалі, што хочам праспяваць са Стынгам. Ну і цяпер з'явіўся шанец: наш кумір прыязджае ў Менск, мы людзі авантурныя і вызначылі, чаму б не зрабіць некалькі крокаў да мары і не напісаць яму такім чынам. Верым у тэорыю шасці поціскаў рукі, - пракаментаваў саліст NaviBand Арцём Лук'яненка.

- Дарагі Стынг! Мы NaviBand з Беларусі. Дзякуй Вам за музыку, якая натхняе нас з самага ранняга ўзросту. Даўно марым праспяваць з Вамі на адной сцэне ці проста сустрэцца. Мы спадзяемся, што Вы зможаце ўбачыць гэта відэа і наша мара збудзецца. Мы рады бачыць Вас у Менску і з нецярпеннем чакаем канцэрта 8 кастрычніка. Да сустрэчы! Спадзяемся, што Вам спадабаецца беларуская версія легендарнай песні «Fields Of Gold» - напісалі ў сваіх сацыяльных сетках NaviBand.

Нагадваем, Стынг выступіць у Менску ў рамках сусветнага турнэ ««57th&9th». За сваю больш чым 40-гадовую кар'еру на рахунку артыста больш за паўсотні ўзнагарод: 16 статуэтак Grammy, 25 узнагарод American Music Awards, MTV Music Awards, «Залаты глобус» за саўндтрэк да фільма «Кейт і Леа» і многія іншыя.

Стынг - камандор ордэна Брытанскай імперыі, кавалер французскага ордэна «Мастацтваў і літаратуры», а таксама ўладальнік ганаровай узнагароды цэнтра мастацтваў імя Джона Кэнэдзі. Ён тройчы намінаваўся на Оскар у катэгорыі «Найлепшая песня да фільма», а на «Алеі Славы» ў Галівудзе ёсць магчымасць дакрануцца да імянной зоркі спевака.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках