19 сакавiка 2024, aўторак, 5:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Вішнеўскі: У палітыцы Крамля цяжка нешта прадказваць

2
Барыс Вішнеўскі: У палітыцы Крамля цяжка нешта прадказваць
Барыс Вішнеўскі

У цяперашніх расейскіх кіраўнікоў - тыповая псіхалогія шпаны з піцерскай падваротні.

Палітыка Расеі ў дачыненні да Беларусі — гэта спробы падпарадкавання і эканамічнага ціску, мяркуе дэпутат Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Барыс Вішнеўскі. З ягоных слоў, Беларусь — найбліжэйшая патэнцыйная мішэнь Уладзіміра Пуціна, «якую трэба прымусіць падпарадкоўвацца».

Пра гэта, вучэнні «Захад-2017» і дачыненнях «хаўруснікаў» палітык распавёў у інтэрв'ю Сharter97.org.

- Што вы можаце сказаць пра вучэнні «Захад-2017», з чым звязаная непразрыстасць пададзеных Расеяй звестак? І што, па вашаму думку, гэтыя вучэнні ўяўляюць сабой для рэгіёну агулам?

- У расейскай палітыцы усё непразрыста - сітуацыя з вучэннямі не выключэнне. Думаю, як і многае іншае, гэтыя вучэнні ўяўляюць сабой чарговую дэманстрацыю сілы заходнім суседзям, у першую чаргу краінам Балтыі. Але сур'ёзна абстаноўку яны не зменяць. Не ўважаю за рэальную ваенную пагрозу гэтым краінам, бо яны чальцы НАТА. Напасці на чальца НАТА Пуцін не наважыцца.

- Што можаце сказаць аб асцярогах у Беларусі ў сувязі з гэтымі вучэннямі, ці варта чакаць, што Расея пасля манеўраў адзаве ўсе свае падраздзяленні з Беларусі?

- Беларусь, на мой погляд, найбліжэйшая патэнцыйная мішэнь Пуціна, якую трэба прымусіць падпарадкоўвацца, як былую частку імперыі, што адважылася быць самастойнай. Але думаю, што адзаве. Калі ўлады Беларусі гэтага запатрабуюць.

- У Літве, да прыкладу, Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі ў сваёй справаздачы назваў гэтыя вучэнні пагрозай нацыянальнай бяспецы. Ці можна, на вашу думку, весці пра гэта гаворку?

- Пагроза, вядома, ёсць. Але гэта не звязана з вучэннямі. Расейская ўлада ўпарта ўважае ўсю тэрыторыю былога СССР за сваю «зону ўплыву» па праве мінулага. І таму ўяўляе для ўсіх былых частак былой савецкай імперыі сталую пагрозу, патрабуючы ад іх пакоры. Хоць, як ужо сказана, чальцам НАТА сілавыя аперацыі наўрад ці пагражаюць.

- Нядаўна ў Пецярбургу прайшоў вайскова-марскі парад. З якой мэтай расейскія ўлады дэманструюць сваім грамадзянам стан вайсковай сферы?

- А што ім яшчэ дэманстраваць? Калі, як сцвярджае Крэмль, Расея - гэта «абложаная цытадэль», у якой звонку ворагі, а ўнутры «пятая калона» і «нацыянал-здраднікі», то трэба паказаць, якія моцныя войска і флот.

- У якой сітуацыі, на ваш погляд, апынуўся ў гэты момант Лукашэнкі? Быццам бы і з Украінай хоча сябраваць, і з краінамі Захаду, але аднак, вымушаны прытрымлівацца дамоўленасцяў з Расеяй?

- На мой погляд, Лукашэнка - адзін з нямногіх еўрапейскіх незмяняльных аўтарытарных кіраўнікоў, якія не церпяць апазіцыі. І пры гэтым стала балансуе паміж Усходам і Захадам у пошуках эканамічных і палітычных выгод. Ён не хоча сварыцца з Расеяй, збліжаючыся з Захадам, і таму не парывае дамоўленасці з Расеяй.

- Як бы вы вызначылі ў гэты момант палітыку Расеі ў дачыненні да Беларусі і становішча беларускага дыктатара?

- Як і палітыку ў дачыненні да Балтыі і Украіны. Спробы падпарадкавання і эканамічны ціск.

- Што вы можаце сказаць пра стаўленне да Беларусі і Лукашэнкі сярод расейцаў і расейскіх палітыкаў?

- Беларусь - на перыферыі расейскай грамадскай свядомасці. Стаўленне да краіны, думаю, хутчэй станоўчае, да Лукашэнкі - абыякавае.

- Што вы можаце сказаць аб расейскім праекце АЭС у Беларусі? Ці абгрунтаваныя асцярогі суседзяў і саміх беларусаў у сувязі з гэтай будоўляй?

- Не займаўся гэтым праектам, не ведаю. Але я баюся будаўніцтва новых АЭС, гэта досыць рызыкоўныя праекты.

- Нядаўна Уладзімір Пуцін заявіў аб неабходнасці ўвядзення міратворцаў ва Украіну. Якія могуць быць дзеянні Крамля ў вайне на паўднёвым усходзе Украіны? Ці можа Пуцін сысці з Данбаса?

- Пуцін, як заўсёды, хітруе. Правільнае дзеянне было б адно: сыход з Данбасу і Луганшчыны, дзе няма ніякіх марыянетачных «ДНР» і «ЛНР», а ёсць толькі тэрыторыі, якія кантралююцца расейскай уладай пры яе вайсковай і фінансавай падтрымцы. Перадача расейска-ўкраінскай мяжы пад кантроль Украіны. Спыненне перамяшчэння праз гэтую мяжу расейскіх вайскоўцаў (замаскаваных пад «добраахвотнікаў» і «адпускнікоў»), тэхнікі, боепрыпасаў.

Але Пуціну не патрэбны мір на гэтых тэрыторыях. Яму патрэбны ваенны канфлікт, які дазваляе аслабляць Украіну. Таму ён да апошняга будзе спрабаваць падтрымліваць гэты канфлікт. Міратворцы мелі б сэнс, калі б міратворчыя сілы кантралявалі ўсю ўсходнюю частку Данбаса і Луганшчыны, якія сёння абвешчаныя бандыцкімі «рэспублікамі» - пры поўным раззбраенні іх «войскаў». Але Пуцін будзе супраць гэтага. Зрэшты сысці адтуль яму ўсё адно давядзецца. Пытанне толькі ў тым, колькі яшчэ расейскіх і ўкраінскіх грамадзян заплацяць жыццём за ягоныя геапалітычныя амбіцыі.

- Не так даўно літоўскі прэзідэнт заявіла, што падчас сустрэчы з Пуціным у 2010 годзе, атрымала ад яго спіс патрабаванняў, якія прыняць не магла. Ці ў стане расейская палітычная эліта ў гэты момант весці раўнапраўны дыялог у прынцыпе са сваімі суседзямі на заходніх межах?

- Не, не здольная. Яна не здольная весці раўнапраўны дыялог з тымі, каго ўважае за слабейшага за Расеі ў вайсковым плане. І хто, калі нешта здарыцца, не зможа даць адэкватны сілавы адказ. З тымі, хто зможа, яна стараецца не ўвязвацца ў канфлікт. Гэта, на жаль, - тыповая псіхалогія шпаны з піцерскай падваротні. Яна не павінна выкарыстоўвацца ў палітыцы. Але выкарыстоўваецца.

- Мы бачым даволі часта візіты прадстаўнікоў ЗША высокага ўзроўню ў гэтым рэгіёне (Балтыя, Польшча). Ці можна сцвярджаць, што ў Расеі тут наогул няма шанцаў? І чаму Расея выбірае канфрантацыйны падыход у дачыненні да суседзяў, а не прыязную палітыку, заснаваную на ўзаемнай павазе?

- Калі ў Расеі зменіцца ўлада - тады зменіцца і палітыка. Я б хацеў, каб Расею паважалі, а не баяліся. Каб яна жыла ў свеце з суседзямі. Але цяперашняя расейская ўлада гэтага не хоча. Яна аддае перавагу агрэсіўна-хамскаму тону стасункаў. Гэта вельмі недальнабачна.

- Ці можа стаць замежная палітыка адной з галоўных тэм падчас перадвыбарчай кампаніі Пуціна, і якія пагрозы вы бачыце ў гэтай сувязі?

- Яна, вядома, будзе адной з тэм - але не думаю, што адной з галоўных. І не думаю, што ўзнікнуць новыя пагрозы. Хоць...у палітыцы Крамля сёння вельмі цяжка нешта прадказваць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках