Вучэнні «Захад-2017»: Што на розуме ў Пуціна?
4- 8.09.2017, 11:46
- 18,342
Праграма вучэнняў падобная з праграмай «Захад-2013», пасля якіх Расея акупавала Крым.
У сталіцы Эстоніі, якая цяпер старшынюе ў Радзе ЕЗ, міністры абароны краін-чальцоў Еўразвязу абмяркоўвалі запланаванае стварэнне абароннага саюза, паведамляе аўстрыйскае выданне Kurier (пераклад - inopressa.ru).
Форму даўно абмяркоўваны хаўрус здабывае на фоне няпростых дачыненняў паміж Расеяй і ЕЗ, гаворыцца ў артыкуле. «Перш за ўсё ўсходнееўрапейскія чальцы ЕЗ (...) асцерагаюцца новых спробаў экспансіі з боку Масквы».
«Узмацняюць гэтыя асцярогі і запланаваныя вайсковыя вучэнні, у якіх возьме ўдзел і саюзная Расеі Беларусь (...). Паводле афіцыйных звестак, у вучэннях «Захад-2017» возьмуць удзел да 13 тысяч вайскоўцаў - NATO, аднак, сумняваецца ў дакладнасці заяўленага ліку ўдзельнікаў».
Паводле ацэнак экспэртаў альянсу, у вучэннях могуць быць задзейнічаны да 100 тысяч вайскоўцаў. «Захад-2017» будзе за некалькі месяцаў да чаканага пераабрання Уладзіміра Пуціна найбуйнейшымі вучэннямі з часоў Другой сусветнай вайны», - адзначае аўтар публікацыі.
«NATO зыходзіць з таго, што Расея, наўмысна прыніжаючы колькасць удзельнікаў, жадае абысці абавязацельствы, якія тычацца празрыстасці вучэнняў. У выпадку, калі ў вучэннях бяруць удзел больш за 13 тысячы вайскоўцаў, краіна-чалец АБСЕ абавязаная дапусціць шырокамаштабнае назіранне за манеўрамі». Расея, са свайго боку, называе такую інфармацыю падставай для нарошчвання прысутнасці войскаў NATO ля расейскіх межаў, паказвае выданне.
«Падчас стратэгічных вучэнняў, якія праводзяцца раз на два гады, паводле афіцыйных звестак, прапрацоўваюцца дзеянні па адбіцці нападу з боку Захаду. Аднак многія палітыкі ў суседніх краінах, а таксама прадстаўнікі беларускай апазіцыі сумняваюцца ў не наступальным характары вучэнняў. Падчас гэтых вучэнняў можа, да прыкладу, адпрацоўвацца перакідка войскаў на Захад ці вокамгненная мабілізацыя дзясяткаў тысяч вайскоўцаў», - мяркуе аўтар.
«Праграма цяперашніх вучэнняў, - гаворыцца ў артыкуле, - падобная з праграмай вучэнняў «Захад-2013», пасля якіх праз усяго некалькі месяцаў Расея анэксавала ў 2014 годзе Крым - пры дапамозе адпрацаваных на вучэнні дзеянняў».
На думку міністра замежных спраў Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага, услед за вучэннямі адбудуцца «парушэнні мяжы». «Праціўнікі беларускага ўраду і экспэрты на Захадзе вось ужо некалькі месяцаў выказваюць асцярогі ў сувязі з тым, што расейскія войскі могуць застацца на тэрыторыі Беларусі пасля заканчэння вучэнняў», - гаворыцца ў артыкуле.
Польскі тэлежурналіст Якуб Бернат, які працуе на апазіцыйным беларускім спадарожнікавым тэлеканале, кажа і пра іншую форму залежнасці - пра «каланізацыі» беларускага насельніцтва расейскімі СМІ і ўплыў Крамля.