19 красавiка 2024, Пятніца, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

412 гадоў таму гетман Хадкевіч разграміў швэдаў пад Кірхгольмам

2
412 гадоў таму гетман Хадкевіч разграміў швэдаў пад Кірхгольмам

Бітва 27 верасня 1605 года стала трыумфам цяжкай кавалерыі Вялікага Княства Літоўскага.

Бітва пад Кірхгольмам - адна з найбуйнейшых бітваў вайны 1600-1611 гадоў паміж Швэцыяй і Рэччу Паспалітай, якая адбылася 27 верасня 1605 года. Бітва скончылася вызначальнай перамогай нашых продкаў над швэдамі і запомнілася як адзін з найвялікшых трыумфаў кавалерыі Рэчы Паспалітай, бо зыход бітвы прадвызначыў удар крылатых гусар.

Галоўнай падставай для бітвы была аблога швэдамі Рыгі, зладжаная імі 23 верасня 1605 года. Узяцце гэтага горада дазволіла б швэдам амаль бесперашкодна заняць Ліфляндыю цалкам.

Польны гетман ВКЛ Ян Караль Хадкевіч сабраў войскі Рэчы Паспалітай у табары пад Дзерптам і раніцай 25 верасня вывеў іх фарсіраваным маршам на Рыгу. Двухдзённы 80-кіламетровы марш скончыўся вечарам 26 верасня недалёка ад Кіргхольма і быў сам па сабе беспрэцэдэнтным для войска, у складзе якога былі пяхота і артылерыя, вымушаныя перасоўвацца па цяжкапраходных лясных дарогах.

Кароль Рэчы Паспалитай і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза

Швэдскі кароль, які даведаўся 26 верасня пра падыход войска ВКЛ, аднаасобна, без уліку меркавання швэдскіх ваяводаў, у ноч на 27 верасня вывеў амаль усё сваё войска насустрач Хадкевічу, пакінуўшы пад Рыгай толькі невялікія сілы для падтрымання аблогі.

27 верасня 1605 года нашы і швэдскія войскі сустрэліся каля невялікага гарадка Кірхгольма (цяпер Саласпілс у Латвіі, блізу 18 км на паўднёвы ўсход ад Рыгі).

Гетман Хадкевіч валодаў сіламі, што налічваюць блізу чатырох з паловай тысяч чалавек: 2500 крылатых гусар, 1300 пяхотнікаў, і некаторая колькасць татарскіх вершнікаў і казакоў, якія складалі авангард. У вызначальнай атацы разам з крылатымі гусарамі бралі ўдзел таксама і запарожскія казакі, больш прыстасаваныя да манеўравання, якія мелі не меншае значэнне ў сутычцы. У бітве таксама брала ўдзел польская шляхта.

Сілы Карла IX Швэдскага колькасна перасягалі і складаліся з 11 000 пяхоты (8500 кап’ёшчыкаў, 2500 мушкецёраў), 2500 кавалерыстаў і 11 гармат. Швэдскае войска ўключала некалькі тысяч нямецкіх і галандскіх наймітаў і некалькі соцень шатландцаў.

Вялікі гетман Ян Кароль Хадкевіч

Аднак, сілы ВКЛ добра адпачылі і іх кавалерыю складалі выдатна падрыхтаваныя крылатыя гусары - цяжкая кавалерыя, узброеная дзідамі, у той час як швэдская кавалерыя была не так добра падрыхтаваная, узброеная пісталетамі і карабінамі, на дрэнных конях, якая стамілася пасля доўгага начнога маршу пад праліўным дажджом. Большасць гусар былі з Вялікага Княства Літоўскага, блізу 200 былі з польскага кароннага войска, большасць з іх былі блізкімі хаўруснікамі Хадкевіча.

Швэдскія войскі, магчыма, былі пастаўленыя ў шахматным парадку. Ян Караль Хадкевіч вывеў свае сілы ў традыцыйных для ВКЛ глыбокіх баявых фармаваннях.

Схема бітвы 1605 года пад Кірхгольмам

Хадкевіч, маючы меншыя сілы (прыкладныя суадносіны 1:3), выкарыстоўваў падманны манеўр, каб выбавіць швэдаў з іх высокай пазіцыі. Бітва пачалася з атакі кавалерыі ВКЛ пад камандаваннем Дубровы на швэдскі левы фланг, з далейшым прытворным адступленнем. Швэды падумалі, што праціўнік пачаў адступаць, і адправілі ў пагоню сваю кавалерыю, руйнуючы строй.

Гэта ўваходзіла ў планы Хадкевіча, пяхота Рэчы Паспалітай адкрыла агонь, прычыніўшы швэдам пэўныя страты, пасля чаго гусары неўзабаве перагрупаваліся і накіраваліся на швэдскія баявыя парадкі. Швэдскія мушкецёры змаглі зрабіць толькі адзін залп, пасля чаго прыкладна 300 гусар з роты Вінцэнта Войны ўклініліся ў цэнтр баявых строяў швэдскай пяхоты, скаваўшы асноўныя сілы.

Заключны момант бітвы пад Кірхгольмам. Паводле малюнка К.Шлецці

У гэты час гусары Дубровы перайшлі ў контратаку, адкінуўшы кавалерыю Карла за фланг уласнай пяхоты, частка каралеўскай кавалерыі кінулася на ўцёкі, у пагоню за ёй накіраваліся лёгкаўзброеныя кавалерысты. Левае крыло швэдаў было разгромленае, на правым крыле гусары Сапегі ўступілі ў бой. Карл спалохаўся і кінуў на правае крыло ўсе свае рэзервы, уключаючы рэйтар, гэта быў крытычны момант. Хадкевіч зразумеў, што ў швэдаў не засталося свежых войскаў, і накіраваў у бой харугвы Ляцкага, які ўжыў абходны манеўр і разграміў каралеўскіх рэйтар. Затым кавалерыя Ляцкага абрынулася на швэдскую і нямецкую пяхоту, пасля чаго зыход бітвы быў прадвызначаны. Швэды і немцы змагаліся гераічна, паміраючы са зброяй у руках. Тых, хто кінуўся на ўцёкі, наганяла лёгкая кавалерыя.

Пасля паразы швэдскі кароль быў вымушаны зняць аблогу Рыгі, сплысці назад праз Балтыйскае мора ў Швэцыю і адмовіцца ад кантролю над паўночнай Латвіяй і Эстоніяй.

Бітва пад Кірхгольмам. Мастак Войцех Коссак. 1925 г.
Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках