25 красавiка 2024, Чацвер, 7:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: Мы жывём у надзвычайны час!

45
Юры Хашчавацкі: Мы жывём у надзвычайны час!

Усё павінна пачацца наноў.

Нават калі не верыць у прымету пра тое, што як сустрэнеш Новы год, то так яго правядзеш - усё роўна 1 студзеня застаецца важнай «лініяй водападзелу». Кожны хацеў бы пакінуць за гэтай рысай усё, што турбавала і дакучала ў старым годзе і ўзяць з сабой у новы толькі найлепшае.

Ці магчыма гэта? Ці ёсць нейкая «магія» ў пераходзе ад 31 снежня да 1 студзені? На гэтыя і іншыя пытанні Charter97.org адказвае вядомы беларускі кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі.

- Вы можаце назваць самы яркі і памятны Новы год у сваім жыцці? Чаму менавіта ён стаў такім?

- Цяжка, вядома, абраць. Жыццё вялікае: я нарадзіўся ў 1947 годзе. Але мне здаецца, што самы надзвычайны Новы год быў у 1991-м. Тады было рэальнае пачуццё, што ўсё павінна пачацца наноў. Гэты смак надзеі на пачатак новага жыцця, мабыць, ні з чым не параўнаць.

Новае жыццё тады яшчэ не пачалося, але мы ўжо адчулі новы віток гісторыі, калі разваліўся СССР, калі мы адчулі, што такое свабода.

Да гэтага мы з Аркадзем Рудэрманам у 1989-м выйгралі першы Міжнародны ленінградскі фестываль «Пасланне да чалавека». А потым - усё перакулілася ў добрым сэнсе. Паўстала небывалае адчуванне свабоды, адкрыліся павабныя перспектывы, новыя інструменты і магчымасці для самавыяўлення.

У кіно пачалі ўзнікаць свабодныя студыі - такія, як студыя Ігара Дабралюбава ў Беларусі. З'явілася магчымасць працаваць, дзе хочаш. Я нарэшце перастаў быць прывязаным да аднаго месца і здымаў фільмы ў Менску, Кіеве, Маскве. І той Новы год, мабыць, быў самым памятным, а сам год - самым цікавым і шчаслівым.

- А які навагодні тост вам запомніўся больш за ўсё?

- Каб тое, пра што мы марым сёння, адбылося ў новым годзе. Гэта - самы важны тост. Акрамя падзякі і пажаданняў сваёй сям'і, для чалавека вельмі важна ўмець верыць у тое, што яго мары і жаданні можна ажыццявіць.

- Як творчы чалавек - у чым вы знаходзіце натхненне? І ў чым параіце знаходзіць яго беларусам?

- Натхненне - гэта вельмі цяжкае пытанне. У кожнага яно з'яўляецца па-рознаму. Па-мойму, галоўнае - гэта адчуванне свайго прызначэння: што ты павінен і можаш паспець зрабіць па жыцці.

Важна яшчэ адчуваць нешта такое, што я б назваў «унутраным сумленнем». Калі жывеш па сумленні - пачынае нараджацца натхненне. Гэта ўмова. А крыніца натхнення - гэта само жыццё ва ўсіх яго праявах, радасцях і смутках. Усё роўна ж радасці застаюцца з намі, а смуткі сыходзяць і праз нейкі час разумееш, што яны былі дадзены табе як радасць: для таго, каб здолець іх пераадолець, выжыць і стаць мацнейшым. Менавіта жыццё ва ўсіх яго праявах падганяе нас, падбадзёрвае і надае сілы з, здавалася б, ніадкуль.

Скажу нават больш: натхненне дае пераменнасць і цякучасць жыцця. Нейкія выпадкі, нечаканыя сустрэчы, новыя ідэі і думкі. Мяне заўсёды зачароўвае, калі я думаю пра тое, як змяняецца свет вакол. Хутка рэальнасцю стануць палёты да Марса і іншых планет дзякуючы новым тэхналогіям. Яшчэ 20 гадоў таму я не мог уявіць, што змагу, седзячы дома, ствараць фільмы - а цяпер гэта адбываецца вельмі проста.

Мы жывём у надзвычайна зменлівым свеце - і гэта выдатна. Праз пяць гадоў, думаю, ужо не будзе бензінавых і дызельных рухавікоў. А разам з гэтым адбудуцца і кардынальныя геапалітычныя перамены. І гэта таксама - крыніца натхнення!

Нам усім пашанцавала жыць у эпоху, калі фармуецца зусім новае грамадства: людзі, здольныя развівацца ў любых умовах і рухаць навакольны свет да пераменаў. Прычым з каласальнай хуткасцю! І гэта выдатна. Гэта натхняе. Гэта дае надзею, што закасцянелы ў рэаліях мінулага «беларускі парадак» знікне ў адзін дзень, як разваліўся картачны домік.

- Давайце ўявім, што гэта спраўдзілася: Лукашэнка знік. Вам трэба ўжо сёння, 1 студзеня, звярнуцца да мільёнаў беларусаў. Што б вы ім сказалі?

- Разумееце, гэта вельмі важная і адказная сітуацыя. Справа ў тым, што, акрамя ўласна Аляксандра Лукашэнкі, ёсць яшчэ і «калектыўны Рыгоравіч».

Гэта такі непрыкметны «лукашэнка», які схаваны ўнутры нашага грамадства, унутры практычна кожнага грамадзяніна. І калі згіне першы Рыгоравіч, то, нягледзячы на ўсю радасць гэтай падзеі, другі Рыгоравіч нікуды не дзенецца. Гэты «калектыўны Рыгоравіч» стоіцца ўнутры нас.

І я хачу цяпер вывесці яго на чыстую ваду. Ён хаваецца ў такіх думках, як «мая хата з краю», «за мяне вырашаць», «я не займаюся палітыкай», «я перасяджу», «мне б бабла ссекчы». Гэтыя думкі ў розны час і рознай ступені, я ўпэўнены, наведваюць кожнага беларуса. Гэта і ёсць той самы «калектыўны Рыгоравіч», які можа прывесці да таго, што пры магічным, з боем гадзінніка, як у казцы пра карэту і гарбуз, знікненні першага Рыгоравіча, паўстане другі, трэці і гэтак далей.

Кожны з нас павінен ведаць: трэба выціснуць з сябе, выгнаць «калектыўнага Рыгоравіча» - жыццё да лепшага не зменіцца, што ні загадвай над куфлем шаманскага ў навагоднюю поўнач. У гэтым і ёсць простая «магія» навагодняй ночы: жаданні выконваюцца, калі ім адпавядаеш.

Давайце сёння, 1 студзеня, паглядзім адзін аднаму ў вочы і паабяцаем без страху і ляноты выгнаць з сябе тое, што перашкаджае і нам самім дыхаць на поўныя грудзі, і змяніць усё ў краіне.

Давайце падтрымаем адзін аднаго ў гэтым, навучымся супрацоўнічаць і працаваць разам па нашым ачышчэнні - ва ўсіх сэнсах. Гэта вельмі важна - падтрымліваць адзін аднаго і не замыкацца ў сабе. Таму што, і гэта праверана, як толькі замкнешся ў сабе - табой адразу пачынае кіраваць той самы «калектыўны Рыгоравіч», з якім, як здавалася, ты ўжо справіўся. Выскоквае, як чорцік з табакеркі...

Мы мацнейшыя за гэтага «чорціка» толькі тады, калі не падзеленыя і не думаем толькі пра самае малое.

Вось пра гэта я б і казаў 1 студзеня мільёнам беларусаў.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках