20 красавiка 2024, Субота, 1:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У кіраўніцтве нямецкіх правых папулістаў адбыўся раскол

5
У кіраўніцтве нямецкіх правых папулістаў адбыўся раскол

Акцыі супраць партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» прайшлі ў найбуйнейшых гарадах краіны.

Сустаршыня правапапулісцкай «Альтэрнатывы для Нямеччыны» (АДН) Фраўке Петры (Frauke Petry) не будзе ўваходзіць у фракцыю партыі ў бундэстагу. Пра гэта яна нечакана заявіла ў панядзелак, 25 верасня, на супольнай прэс-канферэнцыі з лідарамі перадвыбарчага спісу партыі Аліс Вайдэль (Alice Weidel) і Аляксандэрам Гаўландам (Alexander Gauland) у Берліне, паведамляе dw.com.

Гэту пастанову яна прыняла «пасля доўгіх разважанняў», падкрэсліла лідар правых папулістаў, якія набралі 12,6 адсотка галасоў падчас адбытых 24 верасня выбараў у бундэстаг. Сама Петры атрымала наўпроставы мандат у адным з выбарчых акругаў Саксоніі і мае намер цяпер стаць незалежным дэпутатам парламента ФРГ.

У кароткай заяве Петры паказала на барацьбу за ўладу ў кіраўніцтве партыі, якая не спынялася некалькі месяцаў, адзначыўшы, што гэтыя рознагалоссі нельга замоўчваць. «Цяпер я выйду з гэтага памяшкання», - скончыла свой выступ лідар АДН, дэманстратыўна пакінуўшы залу праз некалькі хвілін пасля пачатку прэс-канферэнцыі.

Сваю пастанову Петры, мяркуючы з усяго, не ўзгадніла з калегамі па партыі. Сустаршыня АДН Ёрг Мойтэн (Jörg Meuthen), які прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, назваў яе заяву «выбухам бомбы», пра якую ён, з ягонага ўласнага прызнання, нічога не ведаў.

Поспех АДН на выбарах выклікаў хвалю пратэстаў у Нямеччыне

Пасля выбараў у Нямеччыне ў нямецкі парламент упершыню праходзіць нацыяналістычная партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (АДН), якая выступае за абмежаванне іміграцыі і супраць распаўсюджвання ісламу ў краіне.

Поспех АДН на выбарах у бундэстаг прывёў да пратэстаў у буйных гарадах Нямеччыны, якія пачаліся вечарам у нядзелю.

Блізу 700 чалавек сабраліся на Александэрплац у Берліне з плакатамі і лозунгамі супраць АДН.

«Альтэрнатыва для Нямеччыны» атрымала блізу 13% галасоў на выбарах, што дазволіць ёй заняць 94 з 709 крэслаў у новым парламенце.

Пратэстоўцы супраць АДН сабраліся каля штаба партыі, якая святкавала свой рэкордны вынік на выбарах. Натоўп выкрыкваў лозунгі: «Расізм - не альтэрнатыва», «АДН - жменька расістаў» і «Нацы, сыходзьце!».

Паліцыя Берліна кантралявала сітуацыю, каб не дапусціць вулічных сутыкненняў. У «Твітэры» сталічнай паліцыі з'явілася паведамленне аб тым, што ў некаторых афіцэраў патрапілі камяні і бутэлькі, якімі кідаліся пратэстоўцы.

Пратэсты супраць «Альтэрнатывы для Нямеччыны» прайшлі таксама ў Кёльне, Франкфурце, Мюнхене, Дрэздэне і іншых буйных гарадах.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках