16 красавiка 2024, aўторак, 10:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-7 нявыкананых абяцанняў чыноўнікаў за мінулы год

12
Топ-7 нявыкананых абяцанняў чыноўнікаў за мінулы год

Пра некаторыя свае абяцанні чыноўнікі даўно забыліся.

«Салідарнасць» напісала пра важныя абяцанні чыноўнікаў, выкананне якіх планавалася на 2017 год.

Праезд у грамадскім транспарце не падаражэе

У пачатку 2017-га ў міністэрстве транспарту і камунікацый паведамілі, што падаражэння кошту праезду ў грамадскім транспарце да канца года не плануецца.

Аднак, у Менску з 1 лістапада падаражэў праезд на грамадскім транспарце - на 5 капеек за талон або жэтон.

Аўто General Motors, вырабленыя ў Беларусі, да 2017-га на траціну стануць айчыннымі

Гэту адважную заяву зрабіў у 2014 годзе Міхаіл Мясніковіч падчас знаходжання ў Нью-Ёрку. Паведамлялася, што ўрад Беларусі і «Джэнерал Мотарс» узгаднілі ўсе моманты для вытворчасці легкавых аўто GM.

Рэальнасць такая, што летась пра гэта ўжо ніхто і не ўспамінаў.

Беларусь запусціць у космас новы спадарожнік

У 2015-м старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў абвясціў: калі ўсё будзе добра, касмічны апарат БКА-2 запусцяць у космас у 2017 годзе.

Але ў 2017-м паведамілі: БКА-2 плануецца запусціць з Усходняга касмадрома (Расея) у 2019-м.

Закончыць мадэрнізацыю «Нафтана» і Мазырскага НПЗ

У пачатку 2016 года віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка пераконваў: мадэрнізацыя «Нафтану» скончыцца да канца года, а Мазырскага НПЗ - у 2017-м. Пытанне мадэрнізацыі НПЗ знаходзілася на асабістым кантролі чыноўніка, штабы з ягоным удзелам праводзіліся на прадпрыемствах штомесяц.

Але? Летам мінулага года кіраўнік «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка паведаміў: мадэрнізацыю беларускіх НПЗ скончаць у 2019 годзе.

Нацыянальны стадыён здадуць у эксплуатацыю

У снежні 2015 года міністр спорту Аляксандр Шамко заявіў: «Нацыянальны стадыён у Менску будзе здадзены ў эксплуатацыю ў канцы 2017 года. Дакладна. Вы можаце ў мяне спытаць гэта яшчэ пяць разоў, і я пяць разоў адкажу, што гэта дакладна. Я адказны за будаўніцтва гэтага стадыёна».

У красавіку 2016 года Лукашэнка сказаў: «Беларусь ужо з наступнага года будзе ў стане правесці ўсякае мерапрыемства ў лёгкай атлетыцы. Мы спецыяльна мадэрнізуем наш нацыянальны стадыён, цэнтральны стадыён менавіта пад лёгкую атлетыку, а не пад футбол».

Аднак у верасні 2017-га Аляксандр Шамко паведаміў: стадыён «Дынама» адкрыецца пасля рэканструкцыі ў сярэдзіне 2018 года.

Пабудуюць завод гідрамеханічных перадач

Паводле падпісанага ўказу Лукашэнкі №157 завод гідрамеханічных перадач павінны былі пабудаваць да 2017 года. Але ў жніўні мінулага года дыктатар падпісаў новы дакумент. Згодна з ім новае прадпрыемства маюць намер узвесці пад Менскам да 2021 года.

Запуск футбольнага тэлеканала

У Беларускай федэрацыі футбола летуцелі аб запуску футбольнага тэлеканала.

У пачатку мінулага года паведамілі, што канал будзе запушчаны да лета. Аднак затым высветлілася, што кіраўнікі БТ супраць. Пасля зацяжной барацьбы кіраўнік БФФ Сяргей Румас канстатаваў: «На жаль, чыноўнікі вызначылі, што футбольны канал беларусам не патрэбны – ёсць «Беларусь 5». І не важна, што бюджэтных грошай там не планавалася - канал ствараўся на сродкі АБФФ і «Сетанты». Важна - што захацелі зайсці на іх палову поля, стварыць канкурэнцыю за гледача».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках