23 красавiка 2024, aўторак, 12:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхар Лепеля распавёў, як зарабіць у «Што? Дзе? Калі?»

Жыхар Лепеля распавёў, як зарабіць у «Што? Дзе? Калі?»
ВІКТАР РАДЗЬКО

Пытанні пра шпакоўню і цвік прынеслі Віктару Радзько нядрэнны выйгрыш.

4 верасня 1975 года ў тэлеэфір выйшаў першы выпуск гульні «Што? Дзе? Калі?». Праз некаторы час нацыянальныя версіі тэлепраграмы з'явіліся і ў іншых рэспубліках былога Савецкага саюза, у тым ліку, і ў Беларусі, піша vkurier.by.

Прыхільнікі «Што? Дзе? Калі?» ведаюць, што ў кожнай гульні бяруць удзел дзве каманды: каманда знаўцаў і каманда тэлегледачоў. Калі ў першую патрапіць вельмі складана: усе патэнцыйныя кандыдаты праходзяць даволі жорсткі адбор, то падрыхтаваць і даслаць сваё пытанне можа кожны. У гэтым пераканаўся жыхар Лепеля Віктар Радзько, які ўжо не першы год гуляе супраць беларускіх знаўцаў.

ВІКТАР РАДЗЬКО. ФОТА З АСАБІСТАГА АРХІВА ГЕРОЯ АРТЫКУЛА

«Галоўнае – гэта добрае пытанне, – распавёў Віктар. – Не веданне або няведанне прадмета, а тое пытанне, які дазволіць знаўцам, разважаючы лагічна, дайсці да правільнага адказу».

І Віктар Мікалаевіч ведае, аб чым гаворыць, бо жыхар Лепеля ўжо амаль дваццаць гадоў кіруе інтэлектуальным клубам «Ра» ў Лепельскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі. У аб'яднанні займаюцца школьнікі, пачынаючы з чацвёртага класа. Сёння іх блізу 40-50 чалавек, якіх Віктар Мікалаевіч вучыць імкнуцца да пазнання, развіваць свае разумовыя здольнасці і думаць лагічна.

«Я сам –чалавек, які захапляецца інфармацыяй. Можна сказаць, што атрымліваю задавальненне тады, калі знаходжу штосьці цікавае і новае для сябе, – прызнаецца Віктар Радзько. – Напрыклад, цяпер вывучаю гісторыю пуантаў. Думаю, гэтая інфармацыя можа легчы ў аснову майго будучага пытання знаўцам. А пакуль падзялюся ёй са сваімі вучнямі».

ВІКТАР РАДЗЬКО З ВУЧНЯМІ СЯРЭДНЯЙ ШКОЛЫ №3, УДЗЕЛЬНІКАМІ КЛУБА «РА», ПРЫЗЁРАМІ РЭСПУБЛІКАНСКІХ ТУРНІРАЎ «ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?». ФОТА З АСАБІСТАГА АРХІВА ГЕРОЯ АРТЫКУЛА

Хлопцы, якіх трэніруе Віктар, паспяхова выступаюць на рознага ўзроўню інтэлектуальных спаборніцтвах, фестывалях і конкурсах, адкуль нярэдка вяртаюцца калі не з перамогай, то з годным месцам у першых шэрагах. Віктар Мікалаевіч і сам рэгулярна праводзіць у Лепелі гульні для дзяцей, падлеткаў і дарослых. А ў 2009 годзе лепелец задумаў зняць на мясцовай тэлевізіі інтэлектуальную перадачу для дзяцей і паслаць яе на нацыянальны тэлевізійны конкурс «Тэлевяршыня». Там праект Віктара Радзько «Галактыка IQ» заняў чацвёртае месца.

ТАКУЮ ЎЗНАГАРОДУ АД БЛІК (БЕЛАРУСКАЙ ЛІГІ ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫХ КАМАНД) ВІКТАР МІКАЛАЕВІЧ АТРЫМАЎ У 2015 ГОДЗЕ. ФОТА З АСАБІСТАГА АРХІВА ГЕРОЯ АРТЫКУЛА

Ідэя зрабіць тэлевізійную інтэлектуальную перадачу на лепельскай тэлевізіі рэгулярнай ніколі не пакідала Віктара Мікалаевіча, і, напэўна, рана ці позна ягоны праект увасобіцца ў жыццё. Што тычыцца ўдзелу жыхара Лепеля ў тэлевізійных гульнях «Што? Дзе? Калі?» у Беларусі, то Віктар Мікалаевіч не хацеў проста праверыць, ці змогуць знаўцы адказаць на ягонае пытанне, але і паглядзець на тое, як здымаецца перадача знутры, каб гэты досвед у будучыні выкарыстоўваць у сваёй аўтарскай праграме.

ВІКТАР РАДЗЬКО Ў СКЛАДЗЕ КАМАНДЫ ЗНАЎЦАЎ НА ПЕРАДАЧЫ «IQ-700» НА ТЭЛЕКАНАЛЕ «СКІФ» У 2016 ГОДЗЕ. ФОТА З АСАБІСТАГА АРХІВА ГЕРОЯ АРТЫКУЛА

Гульні беларускага клуба «Што? Дзе? Калі?», у адрозненне ад расейскага, ідуць не ў жывой трансляцыі, а ў запісе. Для гэтага тэлекампанія арандуе розныя павільёны, абсталёўвае іх студыі і цягам двух выхадных дзён блокамі запісвае перадачы. Для ўсіх гульцоў і гасцей клуба дзейнічае строгі дрэс-код: мужчыны ў гарнітурах і матыльках (у гасцей дапускаюцца гальштукі), а дамы ў чорных вячэрніх сукенках.

Віктар Мікалаевіч некалькі разоў прысутнічаў на запісах праграмы, як госць і як аўтар пытанняў, і тройчы перамагаў знаўцаў клуба. Большасць дасланых ім заданняў уяўлялі сабой відэапытанні, якія лепелец здымаў сам. А аднойчы Віктар Радзько паслаў у студыю ўласнаручна зробленую шпакоўню і цвік і не пралічыўся: гэтае пытанне было прызнанае найлепшым не толькі ў выніках адной гульні, але і ў выніках серыі гульняў. Аўтара чакала цалкам годнае ўзнагароджанне: блізу 1,5 тысяч даляраў у беларускіх рублях.

Тут на руку мне адыграла «правінцыйнасць», – распавёў Віктар. – Разлік быў на тое, што сталічныя жыхары могуць гэтага не ведаць. А сутнасць была ў чым: я змайстраваў шпакоўню па ўсіх правілах: каб была адтуліна, праз якую птушка можа патрапіць унутр, і каб адкрываўся дах. Знаўцам было зададзенае пытанне, што вучань прынёс такую шпакоўню на ўрок працы, а настаўнік сказаў, што паставіць яму «двойку». А калі школьнік хоча атрымаць «дзясятку», то за хвіліну павінен выправіць свой выраб. Гэта я і прапанаваў зрабіць знаўцам з дапамогай цвіка. Што цікава, гэтае пытанне я апрабаваў на настаўніках працы ў лепельскіх школах, і яны ведалі правільны адказ, а вось менскія знаўцы – не. Уся справа ў тым, што птушка, калі залятае ў шпакоўню, не можа махаць там крыламі, і, каб выбрацца вонкі, чапляецца за сценкі кіпцюрамі. Таму ўсё, што трэба было зрабіць знаўцам: падрапаць цвіком дошку знутры, каб яна не была гладкай. У адваротным выпадку шпакоўня можа стаць пасткай, і птушка проста загіне ўнутры».

Са слоў Віктара, усе гульні у клубе праходзяць сумленна. На сталах у гульцоў пэўная колькасць пытанняў: адны – больш лёгкія, іншыя – больш складаныя, а якую чарговасць абярэ ваўчок, не ведае ніхто.

ВІКТАР РАДЗЬКО З КАМАНДАЙ АЛЯКСЕЯ ПАЛЯВОГА, ПЕРАМОЖЦАМІ ВЯСНОВЫХ ГУЛЬНЯЎ «ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?» У 2010 ГОДЗЕ. ФОТА З АСАБІСТАГА АРХІВА ГЕРОЯ АРТЫКУЛА

«Тым, хто хоча паспрабаваць сябе і напісаць ліст на перадачу, раю не баяцца і адпраўляць як мага больш пытанняў, – расказаў Віктар Мікалаевіч. – Спачатку яны пройдуць «мадэрацыю»: дасведчаная рэдактарская група праверыць, ці не гучала такі пытанне дзе-небудзь раней, і вызначыць, ці вартае яно прайсці ў эфір. Пасля гэтага пытанне патрапіць у чаргу і згуляе ў адной з гульняў. І калі ў расейскім клубе для гэтага давядзецца чакаць гады два-тры, то ў Беларусі значна менш. І нават калі ваша пытанне не прайшло, не хвалюйцеся і пішыце наступнае. Перамагчы знаўцаў можа кожны. А самае галоўнае, што я хачу параіць усім бацькам: прыядноўвайце дзяцей да інтэлектуальнага руху, і вы не пралічыцеся».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках