29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святар, які прайшоў праз Салаўкі і Сібір

3
Святар, які прайшоў праз Салаўкі і Сібір

Па нацыянальнасці ён быў латышом, але моцна любіў Беларусь, беларусаў і выдатна размаўляў на мове нашага народа.

Святар, які прайшоў праз шматлікія лагеры, але застаўся моцны ў веры, — Баляслаў Слосканс.

Рыма-каталіцкі святар, біскуп, апостальскі адміністратар Мінскі і Магілёўскі, беларускі і латышскі рэлігійны і грамадскі дзеяч Баляслаў Слосканс нарадзіўся ў былой Віцебскай губерні ў Стэрнянах пад Рэжыцай (цяпер гэта Латвія) у каталіцкай сям’і Бярнарда і Цыцыліі Слоскансаў. Навучаўся ў каталіцкай духоўнай акадэміі ў Петраградзе. Працаваў душпастырам у Петраградзе, Маскве і ў Віцебску.

У маі 1926 года Баляслава Слосканса прызначылі на пасаду апостальскага адміністратара мінскага і магілёўскага. У сваіх выступах ён імкнуўся выкарыстоўваць і беларускую, і польскую мовы. Каб растлумачыць стаўленне да моўнай палітыкі, ён аднойчы падчас наведвання Гомельскай парафіі звярнуўся да прысутнай у касцёле інтэлігенцыі па-польску: «Казанне мае на мэце выясніць усім вернікам, без розніцы ступені іхняе асветы, найважнейшую справу іхняга жыцця, справу збаўлення душы. Дык гаварыць аб гэтым у такой мове, якой добра не разумеюць шырокія масы, было б дарэмнаю гаворкаю, а казаць два казанні ў розных мовах я не маю часу. Дзеля гэтага прашу інтэлігенцыю прыстасавацца да мовы шырокіх кругоў вернікаў і выслухаць казанне ў беларускай мове».

Бацькі Баляслава Слосканса

За сваю актыўную дзейнасць на пасадзе апостальскага адміністратара Баляслаў Слосканс у верасні 1927 года быў арыштаваны і высланы ў Салавецкія лагеры. Смяротнасць у лагерах сярод зняволеных была тады даволі вялікая. У 1929 годзе на востраве Анзэр з 1000 зняволеных памерла 700. Здароўе і ўладыкі Баляслава ў 1930 годзе было вельмі падарваным ад працы і холаду. Але ён выжыў і адбыў тэрмін зняволення, які яму прысудзілі.

17 верасня 1930 года ў яго скончыліся тры гады зняволення. 13 кастрычніка ўладыку Баляслава паклікалі ў канцылярыю лагера і сказалі збірацца «з рэчамі» на ад’езд. І ён пачаў рознымі шляхамі і транспартам дабірацца да Ленінграда. Прыехаўшы ў горад на Няве, Баляслаў Слосканс вырашыў наведаць біскупа Малецкага. Але той так спалохаўся яго візіту, што ўладыка Баляслаў вырашыў больш нікога не турбаваць і паехаў на Магілёў, каб зноў працягваць душпастырскую працу сярод сваіх вернікаў.

У Магілёве Слоскансу неабходна было спачатку атрымаць дакументы на прыпіску, таму ён пайшоў у ДПУ. Там яго сустрэлі са здзіўленнем. Маўляў, сёння дакументы на прыпіску не так проста дастаць, бо цяпер уладыка Слосканс з’яўляецца для ўсіх каталікоў контррэвалюцыянерам. Супрацоўнікі ДПУ прапанавалі яму пакінуць Магілёў і паехаць у Смаленск. Але Баляслаў Слосканс адмовіўся: «Не, я хачу застацца ў Магілёве, а калі я тут такі непажаданы госць, дык можа вы зноў мяне арыштуеце і вышлеце куды вам падабаецца?..» Здзіўленыя дэпэушнікі адказалі: «Гм, калі так, дык пачакайце крыху…»

І доўга чакаць не давялося. Праз дзесяць дзён пасля прыезду Баляслава Слосканса ў Магілёў, яго зноў арыштавалі і высылалі ў Сібір.

Баляслаў Слосканс, 1933 г.

Падарожжа на высылку прыйшлося адбываць этапамі. У сакавіку 1931 года ён прыбыў у Енісейск. Адтуль праз два месяцы яго перавялі ў Стара-Юруханск, а на новы 1932 год — у Краснаярск. Там Баляслаў Слосканс мусіў сам знаходзіць сабе працу і харчаванне. Але ратавала рыбалоўства. Праз год Слоскансу паведамілі, што яго пераводзяць у Маскву.

Праз тыдзень знаходжання ў маскоўскай турме, 20 студзеня 1933 года біскупа выклікалі ў суд, дзе яго чакаў пасол латвійскага ўраду, які паведаміў яму, што, дзякуючы латвійскаму ўраду і апостальскаму пасаду, савецкі ўрад пагадзіўся яго выменяць на аднаго камуніста, і дзеля гэтага ўжо заўтра можна выехаць у Рыгу.

Гэтую прапанову ўладыка Слосканс пагадзіўся прыняць не адразу, кажучы, што яго абавязак — берагчы даручаную яму паству, бо вернікі ведаюць, што архіпастыр іх не пакінуў і за іх сёння церпіць і моліцца. На гэта пасол адказаў, што, калі ёсць такая мажлівасць адсюль выратавацца, то яе трэба хутка выкарыстаць. Баляслаў Слосканс паслухаў пасла — і праз некалькі дзён ён быў ужо ў Рызе. А з Рыгі праз пэўны час яго віталі ў Рыме. Там ён прабыў некалькі месяцаў. А потым паехаў у вандроўку па Еўропе, сустракаючыся з вернікамі, і вярнуўся ў Рыгу, дзе працаваў у семінарыі і ва ўніверсітэце.

Падчас Другой сусветнай вайны гітлераўскія ўлады пастаянна перашкаджалі ўладыку Слоскансу выконваць яго архіпастырскія абавязкі на Беларусі. А ў 1944 годзе нямецкае гестапа вывезла яго ў Германію ў лагер для ваеннапалонных Шнайдэмюле, адкуль яго, дзякуючы нямецкім епіскапам, вызвалілі.

Баляслаў Слосканс

Пасля вызвалення Слосканс жыў у горадзе Айхштэт у Баварыі, а затым у манастыры капуцынаў у Лор-на-Майне. Там святар знаходзіўся да 1947 года. Пасля беларусы-вернікі запрасілі яго ў Бельгію. Адтуль апостальскі пасад камандзіраваў святара візітаваць беларускія асяродкі ў Францыі, Бельгіі і Германіі. Дарэчы, варта дадаць, што Баляслаў Слосканс паважна спрычыніўся сваім заступніцтвам і да арганізацыі беларускага цэнтру ў Лювене (Бельгія).

Афіцыйна біскуп Баляслаў Слосканс быў апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-каталікаў з 19 снежня 1952 года, а з 14 лютага 1953 года — і адказным за душпастырства для беларусаў лацінскага абраду ў Заходняй Еўропе. Але ўжо ў папярэднія гады ён наведваў і падтрымліваў духоўна многіх беларусаў-эмігрантаў і асабліва дапамагаў беларускім студэнтам, якія вучыліся ў каталіцкім універсітэце ў Лювене. Ён шчыра быў зацікаўлены духоўным і культурным развіццём сярод беларусаў на Захадзе, асабліва маладых студэнтаў і інтэлектуалаў.

Для духоўнага і культурнага жыцця беларусаў на Захадзе вельмі важнай была таксама падтрымка, якую біскуп Баляслаў аказваў вядомаму беларускаму музыку Міколу Равенскаму — аўтару музыкі беларускага рэлігійнага гімна «Магутны Божа».

Актыўны ўдзел біскупа Баляслава Слосканса ў духоўным і культурным жыцці беларусаў замежжа вызначаўся і ў матэрыяльнай, і ў маральнай дапамозе, якую ён надаваў беларускім каталіцкім часопісам «Źnič» («Зніч»), што выдаваўся ў Рыме Пятром Татарыновічам, і «Божым шляхам», які выдаваўся ў Парыжы Львом Гарошкам. Адным словам, фінансаваў гэтыя выданні і матэрыяльна дапамагаў кампазітару Міколу Равенскаму.

Вялікая заслуга біскупа Баляслава Слосканса для душпастырскіх патрэбаў беларусаў на эміграцыі была і ў тым, што ён, як апостальскі візітатар для беларусаў замежжа, падтрымаў ліст, які беларускія святары напрыканцы іх агульнай сустрэчы ў Рыме прадставілі Папе Яну XXIII 6 лютага 1960 года. У лісце была просьба прызначыць для беларускіх католікаў уласнага біскупа. Ліст-мемарыял быў падпісаны біскупам Баляславам Слоскансам і беларускімі святарамі, якія займаліся душпастырскай апекай беларускіх эмігрантаў абодвух абрадаў у Заходняй Еўропе. І сапраўды, 2 ліпеня 1960 года Папа Ян ХХІІІ намінаваў айца Чэслава Сіповіча — рэктара беларускай місіі ў Лондане, першым беларускім біскупам ад часу знішчэння ў 1839 годзе царскімі ўладамі Расійскай імперыі структур унійнай грэка-каталіцкай царквы.

У Ватыкане. Баляслаў Слосканс (крайні справа), крайні злева Чэслаў Сіповіч

Абодва іерархі засталіся ў глыбокай сяброўскай прыязні аж да смерці. Абодва і памерлі ў адзін год: біскуп Баляслаў Слосканс — 18 красавіка 1981 года, біскуп Чэслаў Сіповіч — 4 кастрычніка 1981 года. Іх асабістае сяброўства было таксама важным знакам сяброўства народаў латышскага і беларускага.

У канцы 2004 года біскуп Баляслаў Слосканс афіцыйна быў абвешчаны вызнаўцам веры. А ў 2013 годзе адна з вуліц Рыгі пачала насіць яго імя.

Сяргей Чыгрын, «Новы час»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках