23 красавiка 2024, aўторак, 15:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што хаваюць за парканам менскай «Рублёўкі»?

113
Што хаваюць за парканам менскай «Рублёўкі»?

Такія дамы ў Беларусі могуць мець тры катэгорыі людзей.

Журналістам з дапамогай робата са сваёй нагі ўдалося зняць элітную забудову ў раёне Цнянскага вадасховішча. Драздам, дзе значная частка дамоў будавалася ў пачатку 2000-х, такі размах і не сніўся. Тэрыторыя новага «Забароненага горада» абгароджаная, на ўездзе ўсталяваны шлагбаум, ёсць ахова - наогул, староннім уваход забаронены.

Узнікае простае пытанне: хто жыве на менскай «Рублёўцы» і чаму такая сакрэтнасць?

Пра гэта сайт Charter97.org спытаў у кіраўніка аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леаніда Заікі і вядомага менскага блогера Яўгена Ліпковіча:

- Я чуў, што там жывуць два генералы, «дэпутаты» і чалавек з адміністрацыі Лукашэнкі. Тое, што жыхары элітнага паселішча адгарадзіліся шлагбаумам і аховай азначае, што яны баяцца «дармаедаў». Перажываюць за сваю маёмасць, - мяркуе Яўген Ліпковіч.

Леанід Заіка думае, што такую нерухомасць у Беларусі можа мець толькі тры катэгорыі людзей:

- Перш за ўсё - гэта прадстаўнікі наменклатуры. Рэч у тым, што ў такіх месцах надзелы не распрадаюцца налева і направа, а цішком размяркоўваюцца. Тыя, хто быў бліжэй да ўлады - бралі сабе па два надзелы. Адзін прадасць, а на другім будуе дом і жыве.

Другая катэгорыя людзей – бізнэсоўцы пад прыкрыццём, якія займаюцца незразумела чым. Іх імёны на слыху і ўсім выдатна вядомыя.

Трэцяя катэгорыя - чыноўнікі ўсіх рангаў і масцяў.

Ведаеце, вельмі цікавай практыкай для нас стала б публікацыя не дэкларацый пра даходы, а дэкларацый пра выдаткі. Была б цікавая нагода для разважанняў і публікацый у СМІ. Людзі павінны ведаць, на што нашы чыноўнікі грошы выдаткоўваюць.

Яшчэ адзін парадокс - гэта кошты, якімі прадаюцца дамы такога кшталту. На некаторыя камяніцы кошты даходзяць да $1 мільёна.

- Вы называеце проста касмічныя сумы. Дзе ж у Беларусі можна зарабіць такія грошы? Заробкі ў беларусаў упалі да 100-300 даляраў, дапамога з прычыны беспрацоўі - 12 даляраў...

- Гэта не праблема. Гандаль калійнымі ўгнаеннямі, гандаль нафтапрадуктамі. Карацей кажучы - наменклатурны бізнэс для абранай групы людзей. Іх не так шмат, і яны ўсе адзін аднаго ведаюць.

Што да гэтай нерухомасці, як спецыяліст, я б не сказаў, што гэта добрае ўкладанне грошай. Людзі абсалютна не сочаць за рынкам нерухомасці. Навошта купляць у Беларусі дом за мільёны даляраў, калі можна купіць добры дом у Гішпаніі за $300 тысяч і грэць спінку на Канарах?

Тое, як яны сябе паводзяць - гэта паводзіны местачковых, дурных, сялянскіх мільянераў. Гэтакія беларускія Карэйкі: грошы зарабілі, а выдаткоўваць не ўмеюць. Дастаткова дурныя, дастаткова прымітыўныя. Дзе накраў - там і асталяваўся са сваімі сямейнікамі.

Падвох у тым, што ўсё гэта дабро вельмі складана прадаць. Кошты на нерухомасць далей падаюць як на беларускім, так і на сусветным рынку.

Да мяне адзін раз падышоў уладальнік такога дома ў банку і кажа: я пабудаваў дом за $400 тысяч, а не магу прадаць за $200 тысяч.

Глядзіш на такіх людзей з жалем. І наогул, як паказвае практыка, Беларусь - не найлепшае месца для бізнэсу. Сёння ты на кані - а заўтра ў казённым доме.

- Відавочнае каласальнае расслаенне грамадства. Калі ў Еўропе ёсць сярэдні клас, які складае аснову грамадства, то ў Беларусі ёсць жыхары Драздоў і ўсе астатнія жабракі.

- Гэта тыповая з'ява для капіталізму «гаіцянскага» тыпу. У краіне сфармавалася праслойка мясцовых «фінтыфлюхтэраў». Зусім бясталентных, якія нават не ведаюць замежных моў. Чаму яны не купляюць нерухомасць за мяжой? Таму што яны там нікому не патрэбныя. Такі «драздовец» нават не зможа сказаць I'd like to be a garbage man (я хацеў бы працаваць прыбіральшчыкам смецця - заўв.). А на большае яны там разлічваць не могуць.

Гэта вясковая эліта, якая па-дурному ўклала свае грошы. Даўно пара зразумець, што галоўныя рэсурс - гэта не дамы, не кватэры, галоўны рэсурс - чалавечы капітал і інтэлект. Яны гэтага не разумеюць і не зразумеюць, бо іх гістарычная місія даўно закончылася, перакананы Леанід Заіка.

Напісаць каментар 113

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках