23 красавiка 2024, aўторак, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масква - Вашынгтон: пунктаў судакранання амаль няма

4
Масква - Вашынгтон: пунктаў судакранання амаль няма

А рознагалоссяў паміж Расеяй і ЗША - хоць адбаўляй.

У Масквы і Вашынгтона няма агульных поглядаў практычна ў аніводнай з найважнейшых тэм міжнароднага парадку. Такая выснова напрошваецца паводле вынікаў прэс-канферэнцыі замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова, у якой ён падвёў своеасаблівую рысу пад вынікамі замежнапалітычнай дзейнасці Расеі за мінулы год, піша Віктар Уладзіміраў для «Голасу Амерыкі».

Напрыклад, Лаўроў раскрытыкаваў «дэструктыўную» пазіцыю ЗША аб іранскай ядзернай праграме, сірыйскім і паўночнакарэйскім крызісах, асудзіў перанос амерыканскай амбасады ў Ерусалім і кампанію ў «дэманізацыі» Расеі. Адзінае, мабыць, выключэнне склала праблема Нагорнага Карабаха, аб урэгуляванні якой, паводле ацэнкі міністра, падыходы ЗША і РФ падобныя.

Таксама кіраўнік расейскага МЗС вельмі своеасабліва сфармуляваў стаўленне Масквы да Кіева: «Мы прадаўжаем паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў тых межах, якія склаліся пасля рэферэндуму ў Крыме і пасля ўз'яднання Крыма з Расейскай Федэрацыяй».

Са слоў Сяргея Лаўрова, тэма Украіна штучна падаграваецца і «робіцца значна больш маштабнай, чым яна таго заслугоўвае і разглядаецца як асялок супрацьстаяння паміж Расеяй і Захадам». Ён уважае такі падыход за «памылковы, абсалютна палітызаваны».

Нагадаем, ні Украіна, ні ЕЗ, ні ЗША не прызналі вынікаў галасавання на рэферэндуме аб статусе Крыма, які прайшоў у сакавіку 2014 года. Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію паўвострава незаконным і асудзілі дзеянні Расеі. Краіны Захаду ўвялі шэраг эканамічных антырасейскіх санкцый, наступствы якіх неспрыяльна адбіваюцца на эканоміцы краіны.

Аб выніках замежнапалітычнай дзейнасці Крамля Расейская служба «Голаса Амерыкі» паразмаўляла з маскоўскімі экспэртамі.

Расейска-амерыканскія стасункі за Трампам сталі горшымі, чым за Абамам, мяркуе дырэктар Інстытута ЗША і Канады, прафесар Валерый Гарбузаў. На ягоную думку, прычына гэтага палягае не ў тым, хто з'яўляецца гаспадаром Белага дома, а ў тым, што і Абама ў апошні год свайго прэзідэнцтва, і Трамп сталі закладнікамі «аб'ектыўнай сітуацыі».

«Яна склалася з розных падзей, апагеем якіх стаў украінскі крызіс, і гэта нікуды не дзелася, - дадаў ён. - Асноўныя фактары, якія сапсавалі стасункі Расеі з ЗША ў 2014 годзе, перавандравалі і ў 2018-ы. Былі надзеі, што прыход новага прэзідэнта нешта зменіць у станоўчы бок. Але, як выявілася, такі суб'ектыўны фактар, як змена кіраўніка адміністрацыі не стаў вызначальным».

Са слоў Валерыя Гарбузава, сапсаваць стасункі паміж краінамі лёгка, асабліва калі не думаеш аб наступствах, а аднаўляць іх значна складаней, бо адразу паўстае пытанне, праз што яны ўласна сапсаваліся? На ягоны погляд, тэндэнцыя на пагаршэнне ўзаемастасункаў набыла доўгачасовы характар.

«Таму што ў апошнія гады ў ЗША створаны цэлы масіў нарматыўных актаў, дакументаў, якія замацоўваюць палітыку стрымлівання Расеі, - канстатаваў ён. - А палітыка стрымлівання грунтуецца на дзвюх спіралях - санкцыйнай і канфрантацыйнай, якія ўвесь час раскручваюцца. Пакуль што гэтыя дзве спружыны, як мне здаецца, і вызначаюць негатыўны парадак дня ў нашых двухбаковых стасунках. Вядома, з такой позвай далёка не з'едзеш».

Разам з тым прафесар прызнаў, што, фактычна, «пытанне ўпіраецца ва Украіну, а яшчэ больш канкрэтна - у Данбас і Крым»: «ЗША тут займаюць вельмі цвёрдую пазіцыю і мяркуюць, што палітыка Масквы можа быць радыкальна змененая. Не выпадкова яны ставяць у залежнасць свае замежнапалітычныя паводзіны ад замежнапалітычных паводзін Расеі на гэтым кірунку. А з другога боку, Расея, як цяпер гэта бачыцца, не збіраецца мяняць свайго курсу. Таму наўрад ці варта чакаць, што тут адбудуцца нейкія зрухі».

У той жа час дырэктар Інстытута ЗША і Канады не выключыў і далейшага пагаршэння стасункаў паміж Масквой і Вашынгтонам.

«Досвед паказвае, што заўсёды можа быць горш. Толькі разважлівасць з абодвух бакоў можа выратаваць ад самых дрэнных варыянтаў і сцэнароў развіцця падзей. З іншага боку, калі краіны падыходзяць да краю прорвы, тады надыходзіць прасвятленне. Таму ў гэтым плане цяперашняя сітуацыя магла б стаць новым пунктам для перагляду пазіцый. Але гэта пакуль чыста тэарэтычныя развагі», - абагульніў ён.

Самае сумнае, што немагчыма назваць нават некалькі дэталяў, якія б казалі пра тое, што расейска-амерыканскія дачыненні выраўноўваюцца і ўваходзяць у рэалістычнае рэчышча, рэзюмаваў Валерый Гарбузаў.

У сваю чаргу, паводле ацэнкі чальца палітычнага камітэта партыі «Яблык» Сяргея Мітрохіна, заявы Сяргея Лаўрова выглядаюць як прызнанне «поўнай некампетэнтнасці самага МЗС і ўсяго замежнапалітычнага курсу Расеі». Таму што менавіта з абраннем Трампа Масква звязвала ні на чым не заснаваныя мары аб новай якасці стасункаў з ЗША, растлумачыў ён.

«Для ўсіх больш цвярозых назіральнікаў падчас выбарчай кампаніі ў ЗША было відавочна, што Дональд Трамп - абсалютна непрадказальная асоба, ад якой не варта чакаць ніякіх прэферэнцый з пункту гледжання дачыненняў з Расеяй, хутчэй наадварот, - заўважыў палітык. - Ужо тады было зразумела, што і рыторыка Трампа, і ягоная ментальнасць не прадказваюць нармалізацыі стасункаў. Палітыка Абамы ў гэтым сэнсе здавалася больш зразумелай і паслядоўнай, што дазваляла з ім нармальна працаваць, нягледзячы на ягоны крытычны настрой. Таму Лаўроў распісаўся ва ўласнай недзеяздольнасці».

Як уяўляецца чальцу паліткамітэта партыі «Яблык», Масква думала, што яе агрэсіўныя дзеянні на міжнароднай арэне асуджаюцца толькі праз тое, што ў ЗША кіруюць дэмакраты, а з прыходам да ўлады кансерватараў усё зменіцца.

«Але гэта інфантыльныя меркаванні, - сцвярджае ён. - Ёсць пэўны замежнапалітычны курс, які праводзіць дзяржава па-за залежнасцю ад таго, які прэзідэнт ёю кіруе. Ёсць рэчы, якія падлягаюць безумоўнаму асуджэнню. Напрыклад, гэта анэксія Крыма і гібрыдная вайна ва Украіне. Гэта не можа спадабацца ЗША ні пры якім раскладзе».

Безумоўна, да гэтага прывяла палітыка Пуціна, перакананы Сяргей Мітрохін: «Тут ніхто не павінен памыляцца. І няма ніякіх сумневаў, што гэта палітыка тупіковая. Яна накіраваная выключна на самазахаванне Пуціна ва ўладзе шляхам стварэння вобразу вонкавага ворага шляхам культывавання псіхалогіі абложанай цытадэлі ў краіне. Расеі гэты курс абяцае катастрафічныя наступствы. Таму што ён вядзе да міжнароднай ізаляцыі».

З пункту гледжання прадстаўніка партыі «Яблык», у варунках глабалізацыі, калі кааперацыя становіцца найважнейшым фактарам развіцця ўсякай краіны, такая палітыка самагубная для дзяржавы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках