25 красавiка 2024, Чацвер, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў асудзілі за «перформанс» у Асьвенціме

Беларусаў асудзілі за «перформанс» у Асьвенціме

17 студзеня раённы суд польскага гораду Асьвенцім агучыў прысуд удзельнікам пэрформансу каля музэю Аўшвіц-Біркенаў.

Адам Бяляцкі асуджаны да 1 году 6 месяцаў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым ў зьнявазе месца памяці і забойстве жывёлы. Ён таксама мусіць заплаціць штраф у памеры 2 000 злотых (каля 630 даляраў ЗША). Яму забаронена мець жывёлаў на працягу 10 гадоў, паведамляе «Радыё Свабода».

Мікіта Валадзько асуджаны да 1 году 2 месяцаў зьняволеньня. Яму таксама забаронена мець жывёлаў на працягу 10 гадоў.

Іншым абвінавачаным прысудзілі штрафы ў памеры 10 тысяч злотых і абмежаваньня волі тэрмінам 1 год.

Судзьдзя заявіла, што асуджаныя перад чынам разумелі, што ім за гэта пагражае, тым ня менш пайшлі «на такі ўчынак». «Яны зьняважылі месца памяці, палітае крывёю сотняў тысячаў людзей», - казала судзьдзя

24 сакавіка 2017 году разьдзетыя дагала маладыя людзі завесілі лёзунг «Arbeit Macht Frei» расьцяжкай з надпісам «Love». Яны спрабавалі прыкаваць сябе адзін да аднаго кайданкамі. Падчас акцыі два ўдзельнікі-беларусы зарэзалі ягня.

Мікіта Валадзько раней патлумачыў Радыё Свабода, што акцыя была задуманая як «антываенная», а забойства ягняці мела «сымбалічнае» значэньне.

Яшчэ адзін удзельнік акцыі Зьміцер Чарткоў распавёў, што іншыя ўдзельнікі нічога ня ведалі пра забойства ягняці. Паводле Зьмітра Чарткова, плянавалася акцыя супраць ваенных канфліктаў і праліцьця крыві.

«Аўшвіц — гэта самая вялікая трагедыя ХХ стагодзьдзя, месца, дзе была забітая вялікая колькасьць людзей. Гэта страшэнная трагедыя для ўсяго грамадзтва, што мы такое дапусьцілі, — кажа ён. — А мы зараз бачым, што мала робіцца для таго, каб стрымаць ваенныя канфлікты. Мы супраць ваенных канфліктаў, якія адбываюцца ва Ўкраіне, у Сырыі».

Суд над удзельнікамі акцыі «Love Macht Frei», сярод якіх чацьвёра беларусаў, палякі, грамадзянін Нямеччыны і асоба з двайным грамадзянствам, ад жніўня 2017 году ідзе ў раённым судзе Асьвенціму. 8 сьнежня падсудныя выступілі з апошнім словам.

Для шараговых удзельнікаў пракурор прасіў 1 год 4 месяцы зьняволеньня кожнаму (пакараньне можа быць адбытае ў выглядзе 32 гадзін сацыяльнай працы на месяц). Беларусам Мікіту Валадзько і Адаму Бяляцкаму, якіх сьледзтва лічыць арганізатарамі акцыі, пракурор прасіў пакараньне 2 гады 2 месяцы і 2 гады 6 месяцаў зьняволеньня адпаведна.

Адам Бяляцкі — сын вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках