24 красавiка 2024, Серада, 5:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіроўца міліцэйскага «УАЗа», які пратараніў маршрутку: «Я паўгода ездзіў з няспраўным спідометрам»

16
Кіроўца міліцэйскага «УАЗа», які пратараніў маршрутку: «Я паўгода ездзіў з няспраўным спідометрам»
ФОТА: НЕТЫПОВЫ ВІЦЕБСК

У выніку аварыі трое дарослых і дзіця патрапілі ў шпіталь.

У Віцебску судзяць кіроўцу міліцэйскага «УАЗа», які ў красавіку мінулага года рэзнуўся ў маршрутнае таксі. Мікрааўтобус ад удару лёг на бок, каб дастаць пасажыраў, давялося выламаць люк. Тады траўмы атрымалі чатыры чалавекі, у тым ліку адное дзіця.

Справа разглядаецца ў выязным пасяджэнні суда. У Першамайскім РАУС Віцебска сабраліся вайскоўцы ўнутраных войскаў - у асноўным тыя, каму даводзіцца мець справу з тэхнікай, піша kp.by.

Абвінавачаны - 23-гадовы кіроўца Андрэй Волах. На момант аварыі ён служыў паводле кантракту ва ўнутраных войсках. З моманту ўкладання кантракта не прайшло і месяца. Да гэтага Андрэй праходзіў ва ўнутраных войсках тэрміновую службу. Таксама кіроўцам. На тым жа «УАЗе». Маладога чалавека абвінавачваюць паводле ч 2 арт 464 КК РБ - у парушэнні правілаў кіравання спецыяльным аўтамабілем, што пацягнула прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў аднаму чалавеку і менш цяжкіх - траім. Віну Волах прызнае цалкам. Максімальнае пакаранне, якое ён можа атрымаць, - пяць гадоў пазбаўлення волі.

КІРОЎЦА ПРЫЗНАЎ ВІНУ, АЛЕ НЕ МОЖА ЎСПОМНІЦЬ, ЦІ ЎКЛЮЧАЎ ЁН СІРЭНУ ПЕРАД СКРЫЖАВАННЕМ
ФОТА: СЯРГЕЙ СЕРАБРО

- Мы атрымалі праз рацыю сігнал, што патрабуецца тэрміновая дапамога пешаму патрулю, - распавядае Андрэй. - Спачатку гэты выклік прыняў іншы экіпаж, але потым высветлілася, што яны не змогуць прыбыць туды хутка, мы прынялі выклік і паехалі. У чым там была справа, я не ведаю, але калі гаворка ідзе пра «тэрміновую дапамогу», значыць, сапраўды ехаць трэба неадкладна.

Паводле звестак экспертызы, міліцэйскі УАЗ нёсся з хуткасцю 89,1 км/г. Андрэй Волах называе іншыя лічбы - «здаецца, блізу сямідзесяці».

- Стрэлка скакала ад 60 да 80, - тлумачыць ён. - Яна наогул увесь час скакала, спідометр хібіў ужо некалькі месяцаў. Я казаў некалькі разоў, што не магу разабраць, што ён паказвае. Не, не пісаў. Проста вусна начальству казаў.

Волах ніяк не можа ўспомніць, ці ўключаў ён гукавы сігнал, калі пад'язджаў да злашчаснага скрыжавання, ці гук адключыўся самаадвольна. Паводле яго сцвярджэння, ён зразумеў, што ляцеў праз скрыжаванне без сірэны толькі пасля таго, як паглядзеў відэа з месца аварыі.

НА ПАСЯДЖЭННЕ СУДА ПРЫВЯЛІ ВАЙСКОЎЦАЎ, У АБАВЯЗКІ ЯКІХ УВАХОДЗІЦЬ КІРАВАННЕ І АБСЛУГОЎВАННЕ ТЭХНІКІ
ФОТА: СЯРГЕЙ СЕРАБРО

Са слоў адваката пацярпелых, яны будуць заяўляць пазовы аб кампенсацыі шкоды. Андрэй Волах пакуль нічога нікому не спрабаваў кампенсаваць. Наведаў пацярпелых у лякарні, але пагаварыць удалося толькі з адной жанчынай, астатнія не захацелі з ім камунікаваць.

- Яна сказала: «Я хачу табе дараваць, але пакуль не атрымліваецца...», - уздыхае Андрэй.

Праз тры дні пасля аварыі ў Андрэя нарадзілася дачка. Цяпер з Узброеных сіл яго звольнілі, ён працуе кіроўцам на птушкафабрыцы. За некалькі месяцаў, якія прайшлі з моманту аварыі, на асабістым аўто некалькі разоў трапляўся на парушэнні ПДР - перавышаў хуткасць, ездзіў без тэхагляду...

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках