25 красавiка 2024, Чацвер, 17:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Калінінградам забілі гарадзенскага музыку

25
Пад Калінінградам забілі гарадзенскага музыку
АРЦЁМ САМОЙЛАЎ

Арцём Самойлаў з сябрамі паехаў у Расею на заробкі.

Цела гарадзенскага музыкі Арцёма Самойлава, вядомага як Experimental Chemistry, знайшлі 23 верасня ў пасёлку Ермакова Калінінградскай вобласці, куды ён адправіўся на заробкі з сябрамі hrodna.life.

Арцём і некалькі іншых гарадзенцаў адправіліся ў Калінінградскую вобласць 1 верасня. Там хлопцам абяцалі высокааплатную працу і жыллё. За тры тыдні працадаўцы далі толькі апошняе, але пры гэтым увесь час абяцалі аформіць дакументы і даць працу.

«Пакуль мы чакалі працу, даводзілася чымсьці сябе займаць. Хадзілі займацца на турнікі, збіралі грыбы, яблыкі, у мясцовым старым клубе нам дазволілі гуляць у настольны тэніс, зрабілі невялікі рамонт у доме, у якім мы жылі. Арцём вельмі любіў рыбаліць, збіраць грыбы і яблыкі, - распавядае Яўген, сябра Арцёма. - У адзін дзень каля крамы да мяне падышло некалькі мясцовых хлопцаў, якім не спадабалася мая барада. Абяцалі пахаваць, калі я яе не збрыю. Сярод іх быў такі Толік, мясцовы завадатар. Ад іншых жыхароў я даведаўся, што ён увесь час удзельнічаў у нейкіх разборках і яму часта прылятала. Ён і заявіў мне: «У маёй вёсцы ніхто не будзе хадзіць з барадой!»

Гарадзенцы стараліся не звяртаць увагу на заўвагі мясцовых хуліганаў. Але пагрозы не спыняліся.

«Агулам з мясцовымі мы сябравалі. У пасёлку жылі людзі ў асноўным старэйшага ўзросту і маленькія дзеці, па якіх прыязджаў школьны аўтобус. Чым маглі, мы дапамагалі жыхарам, а яны дапамагалі нам: вадой, прадуктамі, інструментам, запрашалі ў лазню папарыцца. Але некалькі чалавек увесь час на грузавіку ездзілі, сігналілі, выходзілі з малатком і пагражалі», - дадае Яўген.

У выніку гарадзенцам працы не далі. Пасля трох тыдняў у пасёлку яны сталі паступова з'язджаць дадому - квіткі на самалёт былі на розныя дні. Яўген з першай групай хлопцаў прыляцеў у Беларусь 22 верасня. Арцём з астатнімі павінен быў паляцець праз некалькі дзён.

«Я павінен быў вылятаць з Калінінграда ў Менск у панядзелак 25 верасня, а Арцём у пятніцу 22-га, але атрымалася так, што мы з Арцёмам выпадкова памяняліся - брыгадзір купіў мне квіток на пятніцу, а Арцёму на панядзелак. Я паляцеў, а хлопцы засталіся. Увечары 23 верасня хлопцы пайшлі гуляць у тэніс у мясцовы клуб. Арцём пасля гульні выйшаў папаліць на вуліцу. Яго доўга не было, хлопцы выйшлі і ўбачылі каля ўваходу ў клуб цела ў крыві - гэта быў Арцём. Яны выклікалі хуткую, якая ехала 40 хвілін. Па прыездзе медыкаў Арцём яшчэ дыхаў, але выратаваць яго не атрымалася».

У тую ноч астатнія гарадзенцы не маглі заставацца ў пасёлку - гэта было небяспечна. Хлопцы з'ехалі ў Калінінград і начавалі там на аўтамыйцы.

Паліцыя 25 верасня знайшла меркаванага забойцу Арцёма - таго самага Толіка, які ўвесь час пагражаў гарадзенцам. Ідзе следства. Цела Арцёма сябры і сваякі забраць пакуль не могуць, бо яшчэ няма дазволу.

«На месцы Арцёма павінен быў быць я, але лёс распарадзіўся так, што памяняла сяброў месцамі. У выніку мы нічога не зарабілі, а толькі страцілі час і сябра. Каб прывезці цела Арцёма ў Горадню, трэба прайсці доўгую працэдуру. Як мне вядома, спачатку труна з целам паляціць з Калінінграда ў Маскву, адтуль у Менск, і ўжо толькі потым на катафалку ў Горадню. На ўсё гэта патрэбныя немалыя сродкі, адны бацькі не змогуць пацягнуць такія выдаткі. І мы - сябры Арцёма - просім дапамогі ў гарадзенцаў, якія яго ведалі», - дадаў Яўген.

Тэлефоны Яўгена: +375 25 9 295 041, +375 29 8 383 971.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках