20 красавiка 2024, Субота, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як ашуканцы падманваюць беларусаў падчас куплі праз інтэрнэт

18
Як ашуканцы падманваюць беларусаў падчас куплі праз інтэрнэт

Апошнім часам усё больш людзей купляюць тавары ў сеціве.

Так выгадней, зручней і часу выдаткоўваецца менш. Аднак кожная з'ява непазбежна мае цёмны бок. Перад Новым годам сеткавыя форумы літаральна мільгалі водгукамі аб несумленных прадаўцах, піша «Вечерний Брест».

Збольшага алгарытм адзін і той жа: тавар тандэтны, сумнеўны прадавец, звязаны з сэрвісным цэнтрам, які рэалізуе яму гарантыйныя талоны і анулюе гарантыю пры першым жа звароце. У варунках, калі ўсю адказнасць за якасць абслугоўвання (згодна з дэкрэтам № 7) усклалі на бізнэс, пакупнік сам мае быць напагатове, калі не хоча застацца падманутым.

Выпадак 1

Адной з ахвяр махляроў стаў надоечы Улад Філіпаў, лідар вядомага рок-гурта «Слайды». Наўрад музыка меркаваў, што дарагі набытак у інтэрнэт-краме з беларускім даменам абернецца для яго сур'ёзнай праблемай. Наважыўшы змяніць свой тэлефон, ён стаў шукаць у сеціве найлепшую адпаведнасць кошту і якасці. Урэшце замовіў новы iPhone5 на сайце ProdazhaiPhone.by за 400 з лішкам рублёў. Атрымаўшы свой мабільнік ад кіроўцы маршруткі, Улад управіў сваю SIM-картку і паспрабаваў актываваць тэлефон. Тут і высветлілася, што апарат ужо даўно актываваны, гарантыя на яго скончылася, а батарэя ў ім высільваецца пасля пяці кароткіх тэлефанаванняў. Такі варыянт музыку, вядомая рэч, не задаволіў, аднак вярнуць тавар ён ужо не змог. Кіроўца маршруткі чэк Уладзіславу не выдаў. У скрынцы замест чэка быў толькі гарантыйны талон з дрэнна чытэльнай пячаткай нейкага ТАА «ПятьДЖ».

Улад звязаўся з прадаўцом, які безапеляцыйна адказаў: новы тэлефон, мяняць не будзем. Тады музыка звярнуўся ў суд. Як высветлілася падчас расследавання, фірма «ПятьДЖ» не прадавец. Яна толькі раздае распаўсюднікам свае гарантыйныя талоны. І ніякай адказнасці не нясе. Кола замкнулася. Прадавец, з якім звязваўся Улад, вымкнуў свой тэлефон і зліквідаваў сайт. Суд высветліў, што яго старонка наогул не з'яўлялася легальнай інтэрнэт-крамай, а была зарэгістраваная на падстаўную асобу.

Выпадак 2

А вось яшчэ адна гісторыя, берасцейца Валерыя А. Увосень ён замовіў на сайце shopgsm.by iPhone з убудаванай памяццю 64 гігабайты. Кошт - 310 рублёў плюс 12 за дастаўку. Праблемы ўзніклі ўжо падчас сустрэчы з кур'ерам. Валерый заплаціў яму 340 рублёў (30 - за дастаўку). Чэк яму не выдалі. Перавозчык сказаў, што ўсе дакументы ўнутры. Адчыняць скрынку на дварэ Валерый не стаў. Ужо дома выявіў у пасылцы тэлефон з маркай iPhone, блок сілкавання, слухаўкі і сэрвісную картку са штампам «інтэрнэт-крама». У пакунку знаходзіўся таксама празрысты чахол, упаковачны матэрыял. Але не было пашпарта на выраб, дамовы пастаўкі, таварна-транспартных пасведчанняў, касавых чэкаў і сертыфікатаў адпаведнасці. У выніку замест заяўленых 64 гігабайтаў убудаванай памяці ў тэлефоне кампутар паказаў 8. А ад гэтага ж параметру шмат у чым залежыць кошт апарата. Слухаўкі і гучнамоўнік працавалі адначасова, прычым гучная сувязь па прылучэнні гарнітуры не вымыкалася. Валерый запатрабаваў у прадаўца забраць тавар. Аднак яго спачатку абвінавацілі ў тым, што ён нібыта ўтапіў тэлефон у ванне, спрабавалі накіраваць яго ў нейкі сэрвісны цэнтр для выдачы высноў. Вярнулі грошы толькі пасля таго, як пакупнік звярнуўся ў праваахоўныя органы.

Цікава, што сайт shopgsm.by працуе дагэтуль. На першай жа старонцы ў вочы адразу кінуліся тайваньскія копіі iPhone з прапановай выбраць колер, магутнасць, убудаваную памяць. З цікаўнасці я выбраў а апарат 64 гігабайты, дакладна такі ж, як даслалі Валерыю. Каштуе ён 260 рублёў. Засталося толькі націснуць кнопку «замовіць».

Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў? Патрабуйце касавы чэк і правярайце акцызную марку!

Сваімі рэкамендацыямі з нашымі чытачамі падзялілася Ірына Маркава, старшыня абласной арганізацыі ГА «Таварыства абароны спажыўцоў»:

Паводле закону спажывец мае права атрымаць у поўным аб'ёме дакладную інфармацыю аб тавары, прадаўцы, імпарцёры і вытворцы. Усе інтэрнэт-крамы павінны быць зарэгістраваныя ў Гандлёвым рэестры, які знаходзіцца на сайце МАРГ. Прадавец таксама абавязаны падаць дакументы, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку тавару, на патрабаванне пакупца.

Перш чым здзейсніць куплю ў сеціве, трэба азнаёміцца з усёй інфармацыяй, якую падаў прадавец на сайце сваёй інтэрнэт-крамы. Пераканацца, што ён працуе шчыра і сумленна. Для гэтага хоць бы вывучыць водгукі, змешчаныя на форумах, аб яго працы. Атрымліваючы тавар, трэба запатрабаваць, каб вам прадэманстравалі яго працаздольнасць, калі гаворка ідзе аб тэхнічнай прыладзе. І не прымайце ніякія адгаворкі, напрыклад, што кур’ер спяшаецца. Варта ўважліва агледзець звонку вырабы, спраўдзіць наяўнасць акцызнай маркі на пачку, бо яе адсутнасць сведчыць пра тое, што тэлефон або быў ва ўжытку, альбо «шэры».

Абавязкова патрабуйце касавы чэк, які прадавец абавязаны выдаць пакупніку. Акрамя таго, падчас куплі прадавец запаўняе гарантыйны талон устаноўленай вытворцам формы. Калі ж усё-такі тавар выявіўся няякасным, то пры правільных паводзінах пакупніка падчас набыцця яму будзе прасцей аднавіць сваё права на якасць і бяспеку як у дасудовым парадку, так і ў судзе. Праблем з развязаннем праблемы праз суд няма. Магчыма, давядзецца доўга чакаць вынікаў незалежнай экспэртызы. Але яе высновы ў такіх выпадках на 90 % будуць на карысць спажыўца.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках