24 красавiка 2024, Серада, 10:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Суперкамбайн сажне самога Лукашэнку

74
Леанід Заіка: Суперкамбайн сажне самога Лукашэнку

Дыктатару найлепш сысці і не перашкаджаць беларусам.

Калі ўлада не ў стане развязаць праблемы эканомікі, ёй даводзіцца займацца шаманскімі рытуаламі і заклікаць на дапамогу містычныя «суперсілы».

Апошнімі днямі ў Лукашэнкі часта праслізгвалі думкі пра розныя «слупы», кожны з якіх можа падперці спарахнелы будынак аўтарытарнай эканомікі. Пакуль нарэшце ў пятніцу, 1 верасня, ён не разрадзіўся «трыадзінай» формулай «росквіту». Аказваецца, усё, што трэба Беларусі - гэта суперкамбайн, супераўтамабіль і супертрактар.

Пра сваю «сакрэтную зброю» дыктатар распавёў - ні многа, ні мала - вучням Менскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа, якіх наведаў у гонар Дня ведаў. Ці могуць гэтыя тры «супер» сапраўды стаць асновай развіцця краіны? На гэтае пытанне Charter97.org адказвае эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка:

- Хачу заўважыць, што такое частае ўжыванне слова «супер» - гэта з дзіцячага лексікону 8-10-12-гадовых хлопчыкаў. Гэта яны любяць казаць пра «суперсілу», «супермэна» і іншыя рэчы, якія запазычаныя з кампутэрных гульняў і інтэрнэту.

Так як у мяне сын па ўзросце супадае з Колем Лукашэнкам, то я дакладна ведаю, адкуль узялася гэтая тэрміналогія.

З іншага боку, я вельмі ўсцешаны тым, што Лукашэнка загаварыў пра тое, што трэба рабіць электрамабілі па прынцыпе тых, якія стварае Ілан Маск. Таму што ўжо два гады я не стамляюся паўтараць, што Беларусі трэба адмовіцца ад такіх глупстваў 19-га стагоддзя, як аграрная эканоміка або трактарна-камбайн «прарыў».

Даўно пара было рабіць такія рэчы, як 3D-вытворчасць, інфармацыйныя тэхналогіі і электратранспарт. Я рады, што ўвесь пералік таго, што павінна стаць асновай эканомікі, узяты з маіх работ. Мастаку заўсёды прыемна, калі робяць копіі з яго карцін.

Іншая справа, што Лукашэнка ўжо спазніўся з канцэнтрацыяй на гэтых трох галінах. У Расеі ціха, без заяваў пра «супертрактар» і «суперкамбайн» ужо на ўсю моц робяць беспілотную тэхніку. Без лішняга афішавання там ствараюць камбайны, якія працуюць без чалавека на GPRS і электронных мапах. За гэтай тэхнікай - будучыня. І гэта ўжо пару гадоў таму трэба было рабіць у Беларусі, каб не апынуцца ў гістарычнай яме са сваімі трактарамі і старымі дзядзечкамі на трактарах.

Так што словы ў цэлым правільныя.

- Ці будуць за імі такія ж правільныя дзеянні?

- Гэта вельмі вялікае пытанне. Усё гэта можна зрабіць, толькі калі не прыцягваць да гэтага Менскі трактарны завод, «Гомсельмаш» і да таго падобнае. Гэта запатрабуе стварэння цалкам новых вытворчасцяў і новых прадпрыемстваў.

Акрамя таго, такая вытворчасць запатрабуе цалкам новых людзей у стырна краіны. Тут ужо цяперашні прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў не падыходзіць. Трэба глядзець яшчэ шырэй: каб стварыць суперкамбайн, трэба скасаваць наогул усіх чыноўнікаў з нашага ўраду і замяніць іх цалкам новай камандай. Да кіравання краінай павінны прыйсці зусім новыя людзі.

- Ці гатовыя ўлады да такіх пераменаў?

- Усе мы глядзелі відэа, як Лукашэнка капае на сваім участку бульбу. Ён разам з Колем робіць гэта так жа, як у 1970 годзе я рабіў са студэнтамі на бульбе. Мяне трохі здзівіла, што праз 47 гадоў, як у зачараваным коле, адбываецца адно і тое ж. Тэхналогія за паўстагоддзя не змянілася: капалка, ручная ўборка, фіялетавыя мяшкі і іншае.

Калі Лукашэнка сам выкарыстоўвае тэхналогіі 47-гадовай даўніны, то відавочна, што яму вельмі цяжка будзе засяродзіцца на больш разумных рэчах, такіх як электратранспарт, ІТ-тэхналогіі, 3Д-друкаркі і гэтак далей.

Атрымліваецца, што яму трэба альбо радыкальным чынам мяняцца, што сумнеўна, альбо сыходзіць. Прычым сыходзіць разам з Колем.

Напісаць каментар 74

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках