18 красавiка 2024, Чацвер, 20:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Не планаваў ляцець»: Новыя падрабязнасці пра зарэзанага ў Турцыі турыста з Беларусі

44
«Не планаваў ляцець»: Новыя падрабязнасці пра зарэзанага ў Турцыі турыста з Беларусі

Жыхар Берасця купіў «гарачы тур» з вылетам са Львова.

Віктар Г. з Берасця, якога 23 верасня ў чатырохзоркавым гатэлі ў турэцкім горадзе Турунчы недалёка ад Мармарыса зарэзаў бармэн, не планаваў ехаць у адпачынак разам з жонкай і сынам. Сям'я прыняла пастанову ў апошні момант, калі знайшла гарачы тур прывабным коштам. Пра гэта tut.by расказаў родны брат жонкі загінулага.

У адпачынак Віктар, ягоная жонка Юлія і іх 3-гадовае дзіця паляцелі 19 верасня, 28 верасня - павінны былі вярнуцца дадому. Выляталі на турэцкі курорт з Львова.

- Юлія думала ляцець у адпачынак толькі з дзіцем, на дваіх яна планавала выдаткаваць 1000 даляраў. Але ўбачыла гарачы тур: там 1000 даляраў на траіх было. І Віктар з імі таксама паехаў, - распавядае брат Юліі.

ВІКТАР Г. І ЯГОНАЯ ЖОНКА ФОТА: САЦСЕТКІ

Ён падкрэслівае, што некаторыя СМІ падалі няправільную інфармацыю аб тым, што здарылася.

- Па-першае, Юлія падчас таго, што здарылася, была ў нумары, хоць некаторыя пішуць, што каля басейна. Па-другое, бар быў не закрыты. Віктара забілі недзе а 23.00, ён прыйшоў туды прыкладна а 22.30. Яшчэ адзін момант: там было некалькі бармэнаў, і яны самі выпівалі. Віктар падышоў і папрасіў, каб яны налілі яму піва. Яны адмовіліся. Я не ведаю, на якіх падставах. Усе так зразумелі, што ён ім чымсьці не спадабаўся. Ён з імі паспрачаўся, зразумеў што гэта ўсё бескарысна і хацеў сыходзіць. Прайшоў літаральна пяць метраў, і адзін з бармэнаў схапіў кухонны нож і ўдарыў яго ў бок. Пішуць, што была бойка, але нічога такога не было. Ён напаў на яго са спіны, і Віктар памёр на месцы. Яму пашкодзілі аорту каля печані. Затым прыехала хуткая дапамога, цела адразу забралі ў морг.

Са слоў брата, Юлія ў гэты час клала ў нумары дзіця спаць. Яна спусцілася ўніз і ўбачыла Віктара ўжо мёртвым.

Плануецца, што дзяўчына з сынам прыляціць дадому праз Львоў 28 верасня, цела Віктара абяцаюць транспартаваць 29 верасня ў Менск.

- З Юліяй адразу консул звязаўся. Прадстаўніца з турагенцтва сказала, што Віктара даставяць у Менск, а затым будуць вызначаць, ці перавязуць яго бясплатна ў Берасце. Агулам усе пытанні па транспартаванню цела вызначае консульства.

Віктару ў жніўні споўнілася 28 гадоў. Ён працаваў на Берасцейскім мясакамбінаце. Са слоў брата Юліі, «займаў нядрэнную пасаду і атрымліваў добры заробак». Юліі 23 гады, яна працуе бухгалтарам у фірме бацькоў.

- Віктар першым у бойку ніколі не лез, - распавядае брат Юліі. - Ён быў вельмі моцны, і калі б бачыў, што на яго хочуць напасці з нажом, то 100% выбіў бы гэты нож. Ён ніколі не задзіраўся, мог крыкнуць і адказаць, але першы ў бойку не лез. Пры гэтым ён быў спакойным чалавекам, незадзірлівым. Алкаголем не захапляўся, выпіваў па святах. Ён прыехаў адпачыць і захацеў вечарам выпіць піва - вось і ўсё.

БАР ЛЯ БАСЕЙНА, ДЗЕ АДБЫЛАСЯ БОЙКА. ФОТА З САЙТА TRIPADVISOR.RU

Сёння ў Турцыі, па словах брата, адбудзецца суд над бармэнам.

Прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык распавёў, што з учорашняга дня наша генеральнае консульства ў Стамбуле займаецца трагічным выпадкам.

- Мы падтрымліваем цесны кантакт з турэцкімі ўладамі, праваахоўнымі органамі, жонкай загінулага. Заканчваецца развязанне пытання з дастаўкай цела на радзіму. Мы маем намер старанна адсочваць ход і вынікі гэтага трагічнага інцыдэнту, - сказаў ён.

Нагадаем, што турэцкія СМІ паведамілі, што ўвечары ў суботу мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення і запатрабаваў у бармэна ў гатэлі яшчэ спіртнога, а той сцвярджаў, што бар ужо закрыты. Пасля слоўнай сваркі завязалася бойка, і 17-гадовы бармэн нанёс турысту ўдар нажом у печань. Лекары, якія прыбылі на месца, канстатавалі смерць.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках