20 красавiка 2024, Субота, 7:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Хай забіраюць свае танкі-шманкі і вымятаюцца

28
Мікалай Статкевіч: Хай забіраюць свае танкі-шманкі і вымятаюцца
Мікалай Статкевіч

Абавязак кожнага беларускага мужчыны абараніць свой дом.

Беларускі Нацыянальны Кангрэс рыхтуе Акцыю папярэджання акупацыі краіны 8 верасня а 19.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска.

Напярэдадні адзін з лідараў БНК Мікалай Статкевіч адказаў на пытанні тэлеканала «Белсат».

- Раскажыце больш падрабязна пра план Акцыі папярэджання. Як гэта будзе выглядаць?

- БНК апублікаваў не ўвесь план, а элементы правядзення акцыі 8 верасня. І калі вы паглядзіце сайты беларускіх незалежных медыяў і не ўбачыце гэтага плана, то зможаце адразу зрабіць высновы, чаго вартыя гэтыя СМІ ў гэтай сітуацыі.

А план у нас дастаткова просты: выказваць свой пратэст і паказаць рашучасць абараняць сваю краіну трэба ў цэнтры сталіцы. Мы збяромся на Кастрычніцкай плошчы а 19.00, там пройдзе мітынг. Пасля, каб нагадаць пра традыцыі беларускіх партызан патэнцыйным агрэсарам, пройдзем да плошчы Перамогі і помніка Перамогі, дзе ўскладзём кветкі ў гонар беларускіх партызан Другой сусветнай вайны. Пасля гэтага мы накіруемся да месца, дзе пройдзе цырымонія Прысягі свабодзе.

- Вы збіраецеся праводзіць акцыю 8 верасня, за некалькі дзён да афіцыйнага пачатку вайсковых вучэнняў «Захад-2017». Але кажуць, што вучэнні ўжо пачаліся.

- Так, вучэнні ў нашай краіне ўжо ідуць. Яны маскуюцца пад вучэнні частак. Таксама ўжо былі авіяцыйныя вучэнні. Ведаеце, мы не супраць вучэнняў, войска павінна вучыцца, але асаблівасць гэтых манеўраў у тым, што на нашу тэрыторыю ўвайшоў значны кантынгент дзяржавы, якая ваюе з нашай суседкай Украінай і знаходзіцца ў нарастаючым канфлікце з іншымі нашымі суседзямі, якія ўваходзяць у блок NATO.

Гэта вельмі небяспечна. Гэта патэнцыйнае ўцягванне нас у ваеннае супрацьстаянне. Нам яно не трэба. Яно супярэчыць нашай Канстытуцыі, дзе напісана, што Беларусь павінна імкнуцца да нейтралітэту.

Ёсць яшчэ вялікая імавернасць, што гэтыя войскі могуць пакінуць базы дыслакацыі, каб потым неўзабаве сюды вярнуцца. Не выключаецца таксама варыянт, што войскі РФ так і застануцца ў нашай краіне.

Мы хочам папярэдзіць пагрозу. Лепш папярэдзіць уцягванне ў вайну і саму вайну, чым потым расхлёбваць наступствы.

Абавязак мужчыны – абараняць свой дом і краіну. Мы павінны папярэдзіць агрэсараў, што мы будзем гэта рабіць. Хай забіраюць свае танкі-шманкі, жаўнераў, павучацца, пабегаюць і прыбіраюцца адсюль, едуць дадому. І больш сюды не вяртаюцца.

- Ці не атрымліваецца, што ўжо позна абараняць тое, аб чым вы кажаце. Гэта значыць, ужо няма чаго абараняць, Лукашэнка даўно здаў краіну?

- Фармальны суверэнітэт у нас ёсць і дагэтуль сталых вайсковых баз, за выключэннем двух так званых вайсковых аб'ектаў з нязначнай колькасцю вайскоўцвў, на нашай зямлі не было. Гэта самае галоўнае. Пакуль тут былі толькі беларускія вайсковыя фармаванні. Так што пакуль Беларусь яшчэ да канца не здадзеная, хоць нашу незалежнасць прадаюць па частках. І, дарэчы, акцыя будзе папярэджаннем і для Лукашэнкі.

- Ёсць даследаванне прарасейскіх настрояў у войску і яно выглядае жудасна. Афіцэрскі склад настроены досыць па-прарасейску...

- Так, настрой больш прапуцінскі і антылукашэнкаўскі. Мы бачым, што сітуацыя можа быць горшай, чым ва Украіне, калі, не дай Бог, дойдзе да крайніх варыянтаў. Абараніць Беларусь зможа толькі сам беларускі народ. Мы павінны паказаць гэта. Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што лепш гэта прадэманстраваць, заявіць, паказаць, што мы выйшлі, мы гатовыя абараняць краіну, калі спатрэбіцца, са зброяй у руках. Лепш не лезьце!

Нам, магчыма, не ўдасца папярэдзіць іх прыезд, яны ўжо тут. Павучыліся па нашых лясах, пабегалі, паездзілі і вяртайцеся дадому. Не заставайцеся! Калі яны застануцца тут, то мы будзем разглядаць гэта як пачатак агрэсіі і станем абараняць сваю незалежнасць.

- Міністэрства абароны абяцае, што да канца месяца ніводзін расейскі вайсковец тут не застанецца...

- Я не думаю, што варта сур'ёзна ставіцца да слоў гэтых «швэйкаў». Што ім скажа начальнік, то яны і будзе казаць, а на наступны дзень скажуць іншае. У гэтых людзей няма гонару.

- Калі Лукашэнка думае пра нейкую незалежнасць, то навошта дазваляе вакол і ўнутры краіны такую цесную інтэграцыю з расейскім войскам?

- Таму што ў Лукашэнкі псіхалогія старшыні калгаса. Ён прывык у райкам па датацыю ездзіць, і цяпер ён з нашай краіны зрабіў вялікі калгас са сталымі непазбежнымі стратамі. Ён ездзіў у маскоўскі райкам, атрымліваў грошы, думаў, што гэта ўсё за проста так. «Вось шчасце прываліла!» Нагаворыць там пра сяброўства, пра «сапраўдных расейцаў са знакам якасці» і думае, што яму будуць плаціць. А тыя плацяць, кажуць «кось-кось», а потым у аброць.

У выніку, наша эканоміка стала цалкам залежнай ад гэтага наркотыку, гэтых датацый. Яны ў кожны момант могуць выставіць і выстаўляюць дзе-небудзь ціха, кошт. Кажуць: давай, гуляй або плаці чымсьці, напрыклад, суверэнітэтам. Лукашэнка сам залез у гэтую яму і зацягнуў туды нашу краіну.

Ён завёў нас у вельмі небяспечную сітуацыю. Гэты чалавек калісьці яшчэ адкажа за гэта.

- Мы чуем ужо 23 гады, што ён адкажа. Але ён усё далей і далей цягне Беларусь, як вы кажаце, у яшчэ больш небяспечныя сітуацыі...

- Ён чуе. Калі ён збіраўся далучыць Беларусь да РФ і ўзначаліць гэтую павялічаную Расею, мы паказалі, што незалежнасць будзе абароненая. Тады дзясяткі тысяч людзей выйшлі на Марш Свабоды 17 кастрычніка 1999 года і, калі іх паспрабавалі спыніць, то паляцелі камяні. Гэта было, напэўна, дрэнна. Былі дзясяткі параненых паводле афіцыйных звестак, але пасля гэтага Лукашэнка зразумеў, што яго чакае. Ён стаў гаварыць пра незалежнасць.

Цяпер ён спрабуе затармазіць, але ён занадта глыбока залез тады, у 90-я. Ён спрабуе рыпацца, але змяніць сваю палітыку не можа, бо старшыня калгаса не можа пабудаваць сучасную эканоміку, дзе былі б эканамічныя свабоды, якія абапіраюцца на закон, прыняты сапраўдным парламентам, дзе існуе права ўласнасці, палітычныя свабоды, гарантыя незалежных судоў. Ён гэтага не разумее. Ён, можа быць, і рады штосьці змяніць, але не можа. Але ён нас слухае, паверце, слухае і ўжо баіцца.

- Сёння, аднак, дзясяткі тысяч людзей не выходзяць на вуліцы...

- Тады пагроза было відавочнай. Людзі цяпер, напэўна, прывыклі. Яны, як вашы калегі, шукаюць магчымасці выжыць. Калі ўжо некаторыя незалежныя журналісты шукаюць камфорт, то што ўжо казаць пра простых людзей.

Цяпер сапраўдную пагрозу бачыць невялікая колькасць людзей, тыя, якія могуць аналізаваць, супастаўляць. Мы іх убачым 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы. Астатнія ж проста жывуць сваім жыццём, сваімі праблемамі. Калі сітуацыя зменіцца, мы ўбачым не толькі дзясяткі тысяч людзей на вуліцах, але, думаю, што ў выпадку пагрозы, мы ўбачым тысячы людзей, якія будуць абараняць краіну.

Ёсць патрыятычнае ядро, якое павінна клапаціцца аб краіне. Калі ж пагроза стане рэальнай, я думаю, да гэтага ядра далучыцца нашмат больш людзей. Пакуль што менавіта патрыёты павінны сказаць сваё слова.

Калі мы абаранялі ў 90-х незалежнасць, не заўсёды выходзілі дзясяткі тысяч. Часам гэта былі сотні, тысячы, але мы прадаўжалі выходзіць і, калі стала зразумела, што напраўду краіну здаюць, за нашымі плячыма апынуліся дзясяткі тысяч чалавек. Яны ўжо ведалі, за кім трэба ісці, хто абароніць гэтую краіну.

- А як выглядае сітуацыя з іншымі апазіцыйнымі лідарамі, з іх патрыятызмам? Далучаюцца яны да акцыі?

- Ведаеце, калі ў нас яшчэ, акрамя БНК ёсць іншыя апазіцыйныя лідары, то яны будуць на Кастрычніцкай плошчы. Калі ж акрамя лідараў БНК нікога не будзе, то іншых апазіцыйных лідараў проста няма.

Я яшчэ хачу сказаць, што мне вельмі часта задаюць пытанне: «А што будзе, калі вас прэвентыўна зноў затрымаюць?» Я, безумоўна, пастараюся дайсці да Кастрычніцкай плошчы. Але на гэтае пытанне ўсім хачу адказаць: абавязак мужчыны — абараняць свой дом і краіну. Я што, адзіны мужчына ў краіне? Не веру! Мужчын будзе шмат.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках