10 траўня 2024, Пятніца, 15:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аперацыя пад прыкрыццём «Захад-2017»

57
Аперацыя пад прыкрыццём «Захад-2017»

Вучэнні ў Беларусі - гэта знак пачатку, пункт адліку.

Чужое войска ўваходзіць у Беларусь. Усё амаль прыстойна гэтым разам: баявое братэрства, абарончы звяз. Хіба камусьці невядома, што люты вораг ужо грукае ў нашу браму. А таму мы зноў ў адным акопе. Вядома, саюзнікі. А калі больш дакладна – брат старэйшы і малодшы на паслугах. Разам – страшэнная сіла.

Па рэйках днём і ноччу грукочуць цягнікі. На платформах – танкі, самаходкі, штабныя машыны. Нібы насамрэч вайна ўжо дзесьці недалёка. Вайсковым эшалонам канца не бачна. І ўвесь гэты шалёны вэрхал доўжыцца ўжо ці не болей за паўгода. Колькі войска ўвайшло? Колькі вярнулася ў Расію? Не падобна, каб хтосьці ўсё гэта падлічваў. Або хоць бы выявіў на гэты конт нейкія намеры. А навошта? Загад і кропка.

А на лясной дарозе пад Барысавым ужо затрымалі актывістку Наталлю Гарачку. Спрабавала сустрэцца з сынам, які праходзіць тэрміновую службу і цяпер чакае тут гэтых вучэнняў. Затрымлівалі жанчыну расійскія вайскоўцы. Перадалі потым нейкім тыпам у цывільным. Назваць свае прозвішчы або адказаць на звычайныя у такім выпадку пытанні тыя адмовіліся катэгарычна. Як і варта было чакаць, у выказваннях вайскоўцаў пераважаў расійскі мат. Вучэнні яшчэ не пачаліся, а тупое салдафонства і бязмежжа мацнеюць штохвілінна. Зноў беларусам паспяшаліся нахабна нагадаць пра жыццё пад акупацыяй. Каб ведалі і памяталі, хто прыйшоў і чыя тут насамрэч улада.

Яшчэ ніколі нібыта звычайныя манеўры не выклікалі гэткі інфармацыйны бум. І гэта зусім не выпадкова. Расійскі бок з вялікай цяжкасцю стрымлівае гнеў. Чаму заходняя прэса ўзняла раптам гэткую хвалю з нагоды звычайных і да таго ж запланаваных загаддзя манеўраў? А тут яшчэ далучыліся вядомыя палітыкі. Устрывожыліся вайскоўцы. Камандуючы амерыканскімі войскамі ў Еўропе генерал Бэн Ходжэс заявіў наўпрост пра сапраўдныя намеры тых, хто задумаў тыя адыёзныя манеўры: “Гэта сапраўды траянскі конь. Яны кажуць: мы толькі праводзім звычайныя вучэнні. А потым перакінуць раптам усіх гэтых людзей у зусім іншым накірунку”.

Магчымых накірункаў сёння шмат. Прыбалтыйскія краіны надзвычай занепакоеныя бяспекаю сваіх межаў. Не менш трывог і ў суседзяў з поўдня. Украіна мае ўсе падставы перадыслакацыю пуцінскіх вайскоўцаў не ўспрымаць у якасці пераважна транспартнай праблемы.

Зусім не выпадкова галасы ўстрывожаных суседзяў выклікалі ў правіцеляў крамлёўскіх сапраўдны выбух гневу. Хто толькі там не абураўся неабгрунтаванымі папрокамі і недарэчнымі здагадкамі на гэты конт. Апошнім у тым шэрагу выказаўся генерал Фамін, намеснік міністра абароны Расіі: “Ні адна з гэтых парадаксальных версій не мае нічога супольнага з рэальнасцю, што ўжо не аднойчы пацвярджалася афіцыйнымі асобамі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь”. Сапраўды, жалезны аргумент!

Аднак пакрыўджаны генерал усё ж мае рацыю. Чаго яны прычапіліся да гэтых вельмі сціплых і надзвычай празрыстых вучэнняў? Няма ў іх задуме ніякіх таямніц. І як увогуле можна падазраваць у нейкай няшчырасці перакананых прыхільнікаў трывалага міру і паслядоўных абаронцаў усіх слабых і пакрыўджаных? Хто пусціў чутку наконт магчымага прарыву ва Украіну або верагоднага аншлюсу Беларусі? Паведамлялася ж дакладна: усяго толькі тры тысячы вайскоўцаў з Расіі прымуць удзел у гэтых сумесных вучэннях. Звычайная, па сутнасці, сустрэча саюзнікаў. Выйдуць разам на вядомыя ўсім палігоны. Правядуць потым разбор вайсковых дзеянняў. Перакуляць па келішку, як належыць вайскоўцам. І сыдуць туды, адкуль прыйшлі.

Але як бы ні пераконвалі ў празрыстасці сваіх намераў генералы, істотных пераменаў у настроі суседзяў пакуль што не прадбачыцца. Няма падстаў для аптымізму. Усё тут ахутана туманам, усё патанае ў цемры. Не стасуюцца загаддзя абвешчаныя лічбы. Канцы з канцамі не сыходзяцца. А тут яшчэ вытыркнуся раптам хтосьці са штабістаў і, выяўляючы імпэт неверагодны, прабалбатаўся мімаволі: вучэнні будуць праводзіцца на вялізнай тэрыторыі – ад Кольскай паўвыспы да Калінінградскай вобласці. І сапраўды ў жніўні на ўсёй гэтай прасторы расійскае войска прасоўвалася няўхільна ў заходнім накірунку.

Калісьці правіцель выказаўся на той конт, што Расія ніколі не пакіне Беларусь. Толькі зусім не таму, як ён меркаваў, што расійскія вайскоўцы проста прагнуць нас ад кагосьці там абараніць. Проста наша зямля вельмі спатрэбілася Крамлю ў якасці плацдарма для магчымага прарыву ў Еўропу. А таксама як спрадвечнае поле бою паміж Захадам і Ўсходам.

І крамлёўскае кіраўніцтва даўно ўжо заблытала ў сваіх навязлівых інтрыгах саматужнага генералісімуса. Пуцін амаль перакананы, што спецаперацыя па прымусу гэтага саюзніка да поўнай пакорлівасці тут пройдзе лёгка, без аніякіх нечаканасцяў. І аншлюс, які ўжо амаль ніхто ўсур’ёз не ўспрымае, будзе настолькі асцярожным, што момант паглынання нават не заўважаць. І сапраўды, чаго тут сумнявацца? Адкрытая мяжа. Лаяльная ўлада, гатовая караць сваіх жа грамадзян за самы нязначны супраціў расійскай агрэсіі. А самае галоўнае – хісткі суверэнітэт, які шмат хто з тутэйшай ўлады гатовы здаць за асабістыя выгоды.

Вядома ўсім, што з фінансамі тут вялікія праблемы. Пазычаць рэжыму грошы амаль ніхто ўжо не хоча. А толькі на абслугоўванне знешняга доўгу што ні год патрабуюцца мільярды ў цвёрдай валюце. І раптам Расія, у якой правіцель часам з вялікай цяжкасцю выпрошваў нейкую драбязу для затыкання дзірак, раптам без аніякіх праблем выдае пазыку ў 700 мільёнаў даляраў. З якой нагоды такая неверагодная шчодрасць? Ды ўсё надзвычай проста.

Мінулым летам расійская Дума ратыфікавала дамову аб сумесныай абароне паветранай прасторы Беларусі. А гэта ўжо рэальная магчымасць пранікнення расійскіх войскаў ў нашу краіну. Неба тут ужо не належыць толькі беларусам. Калі больш дакладна, яно цяпер належыць не толькі ім. А хто ж наважыцца абараняць паветраную прастору, калі зямля ўнізе фактычна чужая. Аднак ці варта сумнявацца, што пасля такой дамовы ў хуткім часе паўстане пытанне і аб сумеснай ахоае заходняй мяжы. А там…

З тутэйшым рэжымам усё зразумела. Аднак навошта беларусам гэтая недарэчная дапамога прагных і нахабных зялёных чалавечкаў, якія апанавалі ўсю краіну? Цяжка нават вызначыць, колькі іх атабарылася тут апошнім часам. То яны бронекалонай праімчаць па Брэсту, то ўломяцца ў віцебскі трамвай са зброяй у руках. Чаму ўсе маўчаць зацята? Хіба нізто не ведае, чым можа скончыцца гэткае нашэсце? Камусьці стала больш спакойна жыць пасля таго, як чужынцы адпрацавалі тут атамны ўдар па Варшаве, прарыў ў Сувалкскі калідор або пасадку транспартных самалётаў на шашу паблізу Мінску? Няўжо хтосьці яшчэ ўпэўнены, што гэткія фокусы застануцца без наступстваў?

Сумесныя манеўры – гэта прымітыўная казка для розных лохаў, нашых ды замежных. Што супольнага можа быць у беларусаў з патэнцыйным агрэсарам, на рахунку якога ўжо не адна вайна з суседзямі? Якія б манеўры ні праводзіла тут расійскае войска, гэта ўсё па сутнасці адна вялікая спецаперацыя па аднаўленні былой імперыі. Пасля кожнага візіту гэтых людзей у камуфляжы суверэнітэту ў нашай краіны застаецца ўсё меней. А пра наша войска і гаварыць няма чаго – яно ўпэўнена спаўзае на ўзровен Беларускай вайсковай акругі. Аднак пратэсту супраць відавочнай дэградацыі ніхто пакуль што не выказвае.

А расійскае войска ў гэтыя дні ўпэўнена нарошчвае тут свой патэнцыял. Распаўзаецца па ўсёй краіне. Не якія-небудзь там пачаткоўцы – адборныя часткі, апрабаваныя ў гарачых кропках. Ім добра вядома, з якою мэтаю іх сюды накіравалі. І што хаваецца насамрэч за гэтымі нібыта манеўрамі. І дзікунская гісторыя з затрыманнем маці беларускага салдата агрэсіўнымі чужынцамі ўжо не выглядае толькі пэўным непаразуменнем. Нічога выпадковага. Гэта знак пачатку. Пункт адліку.

Калі б тую карную акцыю правялі мясцовыя, ніхто б асабліва не здзівіўся. Тут схапіць чалавека і асудзіць ні за што – звычайная норма жыцця. Аднак калі на нашай зямлі грамадзянку Беларусі затрымліваюць салдаты чужой краіны, гэта ўжо іншая гісторыя. Такога тут не было з часоў вайны.

Калі чалавека хапаюць недзе ў лесе, на палявой дарозе або ў цэнтры вялікага горада, патрабуюць аўсвайс або аблайваюць расійскім матам, гэта безумоўна вяртанне туды, дзе мы калісьці былі. Зноў гаспадараць тут чужынцы. Акупацыя з захаду, з усходу або нават з Марса ніякіх адрозненняў не мае. Яна выклікае ўсё тую ж безнадзейнасць і агіду. І калі ўжо надыходзіць гэткая часіна, то азначае яна толькі адно: трэба бараніць свой дом, сваю краіну.

І не правароніць момант, пасля якога будзе проста позна.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках