20 красавiка 2024, Субота, 4:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы самі ў шоку ад таго, як шмат людзей адгукнулася»

11
«Мы самі ў шоку ад таго, як шмат людзей адгукнулася»
ФОТА: Кацярына Гардзеева, TUT.BY

Каардынатарка распавяла пра пошук хлопчыка ў Белавежскай пушчы.

Крысціна Крук - каардынатарка ляснога пошуку атрада «Анёл», валанцёры якога цяпер разам з МНС, міліцыяй, ляснічымі і вайскоўцамі шукаюць зніклага хлопчыка. Некалькі дзён яна правяла ў лесе, давала ўказанні групам, якія адпраўляюцца на пошук. «Праўда, пакуль сцяміла, што можна карыстацца мегафонам, ужо голас паспела сарваць», - кажа Крысціна. Валанцёрка распавяла tut.by, як атраду атрымліваецца каардынаваць тысячы тых, хто хоча дапамагчы.

ФОТА З АРХІВА ПОШУКАВАГА АТРАДА «АНГЕЛ»

Крысціне Крук 24 гады. Сёння яна вярнулася на працу ў Менск, у аддзел продажаў, а дагэтуль некалькі дзён правяла ў лесе. Дзяўчына больш за чатыры гады дапамагае шукаць людзей у пошукавым атрадзе «Анёл».

- Такіх маштабных пошукаў, як цяпер, у нас яшчэ не было, - распавядае Крысціна. - Праўда, на пошукі дзіцяці заўсёды адгукаецца больш людзей. Гэта заўсёды ажыятаж, асабліва калі ідуць дні, гадзіны, а дзіця не знаходзіцца. Ад таго, як шмат людзей адгукнулася на гэты раз, мы самі трохі ў шоку. Мы вельмі ўсім удзячныя.

Крысціна распавядае, як патэнцыйныя новыя памочнікі ўзаемадзейнічаюць з атрадам «Анёл».

- Ахвочыя сочаць за нашай групай «Укантакце», адпраўляюць свае кантактныя звесткі. У суботу, самы масавы дзень, такім чынам зарэгістравалася больш за тысячу чалавек. Мы разумеем, што было больш, таму што былі тыя, хто не рэгістраваўся, займаліся пошукам супрацоўнікі МНС, вайскоўцы, міліцыя, мясцовыя жыхары. Усяго ў той дзень хлопчыка шукалі блізу двух тысяч чалавек, паводле нашых ацэнак. Навошта патрэбна рэгістрацыя? Напрыклад, яна дапамагае мабільна і зручна дастаўляць да месца людзей. Як высветлілася, шмат пешых памочнікаў, а людзі дабіраюцца нават з Магілёва, з Віцебскай вобласці.

Рэгістратар на месцы адзначае ўсіх, хто прыбыў.

- Людзям выдавалі анкеты. Кожны павінен быў запісацца, пазначыць сваё імя, нумар тэлефона. Марку аўто - на выпадак, калі яго аўтамабіль на паркоўцы трэба будзе перагнаць, напрыклад. У анкетах пакідалі заўвагі, ці ўмее чалавек арыентавацца на мясцовасці, ці ёсць у яго ліхтар, компас, рыдлёўка... Гэта трэба, каб разумець, чым канкрэтны чалавек можа дапамагчы. Зрэшты, былі дзяўчаты, якія не хадзілі ў лес, затое вельмі дапамагалі з гатаваннем ежы ў лагеры - гэта таксама вельмі каштоўна.

Тыя, хто не мог прыехаць і дапамагчы рукамі, пералічвалі грошы на разліковы рахунак пошукавага атрада або пры дапамозе СМС. Крысціна адзначае, што гэта таксама вялікая дапамога.

- Гэтыя грошы ідуць на аплату бензіну, арэнду памяшкання для базы атрада. Стараемся закупляць абсталяванне. Напрыклад, цеплавізары, якія ў апошні час актыўна выкарыстоўваюцца ў пошуку. Выкарыстоўвалі іх і для пошуку Максіма, і для пошуку іншых зніклых грыбнікоў.

- Як у атрада атрымліваецца кіраваць такой вялікай колькасцю людзей?

- Кіравацца было вельмі цяжка, скажу шчыра. Не хапала старэйшых груп, каардынатараў, якія маглі б адвесці пошукавую групу ў лес і несці за яе адказнасць. Каардынатараў было ну хай нават 50 чалавек. Нават на тысячу зарэгістраваных - гэта мала. Мы размяркоўвалі людзей па групах, супрацоўнікі МНС і МУС ставілі нам задачы, мы іх адпрацоўвалі. Як толькі група спраўлялася з заданнем, пашыралі для яе зону пошуку. Потым на карце міліцыі адзначалі: вось такое заданне нам далі, а мы зрабілі больш, - распавядае Крысціна.

Каардынатар кажа: кожнай групе вылучаўся квадрат лесу 500 на 500 метраў:

- За ўчора толькі адна група зачыняла ў сярэднім пяць такіх квадратаў.

У асноўным валанцёры шукаюць на лясных участках, хоць сустракаюцца і забалочаныя.

- У балотах у асноўным працавала спецгрупа МНС, яны нас папярэджвалі, каб у самую багну мы нават не соваліся. Там пошук вядуць больш падрыхтаваныя людзі, прафесіяналы.

- Наколькі трэба людзям, якія хочуць стаць валанцёрамі, самім арыентавацца на мясцовасці, валодаць асновамі навігацыі?

- Цалкам не абавязкова. Я ўпэўнена, большасць людзей, якія былі ў суботу, ні разу ў жыцці не бачылі компаса. Ёсць больш падрыхтаваныя людзі, якія працуюць з менш падрыхтаванымі. Калі ніхто не спрачаецца, слухае кіраўніка, то ўсё выдатна працуе. Нам патрэбны кожны памочнік, кожны чалавек - дадатковая сіла.

- Была інфармацыя, што падчас пошукаў губляліся ўжо самі валанцёры. Гэта так?

- З упэўненасцю магу сказаць, што ў мяне ніхто не губляўся. Бывала, збівалася група і нейкі з флангаў наперад сыходзіў, бывала, раздзіраўся трохі ланцуг. Так што хутчэй гэта пагалоска.

У нядзелю валанцёраў было прыкладна напалову менш, чым у суботу.

- Людзей зразумець можна: многім на працу, у многіх - сям'і. І нават я асабіста сёння не магу прысутнічаць, таму што знаходзілася там у выходныя і ўжо брала дні за свой кошт. Сёння трэба было вярнуцца на працу. Як яно будзе далей? Магчыма, я яшчэ туды прыеду і дапамагу. Але на самай справе я спадзяюся, што Максіма ўжо знойдуць - жывым і здаровым.

ФОТА: Кацярына Гардзеева, TUT.BY

Крысціна распавядае: гэта не першы прыклад доўгага пошуку людзей у яе практыцы.

- Прыкладаў стае розных, я б не хацела палохаць людзей. Быў мужчына, які ў дэпрэсіі сыходзіў у лес - мы яго шукалі шэсць дзён. Была жанчына, якую мы шукалі ў лесе два тыдні - на жаль, там крымінальны выпадак... Быў мужчына, які адправіўся ў лес па грыбы, і мы яго шукалі 14 дзён - на жаль, ён дагэтуль у вышуку.

Валанцёр успамінае, што маштабны пошук дзіцяці быў арганізаваны ў 2013 годзе. Дзяўчынку Насту шукалі два месяцы.

- На жаль, мы дагэтуль яе не знайшлі. Але часта размяшчаем арыенціроўку - на выпадак, калі знойдуцца нейкія сведкі. Пошукі працягваюцца. А быў прыклад, таксама ў 2013 годзе, калі дзяўчынка 13 гадоў знікла. Мы доўга яе шукалі, але адшукалася яна толькі праз год у Расеі. Так што я думаю, што не варта апускаць рукі.

Крысціна дадае: адсутнасць выніку - таксама вынік.

- Нават адмоўны вынік азначае: у тых месцах, дзе мы былі, а радыус пошуку вельмі вялікі, хлопчыка няма.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках