25 красавiка 2024, Чацвер, 4:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наступствы ўрагану ў Менску

9
Наступствы ўрагану ў Менску
Фота: МНС

Штармавое папярэджанне абвешчанае і на сённяшні дзень.

Увечары 4 верасня на Менск і Менскую вобласць абрынулася непагадзь - залевы і моцны вецер. У выніку пацярпелі тры чалавекі. Пра гэта паведамляе прэс-служба МНС.

4 верасня шквалісты вецер паваліў у Менску на вуліцы Брыля прыпыначную паветку на людзей. У выніку падзення каркаса прыпынку пацярпелі тры чалавекі - двое мужчын 20 і 56 гадоў, а таксама 19-гадовая дзяўчына. Яны шпіталізаваныя з рознымі траўмамі.

Таксама зафіксаваныя 25 выпадкаў падзення дрэў у Менску. Паваленымі дрэвамі пашкоджаныя 17 аўтамабіляў. Да прыкладу, адно дрэва на вуліцы Байкальскай пашкодзіла чатыры легкавікі - Renault Koleos, Peugeot 406, Nissan Primera і Renault Megane.

Таксама падзенне дрэў пашкодзіла дахі двух прыватных дамоў - на вуліцах Падлеснай і Акрэсціна.

Работнікамі МНС ды іншых арганізацый праводзіліся работы для распілоўвання і прыбірання паваленых дрэў. Агулам для ліквідацыі наступстваў кароткачасовага ўзмацнення ветру задзейнічаныя 20 адзінак тэхнікі МНС і 91 супрацоўнік установы.

Нагадваем, што штармавое папярэджанне абвешчанае і на 5 верасня. На большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць дажджы, месцам - моцныя дажджы. Вецер зменлівых кірункаў 5-10 м/с, парываннямі да 14 м/с. Тэмпература паветра максімальная ўдзень складзе +10…+16°C, на поўдні - да +18°C. У Менску ўдзень хмарна, дождж. Вецер паўночна-ўсходні сярэдні. Максімальная тэмпература паветра +14...+16°C.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках