19 красавiка 2024, Пятніца, 18:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Украіны: Да Паўла Грыба ў СІЗА не пусцілі ўкраінскіх консулаў

4
МЗС Украіны: Да Паўла Грыба ў СІЗА не пусцілі ўкраінскіх консулаў
ПАВЕЛ ГРЫБ

Украінскі патрыёт быў выкрадзены ў Беларусі.

Украінскія консулы 27 верасня не атрымалі дазволу ад Расеі на наведванне ў Краснадарскім СІЗА выкрадзенага ў Беларусі Паўла Грыба.

Пра гэта выданню «Украінская праўда» паведаміла прэс-сакратарка МЗС Мар'яна Беца.

З ейных слоў, толькі адзін раз украінскія консулы сустракаліся з Грыбам 18 верасня, але тады ім не дазволілі перадаць яму неабходныя лекі і задаваць пытанні, якія тычацца ўмоў яго ўтрымання.

«Нашы дыпламаты звярнуліся ў ФСБ РФ у Краснадарскім краі з просьбай дазволіць сустрэчу з Паўлам 27 верасня. Аднак ніякага адказу не атрымалі», - сказала Беца.

Яна таксама дадала, што ў МЗС не атрымалі дазволу на абследаванне Грыба ўкраінскімі лекарамі.

«Максімальна, што мы можам зрабіць у рамках нашых рычагоў на расейскі бок - мы зрабілі. Зноў будзем пісаць у прадстаўніцтва РФ і пасля чарговай сустрэчы з консулам, і пра дазвол на абследаванне ўкраінскімі лекарамі. Улічваючы стан яго здароўя, вельмі важна, каб украінскія медыкі мелі магчымасць агледзець Паўла, а таксама, каб ён мог браць неабходныя яму лекі», - паведаміла прэс-сакратарка.

«Грыба нібыта абследавалі расейскія лекары, але ніякай інфармацыі пра тое, якія ў яго бралі аналізы, менавіта з ім рабілі і якія высновы медыкаў - нам не паведамілі. Хутчэй за ўсё, гэта было зроблена з мэтай зняць пытанне абследавання Грыба ўкраінскімі лекарамі», - сказала Беца.

Цяпер ва ўкраінскіх консулаў няма інфармацыі пра стан здароўя Грыба, умоў яго ўтрымання, а таксама інфармацыі пра ход следства па нібыта «датычнасці» Паўла да тэрарыстычнага акту.

«Расейскі бок чарговым разам парушае законы міжнароднага права, у тым ліку забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Украіны на атрыманне консульскай прававой дапамогі. Улічваючы гэта, мы будзем ініцыяваць чарговы зварот на адрас прадстаўніцтва МЗС Расеі Краснадарскага краю з патрабаваннем атрымаць дазвол на наведванне Грыба нашымі консуламі», - паведаміла прэс-сакратарка замежнапалітычнага ведамства.

Таксама яна адзначыла, што ўкраінскі МЗС апелюе да ўсіх міжнародных урадавых і няўрадавых інстанцый, з мэтай уздзеяння на Расею. Беца дадала, што пакуль няма ніякай інфармацыі з боку Беларусі аб тым, якім чынам ўкраінскі грамадзянін быў выкрадзены ў Гомелі.

Як вядома, Павел Грыб знік 24 жніўня ў Беларусі. З ягоных слоў, на аўтастанцыі Гомеля яго выкралі невядомыя людзі ў цывільным і перадалі іншым невядомым людзям у нейкім лесе. Больш за суткі яго трымалі ў памяшканні без вокнаў, пасля чаго адвезлі ў Смаленскую вобласць, дзе аформілі арышт.

Беларусь не прызнае сваёй датычнасці да выкрадання Грыба.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках