25 красавiка 2024, Чацвер, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чэхія: Ці пераможа «сябар Крамля» ў другім туры?

13
Чэхія: Ці пераможа «сябар Крамля» ў другім туры?
ФОТА: GETTY IMAGESs

Мілаш Зэман цалкам можа саступіць у другім туры лібералу і еўрааптымісту Іржы Драгашу.

Яшчэ нядаўна здавалася, што палітычная будучыня прэзідэнта Чэхіі Мілаша Зэмана гарантаваная і ён лёгка пераможа. Але да студзеньскіх выбараў выявілася, што Зэман цалкам можа саступіць у другім туры лібералу і еўрааптымісту Іржы Драгашу, піша ВВС.

У суботу скончыўся першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Чэхіі. 73-гадовы Мілаш Зэман заняў першае месца сярод дзевяці кандыдатаў, набраўшы 39% пасля падліку амаль усіх галасоў. У ягонага галоўнага апанента Іржы Драгаша - 26,3%.

Прыход выбаршчыкаў у першым туры склаў 63%.

У другім жа туры, як сцвярджаюць сацыёлагі, шанцы Зэмана і былога прэзідэнта Акадэміі навук, 68-гадовага Іржы Драгаша прыкладна роўныя, а некаторыя апытанні прадказваюць перамогу Драгаша. Другі тур пройдзе праз два тыдні пасля першага.

У расейскамоўнай інфармацыйнай прасторы ў апошнія гады даволі шмат пісалі і казалі пра Зэмана, бо гэты аматар эпатажу - адзін з вельмі нямногіх высокапастаўленых еўрапейскіх палітыкаў, якія кажуць прыемныя для Масквы рэчы.

Фото: Getty Images

Зэман неаднаразова выказваўся за скасаванне санкцый супраць Расеі, у тым ліку зусім нядаўна - у лістападзе, падчас візіту ў Маскву.

Перад гэтым, у кастрычніку 2017-га, прэзідэнт Чэхіі падчас выступу на Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, назваў анэксію Крыма Расеяй «адбытым фактам» і прапанаваў спагнаць з Расеі ў карысць Украіны якую-небудзь кампенсацыю за паўвостраў.

Адразу пасля брытанскага рэферэндуму аб чаленстве ў Еўразвязе Зэман прапанаваў правесці рэферэндум аб чаленстве Чэхіі і ў ЕЗ, і ў NATO. Праўда, пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што сам ён - за тое, каб Чэхія заставалася ў абедзвюх арганізацыях.

Адначасова Зэман крытыкаваў Брусэль за палітыку ў галіне іміграцыі і, хоць у Чэхіі амаль зусім няма блізкаўсходніх і афрыканскіх імігрантаў, гэта падабаецца вялікай часткі электарату.

«У некаторай часткі чэшскіх выбаршчыкаў алергія на ідэю квот на прыём уцекачоў і таму такія патрабаванні Брусэля, і тое, што Зэман выступае супраць гэтага, - гэта для іх плюс, і яны будуць галасаваць за яго менавіта праз гэта», - адзначае дацэнт кафедры паліталогіі Карлавага ўніверсітэта ў Празе Эміль Сулейманаў.

Журналіст газеты Hospodarske Noviny, былы карэспандэнт у Маскве Ондржэй Соўкуп мяркуе, што напраўду для Зэмана тэматыка Еўразвязу і стасункаў з Расеяй - толькі інструмент у палітыцы.

«Замежнапалітычная тэма - толькі частка кампаніі, і не самая важная. Зэман мэтанакіравана падзяляе грамадства на сваіх прыхільнікаў і ворагаў, [...] у гэтым ключы ён выкарыстоўвае і замежнапалітычныя тэмы. Калі яго абралі, ён загадаў на Градзе павесіць сцяг ЕЗ і казаў, што трэба хутчэй прыняць еўра, бо ягоны папярэднік быў еўраскептыкам. Але ягоныя выбаршчыкі - таксама, і таму Зэман цяпер кажа пра ідыётаў з Брусэля. Стаўленне да ЕЗ і NATO важнае толькі для часткі праціўнікаў Зэмана. Сам прэзідэнт выкарыстоўвае яго хутчэй для тролінгу», - мяркуе Соўкуп.

Большасць чэхаў, як кажа Сулейманаў, мяркуюць, што іх краіна павінна быць часткай Захаду, Еўразвязу і NATO. Гэта - выбаршчыкі Іржы Драгаша.

«Мы павінны актыўна ўдзельнічаць у еўрапейскай палітыцы. Нашы стасункі з іншымі краінамі ЕЗ даюць нам магчымасці, аб якіх раней мы маглі толькі марыць», - гаворыцца ў перадвыбарчым маніфесце Драгаша.

Фото: Getty Images

Што тычыцца санкцый у дачыненні да Расеі, то Драгаш - за іх захаванне.

«Санкцыі супраць Расеі былі ўведзеныя пасля таго, як яна груба парушыла Будапешцкія пагадненні 1994 года, якія гарантавалі тэрытарыяльную цэласнасць Украіны [...] З майго пункту гледжання, падставы для санкцый захоўваюцца», - сказаў Драгаш у тэлеінтэрв'ю напярэдадні Новага года.

«Мяне турбуе найбліжэйшае асяроддзе прэзідэнта, якое відавочна цягне Чэшскую Рэспубліку туды, куды я асабіста не хачу. Цягнуць на ўсход, у бок пуцінскай Расеі, у бок Кітая», - сказаў Драгаш ужо сёлета ў інтэрв'ю выданню Actualne.cz.

Арыентацыя прэзідэнта на Захад ці Усход, ягоны светапогляд могуць быць важныя для чэшскіх выбаршчыкаў, але вонкавым назіральнікам важна памятаць, што прэзідэнт у парламенцкай рэспубліцы, якой з'яўляецца Чэхія, - у вялікай ступені цырыманіяльная фігура і не фармуе наўпрост ні ўнутранай, ні замежнай палітыкі.

Калі прадказанні сацыёлагаў слушныя і ў другі тур выйдуць Зэман і Драгаш, то на вынік гэтага фіналу могуць моцна паўплываць грамадзяне, якія дагэтуль не вызначыліся. Іх, паводле звестак апытанняў, даволі шмат - ад 10 да 26%.

«Усё будзе залежаць ад прыходу. Пакуль шанцы прыблізна роўныя. Калі шчыра, то я чакаю нейкага скандалу паміж турамі. Паглядзім, ці спрацуе», - кажа Ондржэй Соўкуп.

Эміль Сулейманаў мяркуе, што на другі тур «частка насельніцтва мабілізуецца, бо Зэман і ягоныя прарасейскія, пракітайскія пазіцыі для іх абсалютна непрымальныя».

Зрэшты, прыйсці галасаваць у другім туры могуць і схаваныя да тых часоў прыхільнікі Зэмана.

Акрамя Мілаша Зэмана і Іржы Драгаша, на пасаду прэзідэнта Чэхіі прэтэндуюць яшчэ сем чалавек. Найбольш прыкметныя з іх - дзеяч мастацтва Міхал Хорачак і былы прэм'ер-міністр Мірэк Тапаланэк. Ні таму, ні іншаму сацыёлагі не абяцаюць выхаду ў фінал, але і не выключаюць яго цалкам - усё праз тую ж вялікую масу тых, хто не вызначыўся.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках