29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя рахункі: Больш за ўсё падаражэе вада

54
Новыя рахункі: Больш за ўсё падаражэе вада

У 2018 годзе насельніцтва будзе кампенсаваць больш за 70% выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

У Беларусі зацверджаны гранічныя тарыфы на ўсе паслугі ЖКГ. Адпаведны Указ №473 «Аб устанаўленні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2018 год» дзейнічае з 1 студзеня, піша «ВГ».

Згодна з дакументам, больш за ўсё падаражэюць вада і сцёкі: у сярэднім новы тарыф у паўтара раза вышэйшы - 0,8053 і 0,6191 рубля адпаведна (было 0,5748 і 0,3838).

Больш давядзецца плаціць і за электрычнасць. Для жыхароў кватэр з электраплітой устаноўлены тарыф 0,1218 рубля, з газавай - 0,1433 рубля за 1 кВт*г. Наступныя 150 кВт*г будуць каштаваць даражэй на траціну - 0,1583 і 0,1863 рубля адпаведна. Астатняе мы аплачваем паводле тарыфу на поўную кампенсацыю (ён паніжаны з 0,19 да 0,1841 рубля). Таксама вырастуць кошты прыроднага газу.

Затое самая дарагая паслуга - ацяпленне - даражэць не будзе (тарыф ранейшы - 16,9259 рубля за 1 Гкал). У той жа час за цяпло ў пустых кватэрах ці там, дзе зарэгістраванае прадпрыемства, уладальнікі (або арандатары) заплацяць менш - тарыф на поўную кампенсацыю знізілі з 91,18 да 81,42 рубля.

Акрамя таго, плануецца дыферэнцыраваць тарыфы на вываз смецця: калі ў доме смеццеправод не завараны, давядзецца плаціць больш.

Паднімуцца тарыфы на тэхабслугоўванне дома і ліфта, перагледжаныя сумы кампенсацыі выдаткаў на асвятленне і прыборку ў пад'ездах, электраэнэргію для руху ліфта.

- Гэта гранічна дапушчальныя тарыфы - вышэй іх налічваць нельга. Для Гародні яны могуць быць і меншымі. Канчатковыя кошты паслуг ЖКГ пакуль не зацверджаныя. За снежань жыхары будуць плаціць яшчэ паводле старых тарыфаў. Паводле новых заплацяць ужо ў лютым, - распавялі ў КУП для надання паслуг «Адзіны інфармацыйны разлікова-касавы цэнтр».

Падлік «ВГ»

Мы наважылі падлічыць, наколькі больш заплаціць сям'я з трох чалавек, якая пражывае ў трохпакаёвай кватэры плошчай 60 кв. м з газавай плітой, калі гранічныя тарыфы зацвердзяць, як яны ёсць. Выкажам здагадку, выдаткавалі 12 кубаметраў вады, 120 кВт*г электраэнэргіі і 15 кубоў газу. Атрымліваецца, што паводле цяперашніх тарыфаў сям'я заплаціць прыкладна 85 рублёў, паводле новых - на 10 рублёў (прыкладна на 5 даляраў) даражэй - блізу 95 рублёў.

Дарэчы

Колькі будзем кампенсаваць за паслугі ЖКГ

Плануецца, што у 2018 годзе насельніцтва будзе кампенсаваць больш за 70% выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі, у большасці ЖКП (тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў, ліфтаў, вада, каналізацыя, вываз смецця) з улікам зніжэння іх сабекошту - 100%.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках