25 красавiка 2024, Чацвер, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці змогуць беларусы далей карміць расейцаў і паіць малаком кітайцаў?

11
Ці змогуць беларусы далей карміць расейцаў і паіць малаком кітайцаў?

У сельскагаспадарчым экспарце пазначылася дзіўная тэндэнцыя.

17 новых рынкаў для беларускай сельгаспрадукцыі з'явілася за мінулы год. Сярод іх Бахрэйн, Інданезія, Емен, Малайзія, Манголія, Непал, Новая Зеландыя, Аман, Егіпет, Мадагаскар, Аўстрыя, Фінляндыя. Мінсельгасхарч радасна даў справаздачу аб праведзенай працы, заявіўшы, што за 2017 год Беларусь экспартавала прадукцыі на 2,4 млрд даляраў, што на 4,6% вышэй за ўзровень 2016 года, піша zautra.by.

А вось экспэрты чамусьці не спяшаюцца радавацца поспехам сельскагаспадарчага экспарту.

Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што такая вялікая колькасць новых рынкаў у рэальных лічбах мала ўплывае на экспартныя паказчыкі.

- Як бы там ні было, усё адно 90% нашай сельгаспрадукцыі ідзе ў Расею. А на гэтыя новыя краіны, якіх быццам бы і шмат, прыпадае зусім крыху. Гэта дробязь, якая ніяк не паўплывае на агульную карціну. Нават у Кітай, куды істотна вырас экспарт малочнай прадукцыі, у лічбах атрымліваюцца зусім нязначныя паказчыкі. Да таго ж у Кітаі кошты на малочную прадукцыю ніжэйшыя, чым у іншых краінах. Нашыя перспектывы нарасціць туды экспарт наогул нічога не дадуць.

Між тым эканаміст канстатуе, што аб'ём экспарту ў мінулым годзе сапраўды вырас. Аднак прычынай таму сталі не намаганні беларускіх уладаў у пошуку новых рынкаў, а рост сусветных коштаў сельгаспрадукцыі.

- Гэты рост быў істотны. Напрыклад, у ЕЗ у першым паўгоддзі аптовыя кошты масла выраслі на 75%, - адзначае экспэрт. - А вось рост разнастайнасці экспарту зусім неістотны. Ён не робіць пагоды. Так, гэта прыгожа гучыць, што і Непал, і Кітай ды іншыя. Але ўсё адно асноўную ролю тут адыгрывае Расея. А там, як вядома, перспектывы ў нас дрэнныя. Расея выцясняе нас, бо самая актыўна развівае сельскую гаспадарку.

Пастаўкі беларускай сельгаспрадукцыі ў фізічных адзінках у Расею знізіліся. І, са слоў экспэрта, далей лепш не будзе.

- Да таго ж трэба разумець, што ў нас пры вытворчасці сельгаспрадукцыі нізкая прадукцыйнасць, - адзначае Леанід Злотнікаў. - Калі ўзяць звесткі за 2016 год, то рэнтабельнасць сельскагаспадарчай вытворчасці складае прыкладна 1,5%. Нам пашанцавала: у 2017 годзе кошты павысіліся і адпаведна вырасла рэнтабельнасць. Але так было толькі да лістапада, а цяпер яны зноў сталі зніжацца. Так што такіх добрых умоў ужо не будзе. А гэта значыць, што прыбыткі будуць маленечкія ад усяго вялізнага аб'ёму экспарту.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках